Вы тут

Інтэрнэт-пасылкі стануць цяжэйшыя, а ліміты павысяць?


Інтэрнэт за апошнія пяць гадоў добра размыў межы для гандлю па ўсім свеце. Калі ў 2012 годзе сусветны тавараабарот электроннай камерцыі складаў крыху больш за 1 трлн долараў, то ў 2019 годзе чакаецца павелічэнне гэтай лічбы да 3,6 трлн і больш, удзельная вага анлайн-продажаў у аб'ёме ўсяго сусветнага рознічнага гандлю праз два гады павінна скласці каля 13%. Тавары найбуйнейшых гандлёвых інтэрнэт-пляцовак кшталту еbау, аlіехрrеss, аlіbаbа, аmаzоn, tаоbао практычна бязмежна адпраўляюцца па ўсім свеце, што прымушае дзяржорганы задумацца аб абароне ад дэмпінгу і іншых пагроз. Разам з тым у нашай краіне ўжо зараз разглядаецца магчымасць паслаблення палажэнняў Указа №40, які летась лімітаваў атрыманне пасылак з замежжа.


З 264 да 2400 еўра ў год?

Цяпер у мытным камітэце краіны разглядаюцца варыянты ўніфікацыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе бяспошлінных лімітаў на міжнародныя паштовыя адпраўленні з-за мяжы. Пакуль гаворка ідзе пра тое, каб прыйсці да адзінага абмежавання ў 200 еўра. У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) не супраць гэтай прапановы. Па словах начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Віялеты Бразоўскай, у міністэрстве прапануюць павялічыць кошт пасылак да 200 еўра і 31 кг у месяц у сукупнасці. Пры гэтым адна пасылка не павінна перавышаць у суме 22 еўра і 10 кг. Гэты праект знаходзіцца на стадыі ўзгаднення.

Раней на працягу аднаго месяца без выплаты мытных пошлін з-за мяжы можна было атрымліваць пасылкі з таварамі на суму ў 200 еўра і вагой у 31 кг. Летась агульны кошт тавараў ужо не павінен быў перавышаць 22 еўра, а агульная вага — 10 кг. Калі ліміт па кошце за месяц перавышаны, то неабходна заплаціць пошліну ў 30% ад перавышэння сумы. Акрамя таго, за кожную такую пасылку спаганяецца мытны збор у памеры пяць еўра. За кожны кілаграм звыш ліміту спаганяецца пошліна ў чатыры еўра. Пошліны за перабор па вазе і за перавышэнне кошту адначасова не выплачваюцца — выбіраецца больш вялікая па суме.

Падатковая свабода для інтэрнэт-гандляроў

«Плюшкі» ад МАРГ на гэтым не сканчаюцца. Беларускі інтэрнэт-бізнес таксама чакае выгадная перспектыва. Міністэрства прапануе адмяніць забарону на прымяненне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання для інтэрнэт-крамаў. Па словах Віялеты Бразоўскай, падрыхтаваны шырокамаштабны пакет дакументаў па лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу. Прапанова па адмене забароны на прымяненне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання для інтэрнэт-крамаў зроблена з улікам таго, што палова інтэрнэт-крамаў належыць індывідуальным прадпрымальнікам. А спрошчаная сістэма падаткаабкладання найбольш зручная менавіта для «іпэшнікаў».

Дарэчы, па стане на 1 ліпеня ў Беларусі зарэгістравана больш за 15 тысяч інтэрнэт-крамаў, з іх 51% належыць індывідуальным прадпрымальнікам. Найбольшая частка з іх зарэгістраваная ў Мінску і Мінскай вобласці. За апошнія пяць гадоў колькасць анлайн-гандляроў вырасла больш чым у 3,5 раза.

Як адзначыла Віялета Бразоўская, у Беларусі павялічваюцца і аб'ёмы продажу праз сеціва. З 2010 па 2016 гады тавараабарот інтэрнэт-гандлю вырас у 25,8 раза. У 2010 годзе доля электроннай камерцыі ў рознічным тавараабароце складала 0,5%, а ўжо на пачатку 2017-га — 2,8%. Цалкам кансерватыўнымі застаюцца пакупкі беларусаў, якія сваім перавагам не здраджваюць. У 80% выпадках яны купляюць электрапрыборы, дэталі, трыкатажныя вырабы, парфумерыю, касметыку, верхняе адзенне.

Віялета Бразоўская таксама адзначыла, што айчынныя вытворцы сталі больш актыўна карыстацца інтэрнэт-прасторай і ствараць свае інтэрнэт-крамы. «Акрамя таго, выкарыстоўваюцца рэсурсы інтэрнэт-крамы «Белпошты». На іх сайце прадстаўлена больш за 217 айчынных вытворцаў, а летась пакупнікі зрабілі больш за 45 тысяч заявак», — растлумачыла начальнік упраўлення МАРГ.

Сярод асноўных кірункаў развіцця інтэрнэт-гандлю ў Беларусі сёлета Віялета Бразоўская назвала далейшае адкрыццё інтэрнэт-крамаў, у тым ліку айчынных вытворцаў, узмацненне ролі дзяржавы ў ахове правоў спажыўцоў, развіццё рэгіянальнай лагістыкі, паскарэнне і патанненне дастаўкі, павелічэнне долі пакупак праз мабільныя сэрвісы, планшэты, развіццё інтэрнэт-крамаў у сімбіёзе з інтэрнэт-пляцоўкамі.

Спіс парушальнікаў

У краіне працуюць над тым, каб размясціць інфармацыю аб нядобрасумленных інтэрнэт-крамах на спецыяльным рэсурсе. Па словах выканаўчага дырэктара асацыяцыі кампаній інфармацыйных тэхналогій (АКІТ) Дзмітрыя Ананьева, яго канцэпцыя распрацоўваецца ўжо зараз. Стваральнікі ставяць мэтай зменшыць рызыкі для пакупнікоў пры ўзаемадзеянні з інтэрнэт-крамамі.

«На шматлікіх інтэрнэт-пляцоўках можна ўбачыць, як правіла, толькі станоўчыя водгукі. У беларускім рэсурсе будуць сабраныя інтэрнэт-крамы, якія парушаюць заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў, гандлю, прадпрымальніцкай дзейнасці, падатковае заканадаўства. Там таксама будуць рэкамендацыі для спажыўцоў, меркаванне экспертаў у форме пытанняў-адказаў», — растлумачыў Дзмітрый Ананьеў. Канцэпцыя рэсурсу будзе абмеркавана з МАРГ і Міністэрствам па падатках і зборах.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Анлайн-гандаль без меж

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».