Вы тут

Чаму бацькоўскіх сходаў баяцца... бацькі?


Карэспандэнт «Звязды» атрымаў заданне вызначыць, у якую прыкладна суму абыдзецца падрыхтоўка дзяцей да заняткаў у школе. І даведаўся пра спосабы сэканоміць.


Для хлопчыкаў і дзяўчынкі...

У мяне два сыны-школьнікі: старэйшы пойдзе ў 7-ы, а малодшы — у 4 клас. Іх мама ва ўласцівай ёй манеры прысароміла, што за столькі гадоў не вывучыў «школьны асартымент». Але пагадзілася стаць адным з экспертаў і кансультантаў для падрыхтоўкі матэрыяла.

Адразу папярэджваю, што пералічанае ў цэнах — выбар канкрэтнай жанчыны. Безумоўна, усё залежыць ад густу, дастатку, месца жыхарства. Наўрад ці жыхары пасёлка будуць поўнасцю задаволеныя выбарам у мясцовай краме. Многія спецыяльна прыедуць у вялікія гарады. Ніжэй прыведзена цана школьнага набору ў Віцебску.

Заплечнік сёлета каштуе 55—65 рублёў, але выбар багаты. Гэту рэч можна купіць і за 80 рублёў, і значна даражэй. Штаны — каля 40 рублёў, але можна знайсці як танней, так і даражэй. Камізэлька — каля 30 рублёў. За пінжак айчыннай вытворчасці трэба аддаць 60 рублёў або можна знайсці танней. Кашуля — каля 30 рублёў (звычайна купляюць дзве). Чаравікі — ад 60. Зменны абутак — 15 рублёў. Многія замест яго купляюць красоўкі — 45 рублёў і даражэй. Спартыўны касцюм — ад 50.

Наконт канцылярскіх тавараў: сшыткі, пенал, ручкі, алоўкі, альбом для малявання, пластылін — прыкладна 15—20 рублёў.

У выніку, па самых сціплых падліках, на аднаго шкаляра трэба выдаткаваць каля 430 рублёў. Памножце на два.

Плюс за карыстанне падручнікамі трэба плаціць у пачатку навучальнага года. Кошт залежыць ад класа, у які ходзіць школьнік. Летась за падручнікі для дваіх заплаціў каля 20 рублёў.

Успомнім, што будуць выдаткі на харчаванне ў школе. Не трэба забываць пра платныя гурткі, якія наведваюць многія дзеці. Малодшы мой ходзіць у падрыхтоўчую групу танцавальнага калектыву, і штомесяц я плаціў каля 30 рублёў. Старэйшы вучыцца ў мастацкай школе. І да пачатку канікул заплаціў каля 12 рублёў.

У сястры малодшая дачка пойдзе ў 5-ы клас. Цэны ад яе:

Спадніца — ад 40 рублёў, сукенка — 60—65 рублёў, сарафан — ад 35, штаны — 30 і больш, блузка — каля 20, туфлі скураныя — ад 70, спартыўны касцюм — ад 50 рублёў... Ужо 310 рублёў. Плюс заплечнік і тое, што туды, атрымаецца мінімум 450. Так, насамрэч дзяўчынкі «каштуюць даражэй».

Пра «амуніцыю» для гімназістаў. Хочаш не хочаш, а прыйдзецца купіць пінжак, штаны, спадніцу менавіта канкрэтнага выгляду. Або прыйдзецца заказваць гэтую форму разам з іншымі бацькамі. Як пажартаваў бацька гімназіста: «Калісьці бацькоўскіх сходаў баяліся дзеці (каб не каралі дома, калі настаўнік нешта негатыўнае выкажа), цяпер — бацькі (бо трэба абавязкова нешта купляць, скідвацца на «агульныя патрэбы»).

У інтэрнэце, на рынках...

Наконт школьных кірмашоў мае суразмоўцы былі скептычныя. Шмат сэканоміць там не атрымаецца. Вытворцы не ідуць на значнае зніжэнне цэн. Спрацоўвае маркетынгавы ход: бацькам зручна купіць усё ў адным месцы. Але ж наўрад ці магчыма падабраць пад густ сынам і дочкам там і абутак, і адзенне, не гаворачы пра заплечнікі і іншае. Летась, калі не памыляюся, у Віцебску кірмашы пачалі працаваць толькі ў жніўні.

У крамах, якія зацікаўленыя ў добрай рэалізацыі перад пачаткам навучальнага года, робяць скідкі для шматдзетных сем'яў. Але, як заўважаюць вопытныя бацькі, нацэнкі там звычайна большыя. Вось і думайце.

Знаёмы тата параіў пашукаць неабходнае для школы ў інтэрнэт-крамах. Насамрэч, некаторыя тавары таннейшыя працэнтаў на 15—20. А многія на ўзроўні крамаў.

Што датычыцца рынкаў, на мой суб'ектыўны погляд, іх перавага толькі ў тым, што гандляры могуць скінуць цану. Але... Падзялюся асабістым негатыўным вопытам. Летась на рынку купіў красоўкі. Гандляр чэк не выдаў, затое скінуў 5 рублёў, у выніку абутак абышоўся ўсяго за 20. Насі і радуйся. Аднак літаральна ў першы дзень адчуў, што пяткам няўтульна. Праз некалькі дзён боль перашкаджаў хадзіць. Праз тыдзень падняў вусцілку: сярэдняя падэшва, якая павінна забяспечваць устойлівасць нагі і амартызаваць удары і нагрузкі, была зроблена з... жорсткага пластыку. Сумняваюся, што гэты тавар меў сертыфікат якасці.

А ў Сочы... танней

Знаёмы адзеў сына сямікласніка да школы ў... Сочы, дзе жывуць сваякі. Гэта абышлося танней, чым у нас, прыкладна на 40%. Аказалася, што ў многіх гарадах Расіі ёсць фірмавыя кропкі, дзе цана аднолькавая, незалежна ад рэгіёна. У прыватнасці, кашулю можна купіць за 300—400 расійскіх рублёў, майку — за 200. Штаны — за 600 расійскіх. Памножце на курс (0,0326) і зразумееце, што насамрэч цана прывабная. Але новыя калекцыі адзення дарагія. Ды і якасць часта саступае аналагічным таварам беларускай вытворчасці.

Жыхары Віцебска, якія імкнуцца эканоміць, едуць па пакупкі ў суседні Смаленск. Там таксама можна адзець і абуць дзіця і да таго ж купіць ежу. Да расійскага абласнога цэнтра 120 кіламетраў. Смаленскі гіпермаркет нават прадастаўляе бясплатны міжнародны аўтобусны трансфер. Праўда, перад паездкай назад трэба паказаць чэк на тавары ў краме, эквівалентны па цане білету на праезд у звычайным аўтобусе.

Каб неяк падтрымаць сваіх супрацоўнікаў, некаторыя прадпрыемствы Віцебшчыны заказваюць «колы» па пакупкі ў Смаленск. Калі ехаць туды на сваім аўто, на паліва спатрэбіцца 10 еўра ў эквіваленце. Плюс столькі ж трэба будзе аддаць за страхоўку машыны. Плюс начлег у гатэлі каля аўтавакзала (танней, чым у аналагічным нумары ў Віцебску).

Дарэчы, пры ўсіх мясцовых «плюсах» расіяне вельмі паважаюць нашы тавары. Быў нядаўна ў Смаленску і бачыў чэргі ў крамах і павільёнах, дзе гандлююць беларускім асартыментам.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Купіць усё да школы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?