Вы тут

Як пахне грыб


Дзядуля Мікалай быў у вёсцы майстар на ўсе рукі. Але мелася ў яго з маладосці адно галоўнае захапленне — грыбы. Як толькі для гэтага наступала спакуслівая пара, дзед першы падаваўся з кошыкам і кіем у лес. Ён ведаў кожнае дрэўца, кожны кусцік і ніколі, нават у самыя неспрыяльныя гады, не вяртаўся без здабычы. Не сказаць, каб дзядуля любіў тыя баравікі есці, але не збіраць іх проста не мог.


Дзеда Міколу часта прасілі знаёмыя і сваякі завесці ў лес, дзе можна набраць грыбоў. Напачатку вадзіў. Але як толькі яны траплялі ў яго любімае месца, дзед тут жа выкрэсліваў яго са спісу сваіх любімых і больш туды не паказваўся. І дзесьці меў рацыю: знаёмы прыводзіў у такое месцейка сваіх сваякоў, тыя сваіх знаёмых, і на наступны год там ужо грыбы не раслі.

Таму і хадзіў дзядуля Мікола ў грыбы адзін, ранкам, калі раса ззяе на павуцінні. Ішлі гады, дзядуля старэў, а аднойчы замуцілася ў галаве, ледзь дарогу назад знайшоў. І вырашыў стары сваё захапленне і майстэрства перадаць адзінай унучцы. Папрыглядаўся дзед Мікола да малой і папрасіў у бацькоў дазволу ўзяць у лес шасцігадовую Настачку.

Заехалі на веласіпедзе ў самае грыбное дзедава месца. Ён накіраваў малую, каб ёй цікава было, да першага грыба, які заўважыў. І кажа: «Унучка, чую я — тут пахне грыб. Давай пашукаем, даражэнькая». Тая стала прыглядацца, але прайшла міма. А хітры дзед ізноў па той дарожцы завярнуў, яшчэ бліжэй да грыба. Малая за ім. Ён спыніўся, пастаяў, нібы думаў, куды б падацца, а на самай справе хацеў, каб малая запаволіла хаду і стала лепш прыглядацца. І праз колькі хвілін пачуў ззаду радасны крык: «Дзядуля! Дзядулечка, ты прапусціў баравік. Глядзі, глядзі, а я яго знайшла». Малая ад радасці не ведала з якога боку танцаваць перад лясным прыгажуном, а калі баравік лёг у яе кошык, сур'ёзна дадала: «Дзядулечка, ты не хвалюйся, я і табе дапамагу знайсці баравік».

Дзед ад яе шчырых і такіх непасрэдных слоў квітнеў. Яшчэ шмат разоў ён адчуваў задавальненне ад радасці ўнучкі. Спрытная дзедава Настачка хутка стала збіраць грыбы нароўні з дзедам. А падрасла, у яе сталі іншыя інтарэсы. І дзед зноў стаў хадзіць у лес у адзіноце. Ён не крыўдаваў на ўнучку, разумеў, што вучыцца ёй трэба.

І вось Настачка паступіла ва ўніверсітэт. Паехала ў вялікі горад. А ў першыя выхадныя прыляцела птушачкай дадому. Убачыла дзеда, кінулася яму на шыю і радасна зашчабятала: «Дзядуля, родненькі, я такая шчаслівая буду, калі мы пойдзем з табой у грыбы. Мне так хочацца ў лес».

Стары анямеў ад шчасця: Настачка не забылася яго навуку. Ён хацеў гэтак жа радасна адказаць: «Пойдзем, даражэнькая, вядома, пойдзем», але ў грудзях засеў быццам кол, які сцяў і горла. І тады стары ўзяў за плечы ўнучку і затрос сваёй сівой галавой у знак перапаўняючай сэрца згоды.

Валянціна БОБРЫК, г. Івацэвічы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.