Вы тут

Як ратуюць стагадовыя дрэвы ў парку пад Лідай


Парк «Горні» каля Ліды быў закладзены 135 гадоў таму і лічыцца помнікам прыроды мясцовага значэння. Да гэтай пары тут захавалася амаль 400 дрэў, чый узрост перайшоў стагадовы рубеж альбо набліжаецца да яго. Разам з тым у парку з'яўляецца ўсё больш пянькоў.


Каб захаваць старыя дрэвы, тут скарысталіся сучаснымі тэхналогіямі. Па-першае, апрацавалі ствалы спецыяльнымі растворамі. Ад пламбіроўкі трухлявых частак адмовіліся, бо гэта шкодзіць дрэву, кажуць спецыялісты. Замест гэтага ствалы замацавалі металічнымі дубцамі з некалькіх бакоў. Такіх дрэў на падпорках тут некалькі. Яны — равеснікі старога парку, які закладвалі па ініцыятыве царскай дзяржаўнай лясной аховы на пачатку 80-х гадоў ХІХ стагоддзя. З тае пары дайшлі ліпавыя алеі, асобныя насаджэнні лістоўніцы сібірскай, сасны веймутава і звычайнай, дуба і ясеня. Дзесьці 160 дрэў маюць біяграфію працягласцю сто гадоў і больш.

Цукрысты клён — самы старажытны насельнік парку. Ён яшчэ і самы магутны. Яго вышыня складае больш за 30 метраў, а дыяметр амаль 4 метры. Дрэва гатова было разваліцца, адпала вялікая галіна, але дзякуючы прынятым мерам клён працягвае свой век і не засыхае. Магчыма, гэтаму спрыяе скульптура ляснога духа ў выглядзе доўгабародага дзядулі. Як расказаў намеснік дырэктара Лідскага лясгаса Чэслаў Барко, скульптуру ляснога ахоўніка стварыў мясцовы майстар Іван Мікулка. Сваю фантазію скульптар накіраваў і на стары пень. На ім уладкавана «вуха жадання».

— Гэта вуха не церпіць мітусні і шуму, — тлумачыць Чэслаў Міхайлавіч, — да яго трэба падысці і шапнуць сваё жаданне, але зрабіць гэта ціха, каб ніхто не чуў, і яно споўніцца. Турысты правяралі.

Лясныя прывіды з'явіліся тут нядаўна, як і падпоркі на дрэвах. Выратаванне старога парку праведзена ў рамках маштабнага праекта «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да зялёнай эканомікі», які фінансуецца ЕС і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Праект толькі што завяршыўся, і яго галоўным вынікам стала стварэнне на тэрыторыі парку Экалагічнага адукацыйнага цэнтра. Гэта сапраўдны рай для батанікаў. Бо можна не толькі прачытаць аб рэдкіх раслінах, але і ўбачыць іх. Расце тут клён Гінала, вязы, грабы, чырвоны дуб, павіслая бяроза, рабінія лжэакацыя, белая таполя — усяго 41 від дрэў і кустарнікаў. Ёсць незвычайныя экзэмпляры. Чэслаў Барко абавязкова раскажа сваю версію аб цесна сплеценых чарэшчатым дубе і ліпе, кроны якіх губляюцца недзе ўгары. На яго думку, дрэвы спляліся, каб разам свой век дажываць і адно аднаго падпіраць.

Партнёры лясгаса — «Беларускае батанічнае таварыства» разам з Інстытутам эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі — пастаянна даследуюць парк, які мае навуковае, гістарычнае і экалагічнае значэнне. Яны і даюць рэкамендацыі па яго ўтрыманні. Напрыклад, сцяжынкі тут натуральныя, толькі прысыпаныя драўнянымі шчэпкамі. Травяністыя расліны скошваюць толькі раз у канцы лета, каб захаваць прыродную разнастайнасць. Лічыцца, што парк павінны быць больш лясным, чым гарадскім.

Гэта і вабіць сюды жыхароў Ліды. А для дзяцей уладкавана свая пляцоўка і маршрут па Алеі казак. На тэрыторыі парку «Горні» ёсць турыстычны комплекс, дзе можна застацца на некалькі дзён. Цяпер тут усталёўваюць музей мёду, бо ёсць і свая пасека.

Нядаўна ў парку з'явілася новая алея, якая вядзе да воінскага абеліска. Помнік Невядомаму салдату стаіць з 60-х гадоў. Месца расчысцілі, старыя бярозы спілавалі, пасадзілі новыя.

У парк наведваюцца і шлюбныя пары. Для іх пабудавана альтанка. У сезон яны садзяць тут сваё Сямейнае дрэва. У будучыні плануецца стварыць кустарнікавы лабірынт, паставіць альтанкі, драўляныя скульптуры. Пакуль работа па захаванні ўнікальнага дэндрапарку толькі пачалася, зазначыў Чэслаў Барко. Але добра, што на гэта звернута ўвага, бо такіх унікальных месцаў у нас не так многа. І хто ведае, можа дрэва, замацаванае падпоркамі, прастаіць яшчэ гадоў сто...

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Клён на падпорках

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.