Аказваецца, нашы жанчыны захапляюцца рэгбі, і пра гэта ўсё больш і больш даведваюцца не толькі ў краіне, але і ў Еўропе. Усё дзякуючы камандзе «Маланка», з якой сёння і асацыюецца дзявочае рэгбі ў Беларусі.
З дэкрэта пайшла на стадыён
Яны называюць сябе аматарамі, а сваю дружыну гуртком па інтарэсах, або дваровай камандай. Ідэя стварэння «Маланкі» з'явілася ў Вольгі Прашковіч. Раней яна гуляла ў першай беларускай прафесійнай жаночай камандзе па рэгбі «Гражданочка», а ў дэкрэтным адпачынку замест серыялаў вырашыла заняцца тым, каб стварыць сваю групу, але ўжо для аматараў.
— З дапамогай сябра распрацавала афішу, інфармацыю аб стварэнні каманды размясціла ў сацсетках, але без асаблівага энтузіязму, не вельмі спадзявалася на водгук. Аднак атрымалася наадварот — адна дзяўчына напісала, другая, трэцяя, і я зразумела, што трэба рабіць арганізаваную трэніроўку. На першую нашу сустрэчу прыйшло 12 чалавек, гэта проста фантастычная колькасць, такога не было нават у прафесійнай камандзе.
Так пачала сваё жыццё першая ў гісторыі беларускага рэгбі жаночая аматарская дружына. Над назвай дзяўчаты думалі некалькі тыдняў, хацелі, каб яна гучала менавіта на беларускай мове, таму што першапачаткова збіраліся выступаць пераважна за мяжой.
— У Беларусі пакуль у нас няма сапернікаў, — адзначае Вольга. — За мяжой мала хто ведае, што азначае беларускае слова «маланка», але мы тлумачым.
Праз два месяцы пасля стварэння каманда ўжо адправілася на першыя спаборніцтвы ў Адэсу, а потым у Зеленаград на турнір па зімовым рэгбі.
— Мы пазіцыянуем сябе як аматарская дваровая каманда, і гэта шмат каго падкупляе. Мы не прэтэндуем на п'едэсталы, кубкі і медалі, адкрыта пра гэта гаворым. Проста хочам гуляць у рэгбі і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Наша мэта — падарожнічаць, камунікаваць, рабіць так, каб кампанія расла.
Вольга адзначае, што іх каманда абсалютна не імкнецца ў прафесіяналы.
— Прафесійным спортам трэба займацца з дзяцінства, для гэтага патрэбна падрыхтоўка, у рэшце рэшт, гэта праца, якая павінна аплачвацца.
З футбалістамі пачалася вайна за газон
Сёння ў складзе «Маланкі» крыху больш за 20 гульцоў, сярод іх дзяўчаты зусім розных прафесій — выхавальніца ў дзіцячым садку, тэсціроўшчыца, дызайнер, ілюстратар, фармацэўт. Сярэдні ўзрост каманды — 25 гадоў, трапіць у яе па-ранейшаму можа кожная.
— Трэба проста прыйсці і паспрабаваць. Не трэба валодаць асаблівымі фізічнымі якасцямі, ніхто з дзяўчат да «Маланкі» не гуляў у рэгбі. Усе трэніроўкі мы робім па самаадчуванні, таму што ў кожнай свой узровень падрыхтоўкі. У першыя часы нічога не патрабуем, але трэба мець на ўвазе, што кожны чалавек у камандзе штодня выконвае нейкую працу для развіцця «Маланкі». У нас няма трэнераў або менеджараў, таму дызайнер распрацоўвае форму, хтосьці працуе з сацсеткамі, адным словам, мы — жывы арганізм.
Трэніруецца «Маланка» недалёка ад цэнтра горада, у крокавай даступнасці ад станцыі метро на школьным стадыёне.
— Мы дваровая каманда, таму ў нас няма свайго стадыёна. Узімку трэніраваліся ў цэнтры горада, было вельмі зручна, таму што поле асвятлялася. Але тут растаў снег і прыйшлі футбалісты. Пачалася вайна за газон, даходзіла да смешнага — хто першы прыйшоў, таго і стадыён, «ваявалі» хоць бы за палову поля або дамаўляліся гуляць па паўгадзіны.
За месяц сабралі 3,5 тысячы долараў
Вольга адзначае, што, нягледзячы на пэўную вядомасць каманды, у «Маланкі» няма спонсараў, таму ўсе замежныя выезды дзяўчаты аплачваюць самі. Днямі каманда ляціць на турнір у Грэцыю, для ўдзелу ў ім «Маланцы» неабходна 3,5 тысячы долараў. Гэтыя грошы спартсменкам удалося сабраць з дапамогай краўдфандынгавай платформы Ulej (займаецца калектыўным фінансаваннем цікавых праектаў).
— Вырашылі дзейнічаць па такой сістэме не толькі, каб сабраць грошы, але і каб даведацца ці павінны жыць наш праект, ці цікавы ён людзям. Такое своеасаблівае галасаванне рублём. За месяц мы сабралі патрэбную суму, адзін чалавек скінуў 150 рублёў, два па 100, некаторыя і па 2 рублі, за што мы таксама ўдзячныя. Калі хтосьці кінуў першыя 100 рублёў я ледзь не звалілася з інфарктам, для мяне гэта велізарныя грошы і выкласці іх на нейкую каманду... Мне было вельмі прыемна. Самыя вялікія сумы ахвяравалі людзі, якіх мы нават не ведаем, наўзамен каманда паабяцала правесці індывідуальную трэніроўку.
Вольга расказвае, што ўвага з боку прэсы да іх праекта расце з кожным днём, хоць дзяўчаты часта сустракаюцца і з неразуменнем.
— Мне ўжо колькі разоў паказвалі на месца на кухні. Але дома ў мяне каласальная падтрымка ў выглядзе мужа, які ўвесь час штурхае наперад. Дарэчы, мне здаецца, ва ўсіх нашых дзяўчат ёсць такая апора. Калі каманда толькі з'явілася, было вельмі шмат гнеўных, злых каментарыяў, маўляў, як нармальная дзяўчына можа гуляць у рэгбі. Цяпер, калі пра нас публікуюць навіны, людзі ўжо часта пішуць, што мы малайцы. Беларускае грамадства ўсё бліжэй да таго, што жанчына таксама можа займацца такімі, на першы погляд, грубымі і мужчынскімі відамі спорту.
У чэрвені «Маланка» адзначыла свой першы дзень нараджэння. Яе стваральнік лічыць, што каманда за гэты час дамаглася нашмат большых вынікаў, чым усё беларускае рэгбі.
— Мы сталі брэндам, нас пазнаюць. Гэта першая каманда, якая едзе на чэмпіянат Еўропы, дзе выступаюць выключна прэстыжныя клубы. «Маланку» запрашаюць ужо на шматлікія турніры, і сёння мы маем магчымасць выбіраць, дзе гуляць. Але на гэтым не хацелася б спыняцца. Марым аб сваім стадыёне, аб дзіцячай школе, аб прафесійных спецыялістах. Для мяне дзіўна, што аб жаночым аматарскім спорце ніхто не гаворыць, ніхто не ведае аб жаночым футболе, хакеі, а гэта ж выдатна, калі ў чалавека ёсць захапленне.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.
Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.
Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.