Вы тут

Як самастойна ажывіць двор


У новых мікрараёнах толькі і гутарак, што пра будаўніцтва дзіцячага сада, маленькія паркоўкі і адсутнасць зеляніны. І калі самастойна вырашыць першыя два пытанні практычна немагчыма, то з трэцім, пра што часта забываюць гараджане, цалкам можна справіцца  ўласнымі сіламі. Асабліва калі дзеля агульнай карысці аб'яднацца з суседзямі.


Зялёная «рэвалюцыя»

Аднак варта памятаць і пра тое, што тэрыторыя каля шматпавярховак — не прыватныя ўладанні. Аднаму хацелася б бачыць на клумбе каля дома паўднёвыя пальмы, другому — вішню і чарэшню, каб можна было сарваць ягадку на хаду. Але пры гэтым усе адзінадушна сыходзяцца ў меркаванні, што «зялёныя лёгкія» дварам проста неабходныя.

Выхадаў з сітуацыі, калі вам здаецца, што пейзажы за акном занадта нагадваюць футурыстычныя, некалькі. Згодна з Інструкцыяй аб парадку дзяржаўнага ўліку аб'ектаў расліннага свету, размешчаных на землях населеных пунктаў, і абыходжання з імі, пад азеляненнем тэрыторыі ў жылой забудове маюцца на ўвазе тэрыторыі паблізу месцаў пражывання для штодзённага адпачынку насельніцтва (пешаходная даступнасць да 5 хвілін), фізкультурна-аздараўленчых заняткаў, шпацыраў, гульняў дзяцей дашкольнага ўзросту (пешаходная даступнасць не больш за 15 хвілін). Сумарна іх удзельная вага павінна складаць не менш за 25% жылых тэрыторый з разліку ад 9 да 60 кв.м/чал. у залежнасці ад тыпу паселішча.

Як нам растлумачылі спецыялісты экалагічнай гарачай лініі «Зялёны тэлефон», калі вам здаецца, што гэты нарматыў не выконваецца, можна звярнуцца ў адміністрацыю раёна з просьбай прадставіць план добраўпарадкавання тэрыторыі і супаставіць факты. У выпадку, калі вы па-ранейшаму ўпэўненыя ў сваёй праваце, лепш заручыцца падтрымкай суседзяў. У адпаведнасці з Законам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» зварот можа быць індывідуальным (ад аднаго грамадзяніна) і калектыўным (ад двух і больш грамадзян). Калі ж пад зваротам падпісаліся 30 і больш грамадзян, то службовая асоба не толькі па дакументах, але і з выездам на месца знаёміцца з абставінамі, што спарадзілі праблемную сітуацыю. Тэрмін адказу на адзін зварот складае 15 каляндарных дзён, калі зварот патрабуе дадатковага вывучэння — да аднаго месяца.

Далей — прамы шлях у ЖЭС з пісьмовым зваротам аб атрыманні інфармацыі: ці вылучаліся сродкі для азелянення тэрыторыі двара пэўнага дома, калі так, то на які перыяд, якія работы былі праведзены. Калі адказ на ўсе гэтыя пытанні «не» і «ніякія», варта прасіць ЖЭС запрасіць сродкі ў ЖРЭУ для азелянення тэрыторыі двароў. Калі адказ не задаволіць, неабходна самастойна напісаць зварот на імя начальніка ЖРЭУ з просьбай выдзеліць сродкі ЖЭСу і абавязаць зрабіць высадку, паколькі ў двары дома азеляненне недастатковае альбо наогул адсутнічае. Каб не быць галаслоўным, усе свае заявы неабходна падмацоўваць спасылкай на канкрэтныя пункты нарматыўнай дакументацыі, у прыватнасці на вышэйзгаданую інструкцыю. І, вядома, усё, што звязана з афіцыйнай камунікацыяй з дзяржаўнымі органамі, лепш рабіць у пісьмовым выглядзе.

Усё атрымалася? Значыць, вы паспяхова прайшлі квэст.

Мы і самі з... дрэвамі

Але зыход можа быць і іншым. І тут настае чарга другога варыянта, як атрымаць сады Семіраміды ў сучасным беларускім горадзе. Калі вам адказалі, што на цяперашні перыяд сродкаў на закупку саджанцаў няма і ў планах на найбліжэйшы перыяд такія работы не прадугледжаны, вы можаце выступіць з прапановай самастойна азеляніць тэрыторыю двара, атрымаўшы дазвол ад ЖРЭУ. Калі вы марыце, каб дрэвы з'явіліся не ў двары, а ў грамадскім месцы: скверы, зялёнай зоне, парку, уздоўж дарогі — з прапановай неабходна звяртацца ў Зелянбуд раёна.

Самастойна жыхары раёна могуць высадзіць толькі кветкі. Галоўнае, каб у суседзяў не было алергіі на гэты сорт. Пасадкі астатніх аб'ектаў расліннага свету трэба ўзгадняць для таго, каб не пашкодзіць камунікацыі ці не зрабіць гэта на тэрыторыі, якая плануецца да забудовы. Калі вы вырашылі абмінуць усю папяровую цяганіну, рыхтуйцеся да таго, што ў далейшым вашы зялёныя гадаванцы будуць выдаленыя. Яшчэ трэба памятаць, што ўзгадняецца не толькі сам факт высадкі дрэва ў тым ці іншым месцы, але і яго сорт. Чым больш моцная і развітая каранёвая сістэма ў дрэва, тым большая магчымасць, што яно можа пашкодзіць камунікацыі ці прывесці да дэфармацыі дарожнага пакрыцця, а значыць, дазвол вы не атрымаеце. Перавагу лепш аддаваць не надта высокім і камлюкаватым дрэвам, бо на цень ад іх могуць скардзіцца жыхары ніжніх паверхаў.

Аднак дрэвы і хмызнякі трэба не толькі высадзіць, але і даглядаць іх, што яшчэ складаней. Неабходна афіцыйна замацаваць, хто будзе гэтым займацца: адпаведная арганізацыя або самі жыхары. Галоўнае, каб свае абавязкі яны выконвалі не фармальна, а на справе. Інакш жыхароў могуць абавязаць вылучаць сродкі спецыялістам на догляд зялёных насаджэнняў.

Лепш за ўсё пачынаць увесь працэс з атрымання і аналізу інфармацыі, супастаўлення з рэальным станам азелянення тэрыторыі ў сярэдзіне года — якраз зараз. Бо ў адміністрацыях раёнаў у гэты перыяд пачынаюць складаць план работ на наступны год, які зацвярджаюць у снежні.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Анатоля Клешчука

Загаловак у газеце: Ператварыць каменныя джунглі ў амаль сапраўдныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?