Вы тут

Ці лёгка перакладаць кітайскіх паэтаў?


Мікола Мятліцкі — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Паэт, перакладчык, публіцыст. Шмат творчых намаганняў мастак слова прыклаў і працягвае прыкладаць для пераўвасаблення паэзіі розных народаў свету на беларускую мову. Дзякуючы Мікалаю Міхайлавічу, пабачыла свет беларуская кніга Абая «Стэпавы прастор», за якую ў Казахстане наш беларускі творца быў адзначаны міжнароднай прэміяй «Алаш». Выдадзена і падрыхтаваная Міколам Мятліцкім кніга перакладаў кітайскай паэзіі «Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая». Цяпер перакладчык завяршыў працу над яшчэ адной адмысловай анталогіяй, у якой сабраны яго пераклады твораў паэтаў Кітая мінулага стагоддзя.


— Мікалай Міхайлавіч, вы завяршылі ці амаль завяршаеце работу над анталогіяй кітайскай паэзіі ХХ стагоддзя. Якая галоўная выснова ў выніку гэтай шматабсяжнай перакладчыцкай працы?

— Праца сапраўды шматабсяжная. Дваццатае стагоддзе жыцця Кітая, увасобленае ў паэтычным слове, зліваецца ў адну паўнагучную баладу, поўную і горкіх, і радасных слёз. Галоўнае, што я для сябе спасціг: і на гэтым адрэзку часу, як і ў папярэдніх стагоддзях, паэзія кітайскага народа засталася вернай усім агульначалавечым каштоўнасцям, імкнулася быць чуйным нервам грамадскага жыцця і многія свае духоўныя ўзлёты сцвердзіла, на вялікі жаль, самаахвярнасцю геніяльных сваіх паэтаў. Трэба памятаць, што значная частка мінулага стагоддзя ў Кітаі прыпала на «пошукі будучыні», а гэты працэс заўсёды спалучаны з драматызмам і нават трагізмам, і не маглі апынуцца ўбаку ад самога поступу гісторыі тыя творчыя сумленныя людзі, хто ўсім сэрцам жадаў свайму народу і долі, і волі.

— Сёння мала чытаюць паэзію... Відаць, яшчэ меншая ўвага да перакладной паэзіі. І ўсё ж вы адважна ўзяліся за такую працу... Што найбольш падштурхоўвала?

— І сапраўды, у нашы дні багата чаго з самых каштоўных духоўных скарбаў свету і не бачыцца, і не чуецца многімі і многімі. Але гэта з'ява часовая. Не можа чалавек доўга сілкавацца штодня адным перасоленым баршчом. Захочацца яму некалі і іншага харчу. У тым ліку і духоўнага. Мы нават ужо і не прыгадваем сёння, з якога амаральнага бруду вырастала эпоха Адраджэння — бачым толькі зіхотную вяршыню айсберга. І сама шматвяковая гісторыя развіцця кітайскай паэзіі яскрава гаворыць пра тое, што ў чалавечай душы не выстывае да астатку патрэба ў паэтычным слове нават у самыя неспрыяльныя для яго ўспрымання часы. Бывалі і ўзлёты, і заняпады. Але духоўная моц кандэнсавалася няспынна. І сёння ў маштабах усяго чалавецтва, усіх краін свету мы маем сапраўды надзейны духоўны падмурак, на якім без сумнення выстаяць і наша, і ўсе наступныя пакаленні зямлян. Нас трымала, трымае і будзе трымаць у духоўнай раўнавазе гэтая спадчынная энергетыка вечнапрысутнай класікі. Ніколі не знікне ў чалавечым сэрцы цікавасць да жыцця папярэднікаў. Кожны разумны чалавек захоча пачарпнуць іх вопыт, каб больш упэўнена крочыць наперад, каб мець магчымасць зазірнуць у далягляды. І мне, пасля перастварэння на родную мову твораў многіх паэтаў з багатай кітайскай гісторыі, не захацелася адступацца далёка ад паэтычнай сучаснасці гэтага вялікага народа. Хацелася ўбачыць на свае вочы, усім сэрцам адчуць, якія вынікі далі мужныя клопаты і намаганні папярэднікаў — чым адгукаюцца сёння. Вельмі ўсцешыла тое, што паэзія Кітая дваццатага стагоддзя не страціла сваёй духоўнай моцы.

— Ці шмат у ёй адпаведнай часу рыторыкі?

— Амаль усю зместавую частку будучай беларускамоўнай анталогіі кітайскай паэзіі ХХ стагоддзя мы з яе ўкладальнікам узялі з трох анталагічных зборнікаў, што выдаваліся і ў мінулым, і ў новым стагоддзі. Як перакладчык, я выбіраю ўжо з выбранага. А ў анталогіі, пагадзіцеся, трапляе, павінна трапляць заўсёды найлепшае. Першая палова ХХ стагоддзя ў Кітаі, можна сказаць, ужо класічна адстаялася. Тут цэлае сузор'е знакавых імёнаў, сярод якіх і Вэнь Ідо, і Інь Фу, і Хуан Цзуньсянь. Дый бліжэйшыя да нас, Ай Цін і Го Мажо, скажам, зоркі першай велічыні. А паміж такіх зорак пазначыцца святлом не ўсім выпадае. Але ўсё ж такі сто паэтаў за стагоддзе набіраецца. Яны ўсе і цікавыя, і розныя, кожны з іх вылучаецца нечым адметным. Часам гэтыя адметнасці няўлоўныя, але яны ёсць, менавіта яны ўпрыгожваюць плён працы таго ці іншага творцы. Спалучаныя ў адным часавым ланцугу, багата чаго адкрываюць новага з малавядомага нам кітайскага жыцця. Мы з укладальнікам выбудавалі своеасаблівую кнігу кітайскага лёсу. Мне асабіста ў ёй падабаецца вялікая прага жыцця, уменне цаніць нават нязначнае, па-сапраўднаму радавацца і засмучацца, любіць і шанаваць сваю Бацькаўшчыну, ведаць яе гісторыю, узмацняць духоўныя і інтэлектуальныя сілы — усё тое, што мы маем права назваць кітайскім аптымізмам.

— Хто болей за ўсіх з паэтаў Кітая ХХ стагоддзя прыйшоўся вам па душы, найбольш зачапіў сардэчныя перажыванні, прымусіў разважаць пра яго феномен?

— Гэта, безумоўна, юны Інь Фу. Гады яго жыцця наступныя — 1909—1931. Паэт быў расстраляны ў ліку 23 рэвалюцыянераў 8 лютага 1931 года ў засценках гаміньданаўскай ахранкі. Сын багатых бацькоў, ён у творчасці стаў на абарону абяздоленых, пісаў мужныя гнеўныя вершы. У свой дваццаць адзін год ён пакінуў значную па мастацкіх вартасцях спадчыну. І, заўважу, немалую па аб'ёме. Можна толькі ўявіць, колькі гэты легендарны юны геній змог бы яшчэ зрабіць і для кітайскай, і для сусветнай паэзіі! Маё сэрца забалела па ім з гэткай жа сілай, як балела і баліць па нашым юным геніі Максіме Багдановічу.

— Ваша парада маладым перакладчыкам, якія імкнуцца данесці да сучасніка паэзію Кітая, якія толькі ступаюць на ніву знаёмства з вялікай мастацкай прасторай...

— Смялей ступайце на духоўныя прасторы гэтай неабсяжнай у часе краіны! Паэзія Кітая — гэта вялікі згустак чалавечай энергіі, такі прыдатны ўсяму чалавецтву для паўнакроўнага развіцця. Вялікі Кітай — адзіная цывілізацыя ў свеце, якая развіваецца бесперапынна на працягу многіх тысячагоддзяў, і яе духоўны вопыт, занатаваны і ў паэтычным слове, надзвычай прыдатны для дня сённяшняга.

Гутарыў Сяргей Шычко

Загаловак у газеце: Вялікая паэтычная цывілізацыя

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.