Вы тут

Падрабязны агляд рынку працы


Наколькі складана сёння знайсці работу? Якіх спецыялістаў не хапае наймальнікам? Ці не ствараюцца новыя працоўныя месцы проста «для галачкі»? І калі, нарэшце, павысіцца дапамога па беспрацоўі? У гэтым артыкуле мы пастараліся адказаць на самыя актуальныя пытанні аб занятасці.


Напружанасць зніжаецца

У параўнанні з мінулым годам намеціліся пазітыўныя тэндэнцыі.

— Больш за ўсё нас абнадзейвае тое, што расце попыт на працоўную сілу і адпаведна зніжаецца напружанасць на рынку. Калі летась наймальнікі заяўлялі ў сярэднім 34 тысячы вакансій у месяц, то сёння гэта ўжо 50 тысяч. Год таму на адно свабоднае месца прэтэндавала 1,3 беспрацоўнага, цяпер жа — 0,6, — адзначае начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег ТОКУН.

Скарачаецца і сярэдні перыяд пошуку работы. Разам з гэтым у службу занятасці стала звяртацца больш людзей па садзейнічанне. На працягу пяці месяцаў гэтага года з яе дапамогай было працаўладкавана 66,6 тысячы чалавек, у той час як за аналагічны перыяд мінулага года — 54 тысячы. Адзначаецца больш актыўная пазіцыя грамадзян у пытаннях перанавучання. За студзень — чэрвень новую прафесію атрымалі 5,3 тысячы чалавек (леташні паказчык за такі ж час на чвэрць меншы).

— Чаму, нягледзячы на рост вакансій, у службы занятасці сталі звяртацца часцей?

— Пасля даручэння Прэзідэнта працаўладкаваць усіх, хто хоча, якое было дадзена ў сакавіку, актывізаваліся органы ўлады на месцах. Людзі паверылі, што ім могуць дапамагчы. І тыя, хто раней не звяртаўся і шукаў работу сам, вырашылі прыйсці да нас. Гэта добра, — лічыць прадстаўнік міністэрства.

Спецыялісты органаў працаўладкавання сталі больш цесна супрацоўнічаць з наймальнікамі. У адпаведнасці з новым Законам аб занятасці кожнае прадпрыемства абавязана паведаміць у службу занятасці пра вакансію на працягу пяці дзён з моманту яе з'яўлення. Гэта прыносіць карысць і наймальніку (ён хутчэй знойдзе работніка), і дзяржаўным службам: яны эфектыўней змогуць працаўладкаваць грамадзян, якія звярнуліся да іх.

Праблемны раён — Маладзечанскі

Узровень беспрацоўя сёння складае 0,8 працэнта ад эканамічна актыўнага насельніцтва. У большасці раёнаў ён не перавышае 1,5 працэнта, сітуацыя з работай у асноўным выраўнялася. Толькі ў адным раёне краіны, Маладзечанскім, гэты паказчык складае 1,9 працэнта. Такая праблема была ў Маладзечне і летась, і пазалетась.

— У свой час гэта быў сур'ёзны прамысловы раён, але за апошнія гады частку прадпрыемстваў ліквідавалі, частка скараціла персанал зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці, — кажа Алег Токун. — І, на жаль, пакуль там не ствараецца дастатковая колькасць працоўных месцаў, якая б пакрыла ўсе патрэбы.

З пачатку года змяншаецца вымушаная няпоўная занятасць і колькасць дзённых і зменных прастояў па віне наймальніка. У студзені — маі ў такім рэжыме працавала амаль 112 тысяч чалавек — гэта 3,7 працэнта ад спісачнай колькасці работнікаў (у асноўным у прамысловасці і будаўніцтве). У параўнанні з папярэднім годам паказчык знізіўся амаль у два разы: у студзені — маі 2016-га
на няпоўнай занятасці знаходзілася 209 тысяч беларусаў, ці 6,8 працэнта ад усіх работнікаў. Заўважана і штомесячнае змяншэнне колькасці людзей, якія знаходзіцца ў вымушаных водпусках.

Лічбы рынку працы

Два месяцы ў сярэднім ідзе ў беларусаў на пошук работы. Хутчэй за ўсіх новае месца знаходзіць моладзь — за 1,6 месяца.

29 працэнтаў з ліку беспрацоўных — тыя, хто не працуе доўгі час.

13 працэнтаў беспрацоўных маюць дыплом універсітэта. Пераважная ж колькасць тых, хто не мае працы, — з агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй.

Патрэба ў медперсанале — пяць тысяч работнікаў

Якія спецыялісты цяпер запатрабаваны? Трэба сказаць, апошнія гады попыт асабліва не змяняецца. Неабходны ўрачы, сярэдні медыцынскі персанал: у краіне не хапае 2,5 тысячы дактароў і тры тысячы медсясцёр. Шмат прапаноў для кіроўцаў аўтамабіляў, прадаўцоў, прыбіральшчыкаў памяшканняў. 56 працэнтаў усіх вакансій — па рабочых прафесіях. Калі кажам пра сельскую мясцовасць, то там традыцыйна запатрабаваны заатэхнікі, ветэрынары, жывёлаводы, трактарысты.

Па абласцях попыт крыху адрозніваецца. На Гомельшчыне і ў Мінску больш за ўсё прапаноў для медыцынскіх сясцёр. У топ-5 запатрабаваных сталічных прафесій і пасад увайшлі таксама кухар і дырэктар. У Мінскай вобласці на першым месцы па неабходнасці кіроўцы, у Віцебскай, Магілёўскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях — урачы. На Гомельшчыне і Віцебшчыне, акрамя гэтага, адчуваецца недахоп аператараў машыннага даення.

Па прагнозах урада, у наступныя гады на беларускім рынку будзе адбывацца пераразмеркаванне працоўнай сілы паміж галінамі. Чакаецца, што колькасць работнікаў скароціцца ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. У дзяржпраграме аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва да 2020 года тлумачыцца, што гэта ў многім абумоўлена мадэрнізацыяй вытворчасці, укараненнем рэсурсазберагальных тэхналогій, ростам вытворчасці працы і скарачэннем залішняй занятасці (сёння яна ацэньваецца як пяць працэнтаў ад спісачнай колькасці работнікаў). А змяншэнне ўзроўню занятасці ў гаспадарцы звязваюць са скарачэннем колькасці насельніцтва ў сельскай мясцовасці.

Што да нядаўна створаных працоўных месцаў, то за першы квартал на такія вакансіі было ўладкавана 15,7 тысячы чалавек (амаль на пяць працэнтаў больш, чым устаноўлена заданнем). Усяго за гэты год плануюць увесці новыя месцы для 70 тысяч работнікаў. Адметна, што на створаных вакансіях сярэднямесячны заробак склаў 957 рублёў, што ў 1,3 раза больш, чым па краіне ў цэлым. А выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг на аднаго супрацоўніка, задзейнічанага на новым месцы, склала ў студзені — сакавіку 33,3 тысячы рублёў, у той час калі ў сярэднім па эканоміцы гэты паказчык — 22,9 тысячы.

Але ўжо некалькі месяцаў запар колькасць звольненых перавышае колькасць прынятых на работу. У маі, напрыклад, было ўладкавана 48,2 тысячы чалавек, а звольнена 62,6 тысячы.

— Чаму захоўваецца такая тэндэнцыя, нягледзячы на рост прапаноў на рынку?

— Адны прадпрыемствы ствараюцца, іншыя ліквідуюцца — пастаянны рух. Людзі, магчыма, незадаволены тымі месцамі, якія ёсць, шукаюць іншыя, — разважае Алег Токун. — І безумоўна, важнае значэнне тут мае дэмаграфічны фактар. Працэнтаў на 80 сітуацыя абумоўлена ім. Мы знаходзімся ў тым перыядзе, калі больш людзей выходзіць на пенсію, чым прыходзіць на рынак працы.

Што будзе з дапамогай?

Важнае пытанне сёння — падтрымка людзей, якія засталіся без работы. Зразумела, што дапамога па беспрацоўі ў тым выглядзе, у якім яна цяпер ёсць (а гэта максімум 46 рублёў у месяц), сваю задачу не выконвае. Чакалася, што да прыняцця страхавання ад беспрацоўя дапамогу павысяць да памеру пражытковага мінімуму — 183 рублёў. Але ў выніку ад гэтага варыянта адмовіліся.

Цяпер усе сілы скіраваны на распрацоўку страхавых прынцыпаў. Пакуль не вырашана, як будзе фарміравацца страхавы фонд: за чый кошт, у якіх памерах. Але дапамога будзе дастаткова высокай — у межах ад 50 да 70 працэнтаў ад сярэдняга заробку работніка. Па прагнозах, страхаванне ад беспрацоўя ўвядуць у краіне не раней за 2019 год.

У тэму

Тамара КРАСОЎСКАЯ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па працы і сацыяльных пытаннях:

— Пры садзейнічанні працаўладкаванню на ўжо адкрытыя вакансіі павінен быць індывідуальны падыход. Асабліва гэта датычыцца людзей, які не могуць канкурыраваць на роўных. Мы мадэрнізуем вытворчасць, уводзім новыя тэхналогіі на прадпрыемствах — там патрабуюцца высокакваліфікаваныя спецыялісты. А што рабіць астатнім?

Трэба, каб мясцовыя органы ўлады вывучалі запатрабаваныя прафесіі на рынку і арганізоўвалі па іх перанавучанне. Калі, напрыклад, на заводзе чакаецца аптымізацыя, можна аператыўна адпраўляць работнікаў на перападрыхтоўку.

Важна весці інфармацыйную работу, тлумачыць людзям усе гарантыі, арыентаваць на здзяйсненне легальнай дзейнасці.

Мне хацелася б, каб дзяржаўная праграма па садзейнічанні занятасці штогод карэкціравалася ў частцы выдзялення бюджэту на месцах. Павінна быць больш грошай, каб мерапрыемствы па працаўладкаванні мелі эфектыўныя вынікі. У цэлым у нас добрая праграма. Галоўнае — забяспечыць яе рэалізацыю.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА, Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: На дзесяць вакансій — шэсць прэтэндэнтаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Ці прынята ў нас дарыць «мільён алых руж» каханай?

Грамадства

Чым прыцягвае чытачоў часопіс «Алеся»?

Чым прыцягвае чытачоў часопіс «Алеся»?

Размова з галоўным рэдактарам Ларысай Ракоўскай.

Грамадства

Анатомія мезальянсу. Чаму няроўныя шлюбы былі, ёсць, будуць?

Анатомія мезальянсу. Чаму няроўныя шлюбы былі, ёсць, будуць?

Любоўных гісторый, якія прыцягваюць павышаную ўвагу грамадства, нямала.

У свеце

Каменданцкія часы. Чым падаграецца глабальная пратэсная хваля?

Каменданцкія часы. Чым падаграецца глабальная пратэсная хваля?

Людзі стаміліся ад лакдаўну і беспрацоўя і выходзяць на пратэсты, а надзея перамагчы пандэмію ўсеагульнай вакцынацыяй, падобна, растае на вачах: прэпараты па-ранейшаму недаступныя ўсім ахвотным і ў найбліжэйшы час сітуацыя наўрад ці зменіцца.