Вы тут

Метады арганічнага земляробства


Труціць сад хіміяй неабавязкова — ёсць куды больш эфектыўныя спосабы аднавіць прыродны баланс. Гэта адпужванне, маскіроўка, адцягненне і прыцягненне.


Адпужванне

Многія насякомыя-шкоднікі не пераносяць рэзкія пахі піжмы, палыну, тагецесаў (аксамітак), календулы і іншых. Пасадзіце расліны-абаронцы ў стратэгічна важных месцах: вакол ягадных кустоў або па перыметры агарода. Выкарыстоўвайце падручныя сродкі: так, расаду капусты пасля перасадкі ў адкрыты грунт можна прысыпаць драўняным попелам — гэта саб'е з панталыку крыжакветных блошак і адначасова ўгноіць глебу.

Маскіроўка

Паспрабуйце сумешчаныя і ўшчыльненыя пасадкі. Пасадзіўшы расліны ўразнабой, перамяжоўваючы і чаргуючы іх адну з адной, можна тым самым замаскіраваць асабліва «смачныя» для шкоднікаў віды. Яны іх папросту не знойдуць.

Вядома, гэты прыём у першую чаргу эфектыўны для агарода, але і ў кветніках, і ў пладова-ягадным садзе таксама можа дапамагчы. Напрыклад, два рады парэчак, падзеленыя малінай, будуць у большай захаванасці, чым без падобнага падзелу. І наадварот: навала касачоў і лілей у межах аднаго кветніка можа прывесці да масавага паражэння трыпсамі і іншымі паразітамі. Памятайце пра гэта, ствараючы калекцыі.

Адцягненне

Яшчэ адзін прыём захавання каштоўных відаў раслін ад шкоднікаў — гэта адцягненне. Пакіньце дзе-небудзь у кутку сада, але недалёка ад кветніка або агарода крыху шматгадовага пустазелля. На кожным участку гэта будуць свае віды, але, напэўна, вы заўважалі, што чартапалох або рамонак лекавы ўсе абсыпаныя тлёй, а на квітнеючы куст хрэну збіраюцца розныя вусені. У такім суседстве вашым садовым раслінам нічога не пагражае — яны менш смачныя для насякомых.

Парада: З аднаго пустазелля шкоднікаў лягчэй сабраць. І, што важна, не шкада знішчыць разам з раслінай.

Прыцягненне пчол і чмялёў

Змагацца са шкоднікамі мала — тэорыя арганічнага земляробства кажа пра тое, што аднолькава важна прыцягваць у сад «прыродных ворагаў». Драпежнікі з'явяцца ў садзе самі, а вось пчол і чмялёў варта завабліваць спецыяльна. Для гэтага абавязкова высаджвайце расліны-меданосы з такім разлікам, каб яны цвілі бесперапынна, змяняючы адна адну.

Увесну гэта будуць пралескі, крокусы, вярба, дэкаратыўныя цыбулі, мядунка, бэз. Цвіценне бружмелі, каліны, парэчак, вішні, яблыні таксама напоўніць сад гудзеннем пчол.

У пачатку лета — аквілегія, дэльфініум, барага (агурочная трава), званочак, каціная мята, кізільнік, герань, мардоўнік, ільвіны зеў, духмяны гарошак, чабор.

У канцы лета — касмея, эхінацэя, настурка, расходнік пурпурны, цыкорыя, фацэлія.

Парада: Расліны лепш высаджваць на сонца групамі, каб апыляльнікам лягчэй было іх знайсці.

Парада: Стварыце ўмовы для жыцця. Неабавязкова будаваць спецыяльныя домікі для тых, хто прыляцеў да вас у сад, — тым больш што мы не заўсёды можам адгадаць патрэбы нашых сяброў. Дастаткова пакінуць у якім-небудзь кутку саду купку будаўнічага смецця з шыферу і цэглы.

Вожыкі любяць галінкі — складзіце за адрынай каля плота ламачча; адна пара вожыкаў цалкам пазбавіць ваш сад ад смаўжоў.

Выдатна, калі на ўчастку ёсць сажалка з воднымі раслінамі, у ёй абавязкова з'явяцца жабы.

Пры пакосе пакідайце некранутым кавалачак саду дзе-небудзь у гушчы кустоў і не на прахадным месцы, каб дробным звяркам было дзе схавацца.

Важна: Выкарыстоўваць ці не ў сваім садзе хімічныя прэпараты для барацьбы з шкоднікамі і пустазеллем — вырашаць вам. Але нават калі вы не гатовыя ад іх цалкам адмовіцца, абавязкова прытрымлівайцеся дазволеных тэрмінаў апырсквання і не распыляйце іх у перыяд масавага цвіцення раслін, каб як мага менш нашкодзіць насякомым-апыляльнікам.

Знішчаем пустазелле

Каб знішчыць пустазелле без гербіцыдаў, выкарыстоўвайце соль і воцат. Прыгатуйце раствор: 3,8 літра воцату, 1/2 шклянкі солі, некалькі кропель любога вадкага мыйнага сродку (каб кроплі раствору прыліпалі да пустазелля). Добра змяшайце. Найбольш эфектыўна гэтая сумесь працуе ў спякотны, сонечны дзень, калі дажджу не чакаецца па меншай меры на працягу 24 гадзін. Апырскайце пустазелле раніцай, вечарам вы ўжо пацешыцеся выніку.

Гэтая сумесь забівае ўсе расліны, якія ўступаюць з ёй у кантакт, так што выкарыстоўвайце з асцярожнасцю. Яшчэ яна вымывае з глебы пажыўныя рэчывы, таму лепш выкарыстоўваць яе для такіх месцаў, як пад'язныя шляхі, унутраныя панадворкі, дарожкі і г.д., там, дзе няма культурных пасадак.

Выкарыстоўвайце для апрацоўкі пустазелля 15—20-працэнтны воцат. Калі браць 5-працэнтны, то можа спатрэбіцца паўторная апрацоўка.

Вядучая рубрыкі Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».