Вы тут

Самыя незвычайныя дажджы, якія здараліся ў свеце


Як толькі дождж пачынае імжэць, адны людзі бягом ад яго хаваюцца як мага далей, а іншыя любяць пад ім пагуляць ці парадавацца, калі яго даўно не было, напрыклад, улетку. Але не заўсёды нябёсы льюць на нас з неба ваду. Часам яны пасылаюць на зямлю проста неймаверныя ападкі з нечаканых рэчаў ці нават жывых істот, якія зусім не павінны знаходзіцца сярод аблокаў.


Дождж са старадаўніх манет (XVІ—XVІІ стст. Мяшчэры, Расія, 1940 г.)

У той дзень на жыхароў расійскай вёсачкі выпаў цэлы скарб — каля тысячы сярэбраных манет! Як кажуць навукоўцы, каб падняць такую вагу ў паветра, патрэбна велізарная колькасць энергіі, якую можа прынесці хіба што смерч. Усё б нічога, але смерчы для гэтых шырот наогул нехарактэрныя. Па адной з версій, падчас навальніцы быў размыты скарб, а моцны ўраган падняў яго ў паветра і выкінуў у раёне шчаслівай вёскі. Дарэчы, да гэтага, у лістападзе 1940 года, у англійскім горадзе Хэнхэме ішоў дождж з манет вартасцю ў адзін і паўпенса.

Дождж з жаб

(в. Каджа Джановік, Сербія, 2005 г.)

«Тысячы жаб абрынуліся на нас разам з дажджом», — расказваў тады мясцовы жыхар Аляксандр Сайрык. Усе мясцовыя жыхары былі ў здзіўленні, адкуль маглі ўзяцца халаднакроўныя жывёлы ў небе. На самай справе, як тлумачыць адзін са спецыялістаў, прычынай гэтаму мог стаць моцны віхор, які прынёс жаб з бліжняга возера ці іншага вадаёма.

Фруктовы дождж

(Кавентры, Англія, 2011 г.)

«Гэта было так нечакана і незразумела, што ўсе проста здранцвелі», — казаў адзін з відавочцаў падзеі. Яблыкі — садавіна не вельмі і лёгкая, таму яны маглі нанесці немалую шкоду. На шчасце, людзі не пацярпелі: ахвярамі яблыкападу стала некалькі аўтамабіляў. Некаторыя людзі сярод яблычнай манны нябеснай таксама знаходзілі моркву і нават дробныя качаны капусты.

Чырвоны дождж

(Керала, Індыя, 2001 г.)

Працягваўся гэты лівень ні многа ні мала два месяцы. З-за жахлівага крывава-чырвонага адцення людзі бачылі ў гэтых ападках вельмі дрэнны знак. Аднак навукоўцы супакоілі напалоханых жыхароў: дождж афарбаваўся з-за спор мясцовага лішайніка. Дарэчы, акрамя чырвоных ападкаў, чалавецтва бачыла таксама аранжавыя і нават ружовыя дажджы.

Дождж з павукоў

(Гоўлберн, Аўстралія, 2015 г.)

З'ява, вядома, не з прыемных. Эколагі заяўляюць, што павучкі гэтага віду залазяць на дрэвы, дзе плятуць павуцінне, якое вельмі нагадвае парашут. Вецер раскідвае іх на вялікія адлегласці. Так што не здзіўляйцеся, калі ў Аўстраліі вам калісьці на галаву пасыплецца дождж з павукоў.

Дождж з чарвякоў

(Шатландыя, 2011 г.)

Уявіце сабе, што гэты дождж абрынуўся на вучняў адной са школ, якія ў гэты час знаходзіліся на стадыёне падчас урока фізкультуры. Дэвід Крайтан, іх настаўнік, быў вымушаны перапыніць заняткі і эвакуіраваць школьнікаў у памяшканне. Затым педагог разам са сваімі падапечнымі яшчэ доўга збіралі чарвякоў, каб аддаць іх на экспертызу. Усяго было знойдзена 120 чарвякоў у радыусе 92 м. Навукоўцы выказалі здагадку, што чарвякоў прынёс вецер, аднак у той дзень было сонечнае і ціхае надвор'е. Так што тлумачэнняў так і не знайшлося.

Дождж з драздоў

(Арканзас, ЗША, 2011 г.)

Птушкі, якія падаюць з неба, — таксама не рэдкасць. Так, у навагоднюю ноч 2011 года ў ЗША на жыхароў упала 4 000 чорных драздоў, прычым усе былі мёртвыя. Арнітолагі доўга даследавалі гэты незвычайны выпадак і прыйшлі да высновы, што птушкі загінулі не ад удару аб зямлю, а пры сутыкненні з нейкім прадметам. Адны навукоўцы казалі, што ўсяму віной былі навагоднія феерверкі. Іншыя ж настойвалі на тым, што з-за дрэнных умоў надвор'я дразды страцілі арыенцір і пачалі ўразацца ў дрэвы і хаты. Праз некалькі дзён дождж з мёртвых галак, крумкачоў і сарок абрынуўся на шведскі горад Фальчопінг. Гэтым разам жыхары знайшлі каля 10 000 загінулых птушак.

Рыбны лівень

(Ёра, Гандурас, май — ліпень, штогод)

Рыбны лівень у Гандурасе — з'ява не тое што звыклая, а традыцыйная. Адбываецца гэтае дзейства недалёка ад горада Ёра ў перыяд з мая па ліпень. Гэта выглядае прыблізна так: у 17—18 гадзін вечара над зямлёй навісае чорная хмара, далей грыміць гром, бліскае маланка і з неба пачынаюць падаць рыбкі. Між іншым, гэтая невытлумачальная з'ява нават упамінаецца ў гандураскім фальклоры. Факт рыбных дажджоў апісваў нават вялікі вучоны Гумбальт.

Пшанічны дождж

(Іспанія, 1804 г.)

Шчаслівыя жыхары так узрадаваліся жыватворнаму дажджу, што падумалі: без уплыву Бога тут сапраўды не абышлося. Аднак насуперак тэорыі здзіўленых хрысціян навукоўцы знайшлі іншую прычыну: збожжа было прынесена моцным ветрам з разбураных складоў Паўночнай Афрыкі.

Дождж з прысмакам вайны

(Лейквуд, ЗША, 1984 г.)

Акрамя жывых істот і розных рэчаў, на Зямлю часам падаюць проста-такі нечаканыя прадметы. Так, у 1984 годзе ў горадзе Лейквуд з неба раптам абрынуўся артылерыйскі снарад вагой 12 кг. Аналагічны выпадак меў месца 7 лютага 1958 года ў Неапалі: там упаў нямецкі снарад часоў Другой сусветнай вайны.

Дождж з медуз

Такія дажджы здараюцца тут і там, прычым часта ў месцах, якія знаходзяцца за сотні кіламетраў ад марскога ўзбярэжжа. Дажджы з медуз былі зафіксаваныя ў Токіа, Пекіне, Іркуцкай вобласці і штаце Тэхас.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Скарб з нябёсаў

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.