Вы тут

Акадэмік Аляксандр Лакотка прадставіў альбом мастацкіх твораў


Спалучэнне ў адной асобе рыс строгага даследчыка, акадэмічнага супрацоўніка і чуллівай душы мастака падаецца на першы погляд немагчымым. Але ж нездарма з'явілася знакамітае выслоўе: таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім. Вось і Аляксандр Лакотка, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гісторыі, доктар архітэктуры, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН, чарговы раз даказаў яго слушнасць — сваім уласным прыкладам. Днямі ў сталічным магазіне «Кнігі & кніжачкі» сеткі «Белкніга» прайшла прэзентацыя аго альбома «Прастор родны. Беларусь». Выданне, што на сваіх старонках прадстаўляе графічныя і жывапісныя работы Аляксандра Іванавіча, над якімі ён працаваў каля чатырох дзесяцігоддзяў, пабачыла свет у выдавецтве «Бяловагруп».


— З'яўленне гэтай кнігі не выпадковае. Тут ёсць прысвячэнне майму бацьку. Я вырас у сям'і сельскіх настаўнікаў, маці выкладала беларускую мову і літаратуру, а бацька — нямецкую мову і гісторыю. Апроч гэтага, мой тата быў мастаком-самародкам: аздабляў стэнды, маляваў тэатральныя дэкарацыі, пісаў пейзажы. Я таксама марыў пра кар'еру мастака, але лёс склаўся так, што абраў прафесію архітэктара, — расказвае Аляксандр ЛАКОТКА. — Але ж, як вядома, архітэктура, жывапіс, графіка — роднасныя. І з часоў навучання ў БНТУ я не пераставаў займацца жывапісам, малюнкам. З захапленнем пісаў у Маскве, Санкт-Пецярбургу, іншых гарадах. Працаваў з вядомым дойлідам Георгіем Заборскім, вялікім майстрам малявання.

Аляксандр Іванавіч удзельнічаў у стварэнні Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, тады падчас даследчых экспедыцый праехаў тысячы кіламетраў па Беларусі. Вандруючы, натхняўся пейзажамі, народным побытам. Таму на яго мастацкіх работах адбілася філасофія прыроды, яе паяднанне з міфалогіяй, жыццём простага беларуса.

— У маёй дамашняй бібліятэцы ўжо назбіралася цэлая паліца кніг Аляксандра Лакоткі. Сёння мы знаёмімся з нечаканым выданнем. Яно здзіўляе не толькі тым, што акадэмік тут выяўляе сябе як мастака, але і фарматам у цэлым, аб'яднаннем усіх талентаў, зацікаўленняў Аляксандра Іванавіча, — кажа намеснік міністра інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ. — Тут ёсць цеплыня, чалавечы, навуковы, творчы лёс. З асаблівай шчымлівасцю чытаюцца старонкі расказу, як аўтар далучыўся да выяўленчага мастацтва. Спадзяюся, што следам за прэзентацыяй кнігі адбудзецца і выстаўка работ Аляксандра Лакоткі.

З прыхільнасцю да жывапісных і графічных работ акадэміка паставіліся і строгія мастацтвазнаўцы.

— Старонкі альбома дзіўным чынам перадаюць атмасферу шчырасці, якую адчуваеш пры знаёмстве з работамі Аляксандра Лакоткі. Акадэмік, сур'ёзны даследчык тут выяўляе сябе сапраўдным мастаком, творцам нечаканым, — дадае дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, мастацтвазнаўца Наталля ШАРАНГОВІЧ. — Мне падаецца, якім бы ні было мастацтва, самае галоўнае ў ім — формула шчырасці, дыялог з гледачом. Гэтыя рысы ёсць у работах Аляксандра Іванавіча — у колеры, тэматыцы, уменні схапіць сутнасць беларускай прыроды, адметнасці нашай нацыі. Тут згадваюцца творы Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Віталя Цвіркі, тых людзей, якія шчыра выказвалі свае адносіны да мастацтва і народа.

Сам аўтар прызнаўся, што, рыхтуючы да выдання альбом «Прастор родны. Беларусь», вельмі хваляваўся: гэта ж па сутнасці першы выхад да шырокай публікі ў якасці мастака. І яго прынялі з цеплынёй. Але спадзяёмся, што за знаёмствам нас чакаюць і новыя сустрэчы, і адной з наступных стане персанальная выстаўка

Марына ВЕСЯЛУХА

vеsіаluhа@zvіаzdа.bу

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Формула шчырасці Аляксандра Лакоткі

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.