Вы тут

Аўгустоўскі канал набывае папулярнасць у турыстаў


Пачалася работа па ўнясенні Аўгустоўскага канала ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

За прэзентацыю новага брэнда актыўна ўзяліся абодва бакі — беларусы і палякі. Што зроблена ў гэтым кірунку і якія найбліжэйшыя планы — аб гэтым ішла гаворка на пасяджэнні сумеснай рабочай групы ў Гродне.


Аўгустоўскі канал набывае папулярнасць у турыстаў. Для гэтага зроблены важныя захады. Па-першае, пачаў дзейнічаць бязвізавы ўезд, па-другое, на рачным пункце пропуску з 28 красавіка мяжу можна перасячы не толькі па вадзе, але і пешшу альбо на веласіпедзе. Такой магчымасцю ўжо скарысталіся амаль 1,5 тыс. чалавек. Ёсць намер адкрыць яшчэ адзін пункт пропуску ў зоне канала. Таксама разглядаецца пытанне задзейнічання ў бязвізавай зоне чыгуначнага транспарту і авіяпералётаў.

— Турысты едуць, а гэта значыць, што мы павінны стварыць ім умовы, — адзначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. — Таму мы будзем выходзіць з ініцыятывай, каб падоўжыць бязвізавы ўезд, а таксама і тэрмін знаходжання турыстаў — да 10 сутак.

Па словах віцэ-маршалка Падляскага ваяводства Багдана Дыюка, польскі бок будзе садзейнічаць таму, каб турысты, якія прыбываюць у горад Аўгустоў, накіроўваліся на беларускую частку канала. Для гэтага трэба стварыць тут прывабныя ўмовы, развіваць інфраструктуру, наладзіць выпуск сумеснай рэкламнай прадукцыі — картаў, даведнікаў, інфармацыі па рабоце бязвізавага рэжыму.

Удзельнікі рабочай групы вырашылі, што сумесная работа будзе весціся па тэхнічнай эксплуатацыі шлюзаў. Гэта важны момант, бо ад яго залежыць судаходнасць канала. А некалькі кіламетраў прыгранічнай акваторыі засталіся без увагі. Настаў час прывесці ў належны стан памежны шлюз, заняцца паглыбленнем канала, каб па ім маглі хадзіць не толькі байдаркі, але і парусныя судны.

Плануецца задзейнічаць беларускую частку канала ў папулярным у свеце пеша-веласіпедным маршруце GRЕЕN VЕLО. Для гэтага спатрэбіцца працягнуць яго на 10 км ад польскай вёскі Мікашуўкі да пункта пропуску на канале. Затым маршрут пройдзе ўздоўж Нёмана, вывядзе веласіпедыстаў у літоўскі Друскінінкай. Такім чынам, Аўгустоўскі канал упішацца ў вядомы трансгранічны маршрут і стане турыстычнай маркай трох краін — Польшы, Беларусі і Літвы.

— Мы зможам паказаць еўрапейскім турыстам, што канал — гэта не толькі невялікі ўчастак паміж шлюзамі, — зазначыў Багдан Дыюк. — Ён можа выкарыстоўвацца ад Бебжы да Нёмана.

Гродзенцы расказалі аб тым, што створана літаральна нядаўна. Так, у населеных пунктах каля канала пачаў дзейнічаць музей пісанкі, ручніка, музеефіцыраваны фарты часоў Першай сусветнай вайны. На канале з'явілася рэзідэнцыя Дзеда Мароза, праводзіцца каля дзясятка фестываляў, марафонаў, канцэртаў. З'яўляюцца аграсядзібы, месцы адпачынку, веладарожкі.

— Мы спадзяёмся, што канал будзе ўключаны ў Спіс ЮНЕСКА, гэта дасць новы імпульс нашай сумеснай рабоце, — падкрэсліў Віктар Лісковіч. — Мы ўжо распрацавалі стратэгію развіцця канала, а таксама лагатып і брэнд.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Узяліся за новы брэнд

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?