Вы тут

Як пенсіянеры бавяць час у парку


«У шахматы гуляю з дзяцінства. Я ў вёсцы жыў, грошай не было, і мы з сябрам самі выразалі фігуркі з дрэва. А як пасварымся, ён за свае хапаецца, я за свае — і па дамах», — з усмешкай успамінае Іван Іванавіч Данільчык, пакуль яго сапернік прадумвае наступны ход. Згуляць парцеечку ў шахматы пенсіянер прыходзіць у парк амаль кожныя выхадныя. Як пажылыя мінчане праводзяць летнія вечары — у нашым рэпартажы з парку імя Чалюскінцаў.


Гіганты думкі

Узяць вось Івана Іванавіча. Пад Мінскам, у пасёлку Гарадзішча, у яго ёсць лецішча, але, прызнаецца пенсіянер, ехаць туды не хочацца: сумна. Іншая справа — сустрэчы за чорна-белай дошкай у гарадскім парку.

— У 5-м класе я ўзяў у бібліятэцы дапаможнік па шахматах для пачаткоўцаў — так і навучыўся гуляць, — расказвае дзядуля, адзеты як апошні моднік: у штанах па шчыкалатку, ружовай кашулі і камізэльцы. — Памятаю, яшчэ Батвіннік гуляў (першы савецкі чэмпіён. — Аўт.), і мы па радыё турніры слухалі і запісвалі хады. Расставім фігуркі гэтак жа, а што як рабіць — не кумекаем. Але цікава было.

Сёння Іван Іванавіч гуляе белымі. Шахматнага гадзінніка на стале няма: «адцягвае ўвагу пстрыкаць».

— Хутка партыю разыгрываеце?

— Куды там, — адмахваецца суразмоўнік. — Ужо і нашы гады не тыя.

Унукі ў Івана Іванавіча ёсць. Дзяўчынка вучыцца ў восьмым класе, а хлопчык толькі ў першы пойдзе. Але ў шахматы з дзядулем не гуляюць. «Ім іншае цяпер цікава — камп'ютар», — уздыхае прыхільнік Батвінніка.

За суседнім сталом сваю логіку выпрабоўвае Цярэнцій Сяргеевіч Хейлік. «Люблю шахматы, але гуляю рэдка: часу няма. Працую пакуль — у медыцыне, неўролагам», — расказвае пра сябе гулец.

— Як выйграць партыю?

— Трэба ведаць тэорыю, наперад думаць і за сябе, і за саперніка.

Цярэнцій Сяргеевіч увогуле любіць культурны адпачынак. Па тэатрах ходзіць. А нядаўна слухаў гурт «Чысты голас» у канцэртнай зале Верхняга города. Спадабалася.

Непадалёк гуляюць у прэферанс. На грошы. Таму і нервуюцца. «Саша, ды адыдзі ты! Ты як падыходзіш, гульня не ідзе»...

— Журналісты? Вы лепш напішыце, як мангалы курадымяць — гэта ж кан-цэ-ра-ге-ны! Вунь тры з аднаго боку стаяць, два — з другога. Як курыць, дык забараняюць, а мангалы ставіць у парку, значыць, можна? — абураецца адзін з пенсіянераў.

І зноў пра шахматы. За адной з дошак не здаецца Станіслаў Сасноўскі. «Гігант думкі», як ён сам жартам характарызуе сябе. Мужчына, дарэчы, — заслужаны майстар спорту. Толькі не па шахматах, а па лёгкай атлетыцы. Два метры шэсць сантыметраў у вышыню некалі скакаў. А шахматы так, для душы.

— Калі толькі не на працы, я тут, — кажа Станіслаў, не адрываючы позірку ад дошкі. — Не, я даўно на пенсіі, але жонка прымушае працаваць, грошай не хапае.

Пад хіты — на абцасах

«Фантазёр, ты мяне называла...» — даносіцца з глыбіні парку. Там ужо пачынаецца дыскатэка для тых, каму «за». На гадзінніку пачатак пятай, і каля ўвахода на танцпляцоўку сабралася даўжэзная чарга.

Унутры шмат народу. Хтосьці ліха вытанцоўвае пад песні сваёй маладосці, хтосьці — звычайна мужчыны — сціпла стаіць у старонцы.

— Я прыходжу па нядзелях. Рэдка танцую, але стаю адпачываю. Люблю патанцаваць з прыгожай жанчынай, — прызнаецца Рыгор Аляксеевіч Хальцаў.

Ён заўважае, што шмат дзе жыў, і ў Расіі, і ва Украіне, але такой дыскатэкі нідзе не бачыў. У палацах культуры было, а вось каб пад адкрытым небам — толькі ў Мінску.

— Тут музыка добрая, лепш, чым у Палацы культуры чыгуначнікаў. Здаецца, дыджэй нядаўна змяніўся. Бо тры гады дагэтуль песні былі так сабе, а цяпер цудоўныя, — лічыць Рыгор Аляксеевіч.

Але ёсць і мінусы. «Мала павольных танцаў, — кажа мужчына. — Калі запрасіць каго хочаш, чакаеш доўга. І «белых танцаў» няма. Жанчыны, думаю, запрашалі б. А то мужчыны многія стаяць безыніцыятыўныя, як я...»

Побач спыняецца жанчына і дастае памаду з кішэнным люстэркам, каб падфарбаць вусны. Колер — модны слівавы. Пачуўшы размову пра музыку, далучаецца да дыялогу:

— А я люблю хіты 60—80-х — АBBА, Mоdеrn Tаlkіng, Bоnеу M. Нават флэшку сваю з песнямі прынесла — не ставяць. Кажуць: «Потым, потым». Вось што гэта? — гучыць нешта з рэпертуару Бабкінай. — Музыка для страсення ўнутраных органаў!

Аматарка заходніх хітоў прадставілася Таццянай — проста Таццянай. «Мы тут без прозвішча, без узросту. Усе маладыя, — з калонак на пляцоўку «ўрываецца» песня Сярдзючкі. — Вой, «Ружовы світар», я пайшла танцаваць».

Некаторыя гараджане на дыскатэцы ўпершыню. «Не ў кватэры ж сядзець, — дзеляцца з намі дзве сяброўкі з высокімі прычоскамі. — Дзе пажылым яшчэ адпачыць? Трэба ж недзе знаёміцца, уборы праветрываць».

Уборы, трэба сказаць, наведвальнікі танцпляцоўкі выбіраюць старанна. Мужчыны пераважна ў кашулях ды класічных штанах, жанчыны — ва ўрачыстых сукенках і на абцасах. На абцасах, праўда, танцаваць праблематычна: пакрыццё не тое. Дамы скардзяцца: ногі на гэтай плітцы паламаць можна.

На дыскатэку, дарэчы, прыходзяць не толькі мінчане. Прыязджаюць пенсіянеры і з Барысава, і з Мар'інай Горкі. У іх, кажуць, у маленькіх гарадах, падобнага няма. А сталічныя пажылыя сумуюць па старой пляцоўцы «Сустрэча». «Дай Бог дажыць, калі яе адкрыюць», — уздыхае нехта з дам.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: «Фантазёр» ты мяне называла...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».