Вітаўт (1350—1430)


Хочацца абстрагавацца ад тых гучных эпітэтаў, якімі надзялілі яго сучаснікі і наступнікі: вялікі, слаўны, гераічны і г. д., і больш аб'ектыўна зірнуць на гэтую ўсё ж вялікую, але ж і драматычную постаць беларускай гісторыі. Культ Вітаўта пачаў складацца ўжо пры яго жыцці, што яскрава праявілася ў летапіснай «Пахвале Вітаўту», а пасля развіўся ў ХVІ стагоддзі, у часы павольнага заняпаду ВКЛ. Вітаўт зрабіўся сімвалам велічы Літвы, дзяржаўнай магутнасці Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

Сапраўды пры Вітаўце ВКЛ было самай моцнай дзяржавай ва Усходняй Еўропе. Яе межы сягалі ад Падляшша да ракі Угры, ад Балтыйскага да Чорнага мораў — адна з найбуйнейшых тагачасных еўрапейскіх дзяржаў. У залежнасці ад Вітаўта знаходзіліся татарскія ханы і рускія князі. Усё гэта ўражвае і напаўняе гонарам сэрцы патрыётаў, як у сучаснай Летуве (дзе Вітаўт з'яўляецца нацыянальным героем), гэтак і ў Беларусі (дзе ён знаходзіцца на правах пасынка). Ёсць чым ганарыцца і адначасова няма чым ганарыцца. Дзяржаўная магутнасць — гэта плён дзейнасці Вітаўтавых папярэднікаў, перш за ўсё Альгерда. А пашырэнне меж дзяржавы да Чорнага мора — непатрэбная справа, якая каштавала ВКЛ дарэмных ахвяр. Далучаны і без Вітаўта Смаленск быў пад уладай ВКЛ. Далучэнне адсталай і спустошанай крыжакамі Жамойці мела б тады важнае значэнне, калі б там узніклі партовыя гарады, што звязала б ВКЛ напрасткі па моры з Еўропай і перакрыла б Рыжскі гандаль. Вітаўт гэтага не разумеў і не зрабіў, як і яго наступнікі.

Зрэшты, авантура з былым ханам Залатой Арды Тахтамышам і прайграная 12 верасня 1399 года бітва на Ворскле дорага каштавалі ВКЛ, прынамсі, страты часткі свайго суверэнітэту паводле Віленска-Радамскай уніі. І што мы бачым, дзе веліч Вітаўта? За што яго назвалі Вялікім?


Так, у славутай Грундвальдскай бітве Вітаўт праявіў асабістую мужнасць, узяў, па сутнасці, на сябе кіраванне саюзным войскам, але перамога над крыжакамі не была цалкам яго заслугай. Ды і вынікі гэтай перамогі аказаліся не такімі значнымі. Вітаўт не змог завалодаць найважнейшым портам на Балтыцы Кралеўцам, што сапраўды прынесла б эканамічную і стратэгічную карысць ВКЛ. І галоўнае — гэтак і не зрабіўся ён каралём і не ператварыў сваю дзяржаву ў каралеўства, даўшы ёй гістарычны шанц жыць самастойным дзяржаўным жыццём, стаць паўнапраўным суб'ектам еўрапейскай палітыкі. Шанц, які ўпусціў Вітаўт. Немалая віна Вітаўта ў міжусобных войнах з Ягайлам, калі ён, па словах рускага летапісца, «шмат зла зрабіў зямлі Літоўскай».

Магчыма, я даволі суровы да постаці Вітаўта, наўмысна не бачу таго станоўчага, што зрабіў ён, не ўлічваю яго магчымасці і цяжкасці, якія ён вымушаны быў пераадольваць. Усё гэта я бачу і ўлічваю, але мяркую, як на вышэйшым судзе, па самым высокім рахунку, так бы мовіць, па-гамбургску. Калі табе дадзена вялікая ўлада, дык і справы твае павінны быць вялікія на вякі, дзеля наступных пакаленняў. На жаль, пры ўсім жаданні, такіх вялікіх спраў у Вітаўта няма; значныя, неабходныя, патрэбныя ёсць, а вялікіх... Можа я памыляюся?

Паўстанне Вітаўта ў 1389 годзе супраць Ягайлы ў некаторай меры астудзіла польскія імпэты «прыватызаваць» ВКЛ. Але яшчэ раней, у 1387 годзе, паўстаў Андрэй Полацкі, паўстанне якога падаўляў Вітаўт разам са Скіргайлам.

Стаўшы вялікім князем літоўскім, Вітаўт здолеў зрабіць тое, што не змаглі зрабіць еўрапейскія манархі — правесці цэнтралізацыю дзяржавы, ліквідуючы ўдзельныя княствы. На месцы ўдзельных князёў ён прызначыў сваіх намеснікаў, пераважна з літвінаў, якія праводзілі агульнадзяржаўную палітыку, ахвяраваўшы дзеля яе мясцовымі інтарэсамі. Такім чынам, Вітаўт выкарыстоўваў сілы ўсіх зямель, што ўваходзілі ў ВКЛ, толькі па-разумнаму не змог іх выкарыстаць. Паражэнне на Ворскле прымусіла ісці на ўступкі Ягайлу, які пад ціскам палякаў дамогся ад яго пацвярджэння Крэўскай уніі. Не падначаліў Вітаўт сваёй уладзе Пскоў і Ноўгарад Вялікі, хоць і ваяваў з імі. Сілы разыходзіліся на такія вось няўдалыя войны, а не на ажыццяўленне нейкай адной значнай задачы. Нават далучэнне да ВКЛ Жамойці толькі дадало клопатаў і праблем. Давялося Вітаўту ў 1413 годзе гвалтам насаджаць там каталіцтва, дадаўшы да сваёй сумнай славы «крывапіўца» сярод жамойтаў за падаўленне іх паўстання ў 1405 годзе, славу знішчальніка іх веры. З-за Жамойці Вітаўт загразнуў у доўгіх спрэчках з Ордэнам, якія, па сутнасці, нейтралізавалі ажыццяўленне яго даўняй мары — зрабіцца каралём. Ён губляў дарагі час на доказы прыналежнасці Жамойці да ВКЛ. Як тут не нагадаць Міндоўга ці таго ж Ягайлу, якія дзеля сваіх палітычных мэт лёгка аддавалі Жамойць Ордэну. Пэўна, Вітаўт меў да Жамойці, як матчынай радзімы, сентыментальныя пачуцці і не хацеў гандляваць ёй, тым больш па маці Біруце ён быў жамойтам.

І толькі тады, калі старасць па-здрадніцку падкралася да яго, Вітаўт спахапіўся і пачаў дзейсна рыхтаваць глебу для сваёй каранацыі, заручыўшыся падтрымкай імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Сігізмунда І. Але дзеля гэтага трэба было ісці на разрыў з Польшчай, супраць чаго падняліся палякі і Ягайла. Яны сарвалі каранацыі ў Луцку ў 1429 годзе падчас з'езду Вітаўта і Сігізмунда І, а пасля ўжо ў Вільні ў 1430 годзе імператарскія паслы, якія везлі Вітаўту карону, даведаўшыся аб заставах на польскіх межах, спыніліся ў Франкфурце. Вітаўт так і не дачакаўся каралеўскай кароны. 27 кастрычніка 1430 года ён памёр у сваім Троцкім замку. Ян Длугаш дае Вітаўту пахвальную характарыстыку: «Сярод людзей нашага часу было пашырана меркаванне, што нікога з сучасных правіцеляў нельга параўнаць з Вітаўтам, што ні адзін з іх не пераўзыходзіць яго ні шчодрасцю, ні ўмелымі дзеяннямі. Ён першы славай здзейсненых спраў, якія пракаціліся рэхам сваіх дзеянняў, вынес на свет і асвяціў бедную і няшчасную сваю айчыну, якая пры наступных князях не мела падобнай велічы». Усё пазнаецца ў параўнанні, і, як бачым, Вітаўт відавочна пераўзыходзіў і тагачасных уладароў, і сваіх наступнікаў, але сярод іх не было сапраўды вялікіх асоб.

Ды і хто з іх пражыў такое драматычнае жыццё, як Вітаўт? Ён спазнаў шмат выпрабаванняў лёсу: страту бацькоў, сыноў, якіх атруцілі крыжакі, няволю, ганебныя ўцёкі ад татараў, знявагу ворагаў і сяброў, здраду падданых і шмат чаго іншага. А зрабіўшыся вялікім князем, не траціў час на пацехі, паляванне, гульні, увесь аддаўся дзяржаўным справам. Правіў ён сурова, але справядліва, караў дзяржаўцаў і чыноўнікаў, якія разбагацелі на збіранні пабораў і рабаванні, што падабалася народу. Ён не аддзяляўся ад народа і кожны пакрыўджаны мог паскардзіцца свайму гаспадару на крыўдзіцеля. Сапраўдны ўзор клапатлівага гаспадара дзяржавы. Гэткім ён і застаўся ў народнай памяці, а не як «паходня вайны», як называлі яго сучаснікі за шматлікія войны, якія ён вёў. Як чалавек Вітаўт наўрад ці быў шчаслівы; згубіўшы сыноў (адзіная дачка Соф'я была жонкай маскоўскага князя Васіля Дзмітрыевіча), ён пазбавіўся нашчадкаў і спадкаемцаў свайго жыцця, і яму заставалася быць «бацькам дзяржавы». Няздзейсненая мара стаць каралём прыгнятала яго на смяротным ложы, рабіла жыццё бессэнсоўным, ён умаляў Ягайлу дазволіць каранаваць, але дарэмна. І адзіным яго суцяшэннем было разуменне, «што кожны чалавек уваскрэсне пасля смерці і атрымае адпаведную плату за свае справы». Ці намякаў на пакаранне Ягайлы, ці спадзяваўся на боскую літасць за свае справы, а вось ад наступных пакаленняў ён сапраўды атрымаў належную плату — удзячную памяць пра сябе і найменне Вялікі.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».