У сёлетняй складанай па кліматычных умовах уборцы патрэбна напружанасць і зладжаны падыход — лічаць у Камітэце дзяржкантролю Гродзенскай вобласці.
Хоць уборка пачалася, некаторыя гаспадаркі не поўнасцю адрамантавалі зернеўборачную тэхніку, канстатуюць інспектары па выніках маніторынгу за ходам падрыхтоўкі да ўборкі. Такія факты ўстаноўлены ў сельскагаспадарчых арганізацыях Іўеўскага, Ашмянскага, Карэліцкага, Астравецкага, Навагрудскага раёнаў. Нізкая гатоўнасць выяўлена ў ходзе праверкі 25 ліпеня ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Гарадзечна» Навагрудскага раёна, дзе з васьмі камбайнаў чатыры былі няспраўныя. У сельгаспрадпрыемстве «Юрацішкі» Іўеўскага раёна на канец ліпеня не былі адрамантаваны два камбайны, бо механізатары праходзілі медыцынскую камісію.
Ёсць і праблема з кадрамі. Не ўсе гаспадаркі забяспечаны механізатарамі. Напрыклад, на прадпрыемстве «Ёдкі-Агра» Лідскага раёна 29 ліпеня з васьмі камбайнаў на ўборцы ячменю было задзенічана толькі тры, а пяць прастойвалі з-за адсутнасці механізатараў. Аналагічныя сітуацыі выяўлены ў гаспадарцы «Юрацішкі» Іўеўскага раёна і «Зара і К» Ваўкавыскага. Недахоп аўтамабіляў прыводзіць да прастою камбайнаў. Такая карціна назіралася ў гаспадарках «Пескаўцы» Лідскага, «Саўгас Поразаўскі» і «Саўгас Вердамічы» Свіслацкага раёнаў.
Тэмпы ўборкі залежаць і ад запасу паліва. Але не ва ўсіх гаспадарках гэта ўмова выконваецца. Напрыклад, у сельгаспрадпрыемстве «Кракоўка» Ашмянскага раёна дызельнае паліва на момант праверкі поўнасцю адсутнічала, што зацягвала працэс уборкі азімага ячменю. З гэтай жа прычыны нізкія тэмпы на ўборцы азімай пшаніцы выяўлены ў сельгаспрадпрыемстве «Саўгас Вердамічы» Свіслацкага раёна, дзе прастойвала палова тэхнікі. З-за недахопу паліва на ўборцы рапсу ў прадпрыемства «Саўгас Падольскі» быў задзейнічаны толькі адзін камбайн з пяці, а ў «Міжэвічах» Слонімскага раёна прастойвалі на момант праверкі ўсе сем камбайнаў. У шэрагу гаспадарак запраўка адбываецца, што называецца, «з колаў».
Важна не толькі ўбраць зерне, але і захаваць яго. Рэвізоры выказалі прэтэнзіі да стану некаторых зернескладоў і сушыльных комплексаў. Так, у прадпрыемстве «Шутавічы-Агра» Смаргонскага раёна на складзе працякае дах, не зашклёны вокны, адсутнічае святло. Назіраліся факты рэалізацыі зерня з павышанай вільготнасцю, а на зерняскладзе гаспадаркі «Ніва-2003» Гродзенскага раёна наогул адсутнічаў прыбор для замеру вільготнасці.
У сваю чаргу аграрыі выказваюць прэтэнзіі да прадпрыемстваў па абслугоўванні тэхнічнага парка. Гэта «Лідааграпраммаш», «Шчучынскі рамонтны завод», «Аблсельгастэхніка». Тут не арганізавана дзяжурства па выхадных днях, што не дазваляе аператыўна вырашаць пытанні па набыцці запасных частак.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.