Вы тут

Бяда атакуе з неба


У пачатку жніўня ў Беларусі восы, пчолы і шэршні становяцца даволі актыўнымі. Гэтаму спрыяе як цёплае надвор'е, якое нарэшце прыйшло ў краіну, так і час ураджаю — джаланосныя насякомыя вельмі ахвочыя да салодкіх і спелых ягад. Але суседства з імі можа быць крайне небяспечным для чалавека.

Паказальны выпадак здарыўся ў 2015 годзе ў Мінскім раёне. 57-гадовага мужчыну ўджалілі адразу дзевяць шэршняў. Яны роем атакавалі чалавека, які сарваў штыкеціну, за якой і знаходзілася іх гняздо. Уратаваць небараку не здолелі — ён памёр яшчэ да прыезду «хуткай дапамогі».

Зразумела, калі паласатыя агрэсары атакавалі, — змагацца з імі ўжо цяжка. Куды лепш папярэдзіць развіццё такіх падзей. Як жа гэта зрабіць? Пра гэта расказала афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ.


Пра духі лепш пакуль забыць

Адпраўляючыся на адпачынак на прыродзе, яркае адзенне пакіньце дома. Каб было як мага менш адкрытых участкаў цела, лепш надзець кашулю з доўгімі рукавамі, а на ногі — закрыты абутак, кшталту туфляў або красовак. Дэзадаранты, адэкалон і духі на гэты час варта паставіць на паліцу. Рэчывы, якія ў іх знаходзяцца, выклікаюць «цікавасць» небяспечных насякомых. Ляцяць яны і на адкрытую садавіну і сокі, што можна назіраць на кірмашах. Што ўжо казаць пра прыгатаванне варэння, калі ў пакінутае адкрытым акно пачынаецца сапраўднае паломніцтва вос і пчол...

Заўважыўшы вулей пчол ці гняздо шэршняў, адзінае, што можна зрабіць, — вельмі асцярожна выбрацца назад па тым жа шляху, па якім вы прыйшлі. Нават калі ў вас і ў думках не было неяк шкодзіць перапончатакрылым, то яны могуць расцаніць вас як патэнцыйную пагрозу з усімі наступствамі. Між іншым, патрывожыць вос у гняздзе можа нават вібрацыя ад даволі гучнай музыкі.

Толькі адзін укус...

Для свайго пражывання восы, пчолы і шэршні часцяком выбіраюць чалавечае жыллё або гаспадарчыя пабудовы. Яно і не дзіўна — там цёпла, даволі шмат цёмных і зацішных месцаў, а таксама ежы. Больш спрыяльных умоў прыдумаць для насякомых складана. І ўсё б нічога, але непажаданыя госці з вялікім імпэтам бароняць ад замахаў сваё жытло. І атакуюць любога, хто спрабуе наблізіцца да гнязда. Між іншым, звычайная аса здольная нанесці чалавеку некалькі ўдараў запар. А адзін-два ўкусы шэршня з высокай доляй імавернасці могуць стаць смяротнымі.

У кожнага чалавека арганізм рэагуе на ўкус індывідуальна. Сур'ёзныя алергічныя рэакцыі на атруту джаланосных агрэсараў сустракаюцца, на шчасце, нячаста. Часцей за ўсё справа заканчваецца невялікім ацёкам і болем. Рэкамендуецца прыкласці да месца ўкусу марлевы тампон, змочаны сумессю нашатырнага спірту з вадой, або прамыць ранку нашатырным або этылавым спіртам. Але пра асноўныя прыкметы алергіі ведаць усё ж трэба.

Як правіла, яна ўзнікае праз некалькі хвілін. Праяўляцца яна можа па-рознаму ў выглядзе сыпу — лакальнага або распаўсюджанага па ўсім целе. У месцы ўкусу з'яўляецца ацёк, які імкліва прагрэсуе. З'яўляецца кашаль, голас становіцца сіплым. Чалавека ванітуе. Яго кідае ў халодны пот.

Адлік ідзе на секунды

Самае небяспечнае праяўленне алергіі — гэта анафілактычны шок. Па хуткасці і цяжкасці развіцця ў яго няма канкурэнтаў. Часам здараецца так, што некаторыя ўджаленыя толькі паспяваюць сказаць, што ім блага, і тут жа трацяць прытомнасць. «Набор» прыкмет анафілактычнага шоку заўважыць проста. У пацярпелага рэзка падае артэрыяльны ціск, скура мяняе свой колер на сінюшны, чырвоны або бледны, чалавека кідае ў халодны пот. Твар і язык ацякаюць.
І пачынаюцца сутаргі.

Калі ў пацярпелага пачынаецца развіццё такіх сімптомаў,  трэба неадкладна выклікаць хуткую дапамогу. Пакуль медыкі будуць ехаць, сёе-тое можна зрабіць і самім. Калі джала засталося ў скуры, то яго трэба адтуль выцягнуць. Для гэтага можна выкарыстаць доўгі пазногаць, тупы бок ляза нажа, пластыкавую картку, пінцэт... Развіццё шоку запаволіцца, калі вы прыкладзяце да месца ўджальвання і да галавы пацярпелага спецыяльны ахаладжальны пакет. У аптэчку загадзя пакладзіце антыгістамінныя прэпараты, напрыклад цэтырызін, кетатыфен, ларатадын, супрасцін. Таксама там мусіць знаходзіцца нафазалін — 5—6 кропляў дапамогуць падтрымаць артэрыяльны ціск да прыезду хуткай. За пацярпелым увесь гэты час трэба ўважліва назіраць. Калі пульс на соннай артэрыі прамацоўваецца, але чалавек знаходзіцца без прытомнасці, то яго варта павярнуць на бок і прыдаць так устойлівае становішча. Але калі пульс і дыханне зніклі, то трэба неадкладна прыступаць да сардэчна-лёгачнай рэанімацыі.

Аперацыя «Ліквідацыя»

Штогод улетку дыспетчарскія службы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях прымаюць па 10—20 зваротаў за суткі з просьбай дапамагчы ліквідаваць небяспечнае гняздо. Пік іх прыпадае на жнівень — менавіта ў гэты час джаланосныя істоты становяцца занадта актыўнымі. Разам з тым тут ёсць адно «але». Як правіла, гнёзды ўтвараюцца не за дзень і не за два. Працэс гэты пачынаецца яшчэ ўвесну, а гаспадар мусіць сам клапаціцца аб тым, каб на яго падворку быў парадак. Безумоўна, калі восы ці шэршні пасяліліся на тэрыторыі дзіцячых садкоў, дамоў састарэлых і інвалідаў, бальніц, навучальных устаноў, то іх адтуль прыбяруць як мага хутчэй і бясплатна. Ці калі іх наяўнасць адкрыта пагражае жыццю і здароўю людзей. У іншых выпадках за гэтую аперацыю давядзецца даплаціць. Колькі — залежыць ад часу і складанасці працы.

Калі ж вы вырашылі здымаць гняздо самастойна, то перш за ўсё трэба паклапаціцца аб належнай экіпіроўцы, якая мусіць цалкам закрыць усе ўчасткі цела. Для гэтага паслужыць вопратка з вельмі шчыльнай тканіны, пальчаткі. А на галаву варта нацягнуць накамарнік або спецыяльную абарончую сетку.

Прыбіраць гняздо трэба выключна пасля заходу сонца, калі ўсе насякомыя заснуць. Карыстацца ліхтарыкамі катэгарычна забаронена — нават прыглушанае святло здольна перапалохаць няпрошаных насельнікаў. Самы распаўсюджаны прыём — гэта акуратна надзець шчыльны мяшок пад гняздо і зацягнуць яго. А ад паверхні, да якой гняздо прымацавана, яго лепш за ўсё аддзяліць з дапамогай вельмі вострага нажа або рыдлёўкі. Што далей рабіць з гняздом — вырашаць вам: спаліць, утапіць, закапаць... А калі гняздо знаходзіцца ў зямлі, то яго можна і заліць кіпенем.

Паклапаціцца аб тым, каб на ўчастку ці ў доме не пасяліліся нязваныя суседзі, трэба загадзя. Глыбокай восенню праінспектуйце сваю гаспадарку. Насякомыя любяць сяліцца ў нішах і шчылінах, праз якія трапляюць на гарышча. Таму ўсе магчымыя шляхі пранікнення агрэсара трэба перарэзаць.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».