Вы тут

Гамяльчанін з лёгкасцю цягне аўтамабіль зубамі


Думаеце, для таго каб стаць моцным чалавекам, неабходна штодня хадзіць у трэнажорную залу і гадзінамі цягаць «жалеза»? «Зусім неабавязкова!» — сцвярджае 27-гадовы гамяльчанін Дзмітрый Дудараў і з лёгкасцю цягне аўтамабіль пры дапамозе адных толькі... зубоў. Яны сталі «рабочым інструментам» для хлопца выпадкова, а яго шлях да такога экзатычнага занятку быў даволі доўгі. Па адукацыі Дзіма харэограф, скончыў Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага. Некалькі гадоў як малады спецыяліст працаваў у школе.


Хто зможа так паўтарыць?

— Тады вельмі не хапала творчасці, уласных выступленняў, бо яны заўсёды былі неад'емнай часткай майго жыцця, — успамінае хлопец. — Якраз у той час я трапіў у цырк, убачыў там нумар гімнаста на рамянях і... больш не мог спакойна жыць! Так моцна мне захацелася і самому аказацца ў паветры.

Засвойваць новы жанр мастацтва Дзіму давялося самастойна: побач проста не было чалавека, які мог бы расказаць і паказаць, што ды як неабходна рабіць. Яго першыя гімнастычныя заняткі на рамянях праходзілі ноччу на турніках у школьным двары.

— Спачатку спробы выканаць нейкія цікавыя элементы выглядалі даволі дзіўна, я ж дагэтуль толькі танцаваў, а тут — гімнастыка, яшчэ і ў паветры. Таму не хацелася, каб нехта бачыў, як я «выкручваюся». Дарэчы, тады са мной здарылася цікавая гісторыя. Падчас чарговай начной трэніроўкі пад'ехаў міліцэйскі патруль: думалі, што я збіраюся павесіцца, — успамінае са смехам Дзіма.

Аднак нягледзячы на тое, што трэніроўкі былі самастойнымі і зусім непрафесійнымі, яны далі плён. Праз некаторы час маладога і перспектыўнага гімнаста-самавучку запрасілі на работу ў Кітай. Разам са сваёй дзяўчынай (і па сумяшчальніцтве партнёршай) Дзіма і сёння выступае там у танцавальным шоу з элементамі цырка «Drеаm оf Qіngdао».

— Я з тых людзей, для якіх мала навучыцца чамусьці аднаму і прысвяціць гэтаму ўсё жыццё. Мне неабходна развівацца: дасягнуўшы пэўнага поспеху ў нейкай справе, пераключаюся на іншую. Магчыма, таму ўвесь час прыдумляю новыя «фішкі» для нашага нумара ў шоу, — разважае Дзіма.

А роўна год таму малады чалавек захапіўся чарговай ідэяй — утрымліваць у паветры сябе і партнёршу, зачапіўшыся за трос толькі зубамі. Захацеў? Зрабіў! Здаецца, для Дзімы Дударава няма нічога немагчымага.

— Збоку выглядае, нібыта я сапраўды трымаюся толькі зубамі, але гэта не зусім так. Уся нагрузка ідзе на сківіцы і мышцы шыі, — раскрывае прафесійны сакрэт артыст. — Для таго каб іх натрэніраваць, мне спатрэбілася каля пяці месяцаў.

«Цягаць не цяжка. Цяжка знайсці транспарт, які можна выкарыстаць».

Калі сам Дзіма весела распавядае пра свае незвычайныя захапленні, то яго блізкія ўвесь час знаходзяцца ў невялікім шоку ад іх: «Маці неверагодна перажывае. Але больш за ўсіх баіцца мая партнёрша, бо яе жыццё знаходзіцца літаральна ў маіх зубах!»

Разам з тым хлопец не хавае: такія моцныя нагрузкі на цела дужа небяспечныя. За апошні год артыст двойчы надрываў шыю, з-за гэтага пэўны час не мог устаць з ложка і нават паварушыцца.

Незвычайныя магчымасці ўласнага цела натхнілі Дзіму на стварэнне Yоutubе-канала, на якім ён здзіўляе гледачоў відэаролікамі сваіх трэніровак.

— Паралельна з рэпетыцыямі нумара для шоу я «пракачваю» шыю яшчэ адным спосабам. Камусьці можа падацца, што гэта па-за межамі рэальнасці, хтосьці назаве мяне вар'ятам, але я «цягаю зубамі» аўтамабілі, — тлумачыць незвычайнае хобі Дзіма. — Першая машына, якая паддалася мне, важыла «ўсяго» 1,4 тоны.

За апошнія паўгода хлопец перацягаў усе даступныя для яго віды транспарту: дзясяткі «легкавушак», грузавік з прадуктамі і нават школьны аўтобус. Спыняцца на гэтым ён, канешне, не збіраецца. У планах — пабіць сусветны рэкорд па вісенні на канаце, трымаючыся за яго толькі зубамі, і пацягнуць самалёт вагой каля 40 тон.

— Складана знайсці самалёт, які мне дазволяць выкарыстаць. А ў плане выканання я ўпэўнены, што гэта дакладна рэальна. У любым выпадку працэс цалкам кантралюемы, і калі нешта пойдзе не так, я заўсёды змагу спыніцца.

Ганна КУРАК

Р.S. Дзіма Дудараў будзе занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса — ужо ёсць афіцыйнае пацвярджэнне. Намінацыя называецца «Максімальны час утрымання цела ў паветры толькі пры дапамозе зубоў».

Загаловак у газеце: «Зачапіцца» зубамі за... паветра

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.