Вы тут

Дзве трагедыі на вадзе адбыліся ў Гродзенскай вобласці


У Гродне 15-гадовы юнак, які не ўмеў плаваць, патануў у мелавым кар'еры, а ў Свіслачы мужчына стаў ахвярай вады з-за... «рыбнага» месца.


Трагедыя з юнаком А. адбылася днём 19 ліпеня. Паведамленне аб трагічным здарэнні паступіла ратавальнікам у 14 гадзін 2 хвіліны. Але яшчэ паўтары гадзіны спатрэбілася вадалазам, каб знайсці цела юнака. Яго ўзнялі на паверхню ў 15.28. Тапелец быў вучнем 9-га класа СШ №7 горада Гродна.

Як паведаміў начальнік аддзела вадалазна-выратавальнай службы Гродзенскага аддзялення таварыства выратавання на водах Юрый Касцевіч, група хлапчукоў разам з загінуўшым часта прыходзілі адпачываць на кар'ер і нават абсталявалі там «сваё» месца — выклалі камянямі, расчысцілі, паставілі лаўкі. Сюды яны прыйшлі пасля таго, як паплавалі на Нёмане — у аднаго з падлеткаў быў дзень нараджэння, і яны вырашылі адпачыць яшчэ і на кар'еры. Першым пабег А., ён сказаў, што хоча акунуцца, хоць і не ўмеў плаваць. Калі падышлі астатнія, яны ўбачылі толькі адзенне на траве. Хлопцы пачалі ныраць, але безвынікова. Цела выцягнулі супрацоўнікі манеўрова-пошукавага атрада праз паўтары гадзіны недалёка ад берага, на глыбіні шасці метраў.

Вядома, што хлопец жыў з бацькам і дзядулем. Яго маці загінула на пажары.

Якраз у гэты дзень у школе павінны былі адбыцца спартыўныя спаборніцтвы, на якія збіраліся прыйсці і падлеткі разам з А. Многія бацькі ведалі, што іх дзеці ідуць на кар'ер.

Гродзенскія кар'еры некалі былі папулярныя ў жыхароў абласнога цэнтра, яны знаходзяцца ў межах горада і нават атрымалі назвы «Сінька» ды «Зялёнка». Сюда і цяпер прыходзяць на адпачынак і купаюцца, хоць практычна кожны год тут адбываюцца трагічныя выпадкі з-за стану кар'ераў: нестабільнае дно, глыбіня больш за 20 м, крутыя спускі.

Яшчэ адзін трагічны выпадак днямі адбыўся ў горадзе Свіслачы. Ахвярай вады стаў 39-гадовы мужчына. Ён каля дзевяці гадзін вечара ехаў на веласіпедзе ўздоўж вадаёма і заўважыў, што на супрацьлеглым беразе хлопцы ловяць рыбу. Як пазней паведамілі рыбакі, гэта месца было даўно аблюбавана ахвярай. Ён тут часта лавіў і падкормліваў рыбу, таму вырашыў прагнаць хлопцаў. Злез з веласіпеда, раздзеўся і паплыў на супрацьлеглы бераг, а калі пачалася глыбіня — нырнуў. Вынырнуць не змог. Знайшлі цела вадалазы толькі каля дзвюх гадзін ночы. Такім жудасным вынікам абярнулася жаданне мужчыны сагнаць дзяцей з быццам бы «рыбнага» месца.

Як паведамілі ў Таварыстве выратавання на водах, з пачатку года ў вобласці патанула 17 чалавек, з іх адзін непаўналетні.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».