Вы тут

Хто яны — беларускія немцы?


Сёлета мы адзначаем важную падзею — 500 гадоў беларускага кнігадрукавання. Настолькі ж маштабнае свята з аналагічнай датай і ў прыхільнікаў лютэранскай царквы, якая зарадзілася ў Германіі — 500 гадоў з пачатку рэфармісцкай дзейнасці Марціна Лютэра. І гэта супадзенне — далёка не адзінае, што цесна звязвае два народы...


Вя­до­мы док­тар і даб­ра­чы­нец Віль­гельм Да­ні­ла­віч Гін­дэн­бург.

На вуліцах Нямецкай і Лютэранскай...

Масавыя перасяленні немцаў у Расійскую Імперыю пачаліся ў часы праўлення Кацярыны ІІ. На засвоенай тэрыторыі яны займаліся земляробствам, рамёствамі, нярэдка станавіліся спецыялістамі, высакакласнымі ўрачамі. Да знакавых падзей ХХ стагоддзя, якія перавярнулі ход гісторыі, нямецкае насельніцтва Беларусі дасягала 70 тысяч, зараз жа ў краіне пражывае каля дзвюх тысяч чалавек гэтай нацыянальнасці.

У Мінску Нямецкая слабада (праўда, такая назва ў афіцыйных дакументах не выкарыстоўвалася) складалася з трох вуліц: Лютэранскай, Малой Лютэранскай і Нямецкай, якія цяпер носяць назвы Волаха, Клары Цэткін і Розы Люксембург адпаведна. Пра гістарычнае мінулае раёна нагадвае толькі невялікі сквер, які атрымаў назву Лютэранскі. Дарэчы, летась ён стаў вядомы на ўсю краіну, калі побач падчас будаўніцтва дарогі пачалі знаходзіць парэшткі з закрытых у 1960-х, а потым зруйнаваных лютэранскіх могілак.

Было некалькі хваляў перасялення немцаў на гістарычную радзіму: у перыяд Першай сусветнай вайны, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і перад Вялікай Айчыннай вайной, праўда, апошняя кранула пераважна прыбалтаў і жыхароў Паволжа, дзе імі была створана аўтаномная рэспубліка. Дарэчы, пасля рэвалюцыі эмігрантаў актыўна запрашалі назад, і частка з іх, асабліва інтэрнацыянальныя сям'і, вярталіся. Пасля Другой сусветнай вайны такога не было, негалосная забарона на вяртанне была знята толькі бліжэй да 1960-х.

У супольнасці нацыянальныя меншасці пачалі аб'ядноўвацца пасля распаду Савецкага Саюза. Як расказвае заснавальніца грамадскага аб'яднання нямецкай культуры «Масты» і лютэранскай абшчыны «Выратаванне» Вольга ШТОКМАН, 90-я гады былі часам плённай працы. Апроч сталіцы, нямецкія арганізацыі з'явіліся ў Віцебску, Гродне, Бабруйску, Гомелі, праўда з-за адсутнасці матэрыяльнай падтрымкі неўзабаве спынілі сваё існаванне. Затое цяпер Гродна стаў цэнтрам жыцця лютэранскай абшчыны, бо тут знаходзіцца адзіная ў Беларусі дзеючая кірха.

У мінулым жа толькі ў сталіцы было дзве лютэранскія царквы. Адна імя Святога Мікалая ў Нямецкай Слабадзе і другая, між іншым, на галоўнай вуліцы горада — Захар'еўскай, там дзе цяпер знаходзяцца задворкі культавага ўніверсама «Цэнтральны». Яна была знесена ў 1939 годзе, другую спасцігла не больш зайздросная доля — у будынку знеслі вежу і арганізавалі кінатэатр «Дзіцячы», у гады вайны яна была амаль цалкам разбурана, таму так і не аднавіла сваё існаванне.

Самае талерантнае медыцынскае таварыства

У любым горадзе XІX — пачатку ХХ стагоддзя ўрачы складалі найбольш адукаваную праслойку насельніцтва. Таму апроч медыцынскай дапамогі яны неслі яшчэ і асаблівую культуру, якая развівала горад. Напрыклад, цяперашняя бібліятэка імя Пушкіна была заснавана па ініцыятыве Таварыства мінскіх ўрачоў, і ў апякунскіх саветах бібліятэк імя Пушкіна і імя Талстога менавіта лекары адыгрывалі галоўную ролю.

У Мінску сярод выбітных прадстаўнікоў гэтай прафесіі, як расказаў даследчык-краязнавец Вадзім ЗЕЛЯНКОЎ, было нямала немцаў. Адзін з іх — Мікалай Канстанцінавіч Берг. Шмат гадоў ён працаваў у марскім ведамстве, у 1852 годзе выйшаў у адстаўку і быў прызначаны інспектарам медыцынскай управы ў Архангельск. Дарэчы, у той час гэта была галоўная доктарская пасада ў губерні, тое самае, што цяпер галоўны ўрач вобласці.

У 1862 годзе калежскі саветнік, доктар медыцыны, акушэр, кавалер ордэнаў Берг трапляе ў Мінск на той жа пост. Дарэчы, кавалер ордэнаў — гэта званне даволі ўмоўнае, медаль у памяць уціхамірвання польскага мецяжу ўручалася ўсім чыноўнікам дастатковага высокага рангу. Сярод іх былі не толькі тыя, хто ў ім не ўдзельнічаў, але нават тыя, хто не меў дачынення да ваеннай справы.

Адна з галоўных заслуг Берга падчас работы ў Мінску — стварэнне Таварыства мінскіх урачоў. Падобную спробу прадпрымаў і яго папярэднік Данііл Осіпавіч Спасовіч. Аднак статут арганізацыі так і не быў зацверджаны, яна сама была распушчана, а праз некаторы час Спасовіч звольнены. Пагаворвалі, што прычына была ў яго сыне Уладзіміры, які меў прапольскія погляды, за што яго неўзлюбіў генерал-губернатар Мураўёў. Тым не менш цяжкасці ўзніклі і ў Берга.

А справа была вось у чым. У адрозненне ад суседніх губерняў, мінскае таварыства не дзялілася па нацыянальнай ці рэлігійнай прыкмеце, што ішло ўразрэз з дзяржаўнай палітыкай. Талерантнасць поглядаў захоўвалася доўгі час: і праз 50 гадоў члены Мінскага таварыства ўрачоў пратэставалі супраць таго, каб для заняцця якой-небудзь медыцынскай пасады неабходна было праваслаўнае веравызнанне.

Дарэчы, на гэтай глебе ў Берга паўсталі рознагалоссі з кіраўніком Падольскай губерні, дзе ён працаваў пасля Мінска. Пачалася судовая справа, якая доўжылася паўгода, Берга на гэты час нават выклікалі ў Пецярбург. У выніку яго цалкам апраўдалі, але ён вырашыў сам пайсці ў адстаўку. З-за гэтага апошнія восем гадоў свайго жыцця ён правёў на мяжы галечы.

Само таварыства існуе і цяпер. Пасля рэвалюцыі яно было распушчана, затым адноўлена, а з 1926 года падзелена па спецыялізацыях. Тое, што цяпер называецца, скажам, беларускае таварыства стаматолагаў або афтальмолагаў — гэта якраз і ёсць раздробненыя часткі таго самага першага мінскага аб'яднання.

Лю­тэ­ран­ская кір­ха, якая да 1939 го­да  зна­хо­дзі­ла­ся ў цэнт­ры го­ра­да.

Шырокая душа і дапытлівы розум

Яшчэ адна гарадская легенда — Вільгельм Данілавіч Гіндэнбург. Аб ім расказвалі, напрыклад, што ён хадзіў на ўсе прыёмы толькі з катом па мянушцы Бургамістр, ці ўжо пазней, што ён у радстве з Паулем фон Гіндэнбургам, які кіраваў Германіяй у 1925—1934 гг. Аднак усё гэта не болей як міф. А вось праўда тое, што ў пачатку кар'еры ён, як павятовы лекар, лячыў кампазітара Міхаіла Глінку, а ў канцы — стаў штатным урачом Пішчалаўскага замка, — расказаў Вадзім Зелянкоў.

Гіндэнбург быў вядомым дабрачынцам. Нярэдка шаўковыя кашулі і дарагая пасцельная бялізна, якyю яму дарылі чуллівыя заможныя пацыенткі, аказваліся ў дзяцей беднякоў, кухарак, яўрэйскіх падзёншчыц. Акрамя таго, доктар быў адным з дзейных членаў мінскай лютэранскай абшчыны, актыўна выдаткаваў сродкі на будауніцтва новай мураванай кірxі. Нягледзячы на веравызнанне, ён сам прапанаваў арганізаваць бальніцу пры Мінскай духоўнай вучэльні і быў згодны прыняць на сябе лячэнне вучняў бясплатна, калі толькі будуць дадзены медыкаменты.

Душэўныя якасці выдатнага лекара знайшлі адлюстраванне ў літаратуры... У 1877 годзе была апублікавана тая частка дзённікаў Дастаеўскага, у якой распавядалася аб атрыманым ім лісце ад мінчанкі Соф'і Лур'е, а дакладней, ад дзяўчыны Л. з горада М. А гаварылася ў гэтым лісце пра неверагодна добрага доктара Гіндэнбурга. У далейшым Дастаеўскі вывеў яго ў рамане «Браты Карамазавы» пад прозвішчам Герцэнштубэ. Персанаж лагодна частуе хлапчука арэхамі і вучыць парачцы нямецкіх слоў, пры гэтым падымае ўверх палец — гэты жэст, па ўспамінах яго пляменніцы, быў уласцівы і самому Гіндэнбургу.

Дарэчы, на той жа старонцы згадваецца яшчэ адзін знаёмы нам мінчанін, той самы адвакат Уладзімір Спасовіч. Праўда, выведзены ён хутчэй у негатыўным ключы пад крыўдным для таго часу прозвішчам Фецюковіч (сінонім цяперашняга слова «дурань»). Дарэчы, па маці Спасовіч таксама меў нямецкія карані.

А вось сын самога Гіндэнбурга — Вільгельм Вільгельмавіч — у гады вучобы ў Маскоўскім універсітэце быў настаўнікам дзяцей будучага маскоўскага мітрапаліта Інакенція, вядомага сваёй месіянерскай дзейнасцю на Алеуцкіх астравах. Вільгельм так прасякнуўся яго аўтарытэтам, што ў канцы жыцця прыняў праваслаўе — раней была супраць сям'я — і атрымаў імя Васіль. Дарэчы, так нярэдка называлі і яго бацьку, бо імя Вільгельм простым людзям здавалася занадта мудрагелістым. У цэлым сітуацыя з асіміляцыяй немцаў была даволі распаўсюджанай.

Доктар Карл Карлавіч Дзіберг таксама ўвекавечыў сваё імя ў гісторыі. Ён адкрыў эфект, які ўзнікае падчас смерці ад пераахаладжэння, які атрымаў назву прыкмета Блосфельда-Дзіберга-Райскага. Згадку пра даследчыка можна было знайсці ў медыцынскіх часопісах 1880-х гадоў па ўсім свеце: ад Вены да Чыкага. Дарэчы, Дзіберг быў яшчэ і старшынёй савета старшын Мінскага музычнага таварыства.

Расказваючы пра беларускіх немцаў, можна назваць яшчэ дзясяткі, а то і сотні імёнаў людзей, якім ёсць за што шчыра сказаць Danke schön.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Герой Дастаеўскага і аўтар медыцынскага адкрыцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».