Вы тут

Якія таямніцы хаваюць бамбасховішчы


Адно з вялікіх бамбасховішчаў у Мінску знаходзіцца на тэрыторыі трамвайнага парка па вуліцы Батанічнай. Сярод іншага, яно мае і багатую гісторыю. Яго пачалі ўзводзіць яшчэ ў савецкія часы. Але грымнулі 90-я, грошай не стала, і будоўлю давялося закансерваваць на некалькі гадоў. У рэшце рэшт у 2005 годзе бамбасховішча ўсё ж запрацавала. Парк зрабіў у ім сучасны рамонт і цяпер выкарыстоўвае для заняткаў з супрацоўнікамі. Карэспандэнт «Звязды» спусціўся ў сутарэнне, каб даведацца, як выглядае знутры гэты важны аб'ект, які, дасць бог, ніколі ў жыцці не спатрэбіцца, але які павінен быць заўсёды падрыхтаваны да надзвычайных сітуацый.


Як у Жуля Верна

— Рыхтуйцеся да зацяжнога спуску, — папярэджвае вядучы інжынер па грамадзянскай абароне і надзвычайных сітуацыях філіяла «Трамвайны парк» ДП «Мінсктранс» Віктар Сінкевіч.

Пад зямлю вядуць некалькі дзясяткаў прыступак, падзеленых на маршы. Тунэль нечакана паварочвае на 90 градусаў улева. Масіўныя герметычныя жалезныя дзверы адкрываюцца з дапамогай ключа і паваротнага механізма. За імі — шлюз. Гэтаксама працуюць і другія дзверы, за якімі і знаходзіцца само сховішча.

— Такі тамбур патрэбны на выпадак хімічнай аварыі, — кажа Віктар Сінкевіч. — Калі людзі, якія знаходзяцца ў памяшканні, вырашаць выйсці на двор, яны спярша мусяць упэўніцца, што з паветрам «за бортам» усё добра. А для гэтага неабходна зрабіць замеры. Зачыніўшы за сабой адны дзверы, чалавек перашкаджае таму, каб падчас гэтай працэдуры атручанае паветра пранікла ўнутр сховішча.

А ўнутры сховішча ўяўляе сабой, на першы погляд, вялікі школьны вучэбны клас. На сценах развешаны плакаты, прысвечаныя тэме грамадзянскай абароны. У «галаве» памяшкання — карта Беларусі, радыёапаратура. Ззаду стаяць лаўкі і двухмесны двух'ярусны ложак. А побач з імі частка памяшкання абгароджана белай шырмай — там прадугледжаны медыцынскі пункт... У памяшканні халаднавата — тэмпература тут складае роўна 15 градусаў.

— На тэмпературу ўвагу не звяртайце, — заўважае Віктар Сінкевіч. — Арыентуйцеся на гігрометр. Самае галоўнае — гэта вільготнасць, якая ўплывае на стан і работу механізмаў... Тут у нас можа размясціцца 250 чалавек. Зусім нядаўна, 25 мая, мы праводзілі камандна-штабное і тактыка-спецыяльнае вучэнне. Да таго ж у нас працуе і спецыяльная група, якая абслугоўвае сховішча. У яе лік уваходзяць прадстаўнікі розных прафесій, сярод якіх ёсць электрыкі і сантэхнікі. Як кажуць, порах варта трымаць сухім...

Але схаваць людзей пад некалькімі метрамі бетону мала. Трэба яшчэ паклапаціцца і аб тым, каб працяглы час — да двух сутак — яны там змаглі знаходзіцца...

Гэтая постаць сустракае ўсіх, хто спускаецца ў бамбасховішча.

— Мы з вамі знаходзімся ў фільтравальна-вентыляцыйнай камеры, — працягвае экскурсію Віктар Сінкевіч. — Заўважце, што акрамя электрапрывадаў, разлічаных на падачу паветра, тут ёсць і ручныя механізмы на выпадак перабояў. Паветра «са двара» праходзіць праз спецыяльную ёмістасць. У сховішчы прадугледжана і магчымасць поўнай рэгенерацыі паветра з дапамогай спецыяльных патронаў. Нешта падобнае апісваў яшчэ Жуль Верн. А цяпер гэта — рэальнасць.

Насупраць камеры — гаспадарчае памяшканне. Там знаходзяцца стэлажы з ёмістасцямі для ежы, кухонны інвентар. Адведзена месца і пад запас прадуктаў. І, канешне ж, назапашаны бінты, медыкаменты. Устаноўлены і вялізныя ёмістасці з вадой.

«Бяспечныя раёны», сховішчы, метро...

— З цягам часу падыходы да грамадзянскай абароны мяняліся, — расказвае намеснік начальніка аддзела арганізацыйнага забеспячэння Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны МНС Беларусі Аляксандр РЫБАК. — Цяпер найбольш эфектыўным спосабам лічыцца эвакуацыя. Яна скіравана на часовае адсяленне людзей, перамяшчэнне ў бяспечнае месца матэрыяльных і гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Таму, акрамя збудаванняў грамадзянскай абароны, у Мінску створаны так званыя бяспечныя раёны. Гэта тэрыторыя, якая не трапляе ў зону магчымай небяспекі — скажам, разбурэнняў, затапленняў, хімічнага або радыяцыйнага забруджвання. Выканаўчыя і распарадчыя органы могуць часова размяшчаць людзей у грамадскіх і адміністрацыйных будынках вялікай умяшчальнасці. Гэта санаторыі, гасцініцы, школы, пансіянаты...

Вядучы інжынер па грамадзянскай абароне і надзвычайных сітуацыях філіяла «Трамвайны парк» ДП «Мінсктранс» Віктар Сінкевіч і намеснік начальніка аддзела арганізацыйнага забеспячэння Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны МНС Беларусі Аляксандр Рыбак.

Напрыклад, у Ізраілі грамадзянская абарона выведзена на агульнадзяржаўны ўзровень. А тэматычныя вучэнні ахопліваюць усё насельніцтва краіны. Усе школы, дзіцячыя садкі, жылыя дамы абавязкова будуюцца са спецыяльным абарончым пакоем. І таму шанц таго, што людзі пацерпяць у выпадку надзвычайнай сітуацыі, тут мінімальны.

А што ж у сталіцы? У Мінску цяпер налічваецца каля тысячы збудаванняў грамадзянскай абароны. Яны размешчаны як на прадпрыемствах, так і ў жылым сектары. Большая частка з іх была ўзведзена ў 50—60-я гады. Збудаванні прызначаны для таго, каб схаваць людзей не толькі ў асобы перыяд, але і ад прыродных ды тэхнагенных надзвычайных сітуацый. Акрамя таго, для магчымага ўкрыцця ў Мінску можна выкарыстоўваць больш за 2500 падвальных памяшканняў. Не варта спісваць з рахунку і 29 станцый сталічнага метрапалітэна. Хоць ён у нас і не такі глыбокі, як у Маскве ці Санкт-Пецярбургу, але ад небяспекі ўсё ж уратуе.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Да двух сутак пад зямлёй

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.