Вы тут

Сустрэчы з насельніцтвам назвалі днём адкрытага пісьма


Раз на год у кожным сельсавеце Лунінецкага раёна праходзяць сустрэчы прадстаўнікоў улады з насельніцтвам, дзе разглядаюцца пытанні жыццядзейнасці на акрэсленай тэрыторыі. На сустрэчу прыязджае старшыня райвыканкама разам з кіраўнікамі асноўных раённых службаў. Сюды запрашаюць прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, якія функцыянуюць на тэрыторыі пэўнага сельсавета. Абмяркоўваюцца самыя розныя праблемы, уздымаюцца пытанні, якія хвалююць жыхароў населеных пунктаў.


Старшыня сельскага Савета Валерый Краснікевіч каля помніка ў Сінкевічах.Мерапрыемства назвалі днём адкрытага пісьма, бо своеасаблівы маніторынг грамадскай думкі праводзіцца загадзя. Людзям даюць магчымасць пакідаць свае пытанні і прапановы ў паштовай скрыні, якая ўстанаўліваецца ў сельскім Савеце. Таму на сходзе некаторыя аўтары пытанняў адразу атрымліваюць адказы. Летась такая сустрэча ў Сінкевіцкім сельскім Савеце праходзіла 18 мая. Па яе выніках складзены пратакол, дзе адлюстраваныя даручэнні адпаведным службам на падставе скаргаў і прапаноў грамадзян.

Са старшынёй сельвыканкама Валерыем Краснікевічам праглядаем гэты дакумент. Многія яго пункты пазначаныя як выкананыя. Напрыклад, у адным з лістоў, што былі агучаныя на дні адкрытага пісьма, жыхары вёскі Мокрава пакінулі просьбу адрамантаваць дарогу на вуліцы Янкова, аналагічная заява паступіла з вёскі Вострава, там указалі асабліва праблемны ўчастак ад чыгуначнага моста да вуліцы Машэрава. Рамонт названых участкаў дарог праведзены ў другім квартале мінулага года.

Наогул пытанне стану дарог адно з самых праблемных у Сінкевіцкім сельсавеце. Пра дарогі найбольш гаварылі і на сустрэчы ў маі гэтага года. На тэрыторыі ўсяго 30 працэнтаў асфальтаваных дарог, 40 працэнтаў — гравійныя, астатнія пясчаныя. Сельвыканкам скарыстаў суседства з вядомым у краіне прадпрыемствам «Граніт» і заключыў з ім дагавор на бязвыплатнае выдзяленне шчэбеню і адсеву для падсыпкі дарог. Такім чынам яшчэ летась былі падсыпаныя чатыры вуліцы ў аграгарадку Сінкевічы. Сёлета «Граніт» зноў выдзеліў матэрыялы, якія вырашана накіраваць для паляпшэння дарог у вёсцы Мокрава. На дзвюх вуліцах спецыялісты ДРБУ-101 работу правялі, тры іншыя вуліцы чакаюць сваёй чаргі.

Валерый Краснікевіч расказвае, што на работу па добраўпарадкаванні вуліц нярэдка выходзяць і самі жыхары вёсак. Менавіта з іх дапамогай быў падсыпаны ўчастак дарогі, які злучае вёскі Мокрава і Вострава. Талакой зрабілі ямачны рамонт працягласцю каля кіламетра на вуліцы Янкова ў вёсцы Мокрава.

Здараецца, людзі задаюць пытанні на першы погляд дробныя, ды, аказваецца, актуальныя для іншых. Так, адзін з жыхароў Сінкевічаў пытаўся, ці можна выпісаць у лясніцтве дроў на ўмовах саманарыхтоўкі. На мерапрыемстве прысутнічаў дырэктар лясгаса Вячаслаў Торчык, які растлумачыў парадак такой выпіскі. Некаторыя жыхары ўжо скарысталі зручную для іх форму нарыхтоўкі.

Варта адзначыць, што Сінкевіцкі сельсавет сёлета прырос сямю населенымі пунктамі. У ходзе рэарганізацыі далучыліся вёскі, якія раней адносіліся да Мікашэвіцкага гарсавета. Адтуль таксама прыехалі людзі на майскі сход гэтага года і адразу ўзнялі пытанне пра сенакос для прыватнай жывёлы. Бо ў вёсцы Запроссе, напрыклад, трымаюць яшчэ 17 кароў, там бывалі праблемы з кармамі. Узнятае пытанне вырашылася амаль адразу, бо ў зале прысутнічалі прадстаўнікі сельгаспрадпрыемства.

Самым прыемным момантам сёлетняга дня адкрытага пісьма стала падзяка, якую выказалі вяскоўцы за добраўпарадкаванне. Мелася на ўвазе стаянка на восем парковачных месцаў каля адміністрацыйнага будынка ў Сінкевічах. Ажыццяўленне ўказанага праекта стала магчыма дзякуючы ўдзелу асобных жыхароў, а таксама мясцовым прадпрымальнікам. Апошнія далі грошы на пакупку матэрыялаў, далучылася і сельгаспрадпрыемства, якое аплаціла 10 тон асфальту. Вяскоўцы выйшлі на суботнік і дапамаглі прывесці пляцоўку ў парадак. Цяпер там прыемна паставіць транспарт, побач клумба. Талакой жа даводзілі да ладу і помнік у цэнтры Сінкевічаў, які ўстаноўлены на брацкай магіле. Манумент паднавілі, паклалі 20 квадратных метраў тратуарнай пліткі, устанавілі бардзюр, каля ўвахода паставілі дзве лаўкі. Святочнае мерапрыемства 9 мая сёлета адбылося каля абноўленага помніка. І як бачым, гэта ацанілі людзі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Лунінецкі раён

Загаловак у газеце: Задаць пытанне і атрымаць адказ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».