Вы тут

Сябры і калегі Янкі Брыля ўспамінамі адзначылі стагоддзе пісьменніка


Стагоддзе народнага пісьменніка Янкі Брыля адзначылі адмысловай вечарынай у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, дзе 3 жніўня сабраліся сябры, калегі, даследчыкі і аматары яго творчасці, а таксама дочкі Наталля, Галіна і сын Андрэй. У атачэнні эксклюзіўных дакументаў з Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, прадстаўленых у выстаўцы, агучваліся ўспаміны і водгукі, прысвячаліся вершы, выказвалася падзяка пісьменніку як творцу і як чалавеку. Суарганізатар вечарыны газета "Літаратура і мастацтва" прысвяціла юбілею Янкі Брыля палову спецыяльнага нумара (юбілей пісьменніка раздзяліў выпуск з юбілеем выдання "Псалтыра" Францыскам Скарынам) - уласна з яго падрыхтоўкі ўсё і пачалося.


Дзеці Янкі Брыля: дочкі Галіна, Наталля і сын Андрэй.

Стагоддзе з дня нараджэння Янкі Брыля, які пайшоў з жыцця ў 2006 годзе, прыйшлося на 4 жніўня. На шчасце, умовы дазволілі да гэтай даты сур’ёзна падрыхтавацца: ёсць шмат людзей, якія ведалі і камунікавалі з пісьменнікам асабіста, да таго ж Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва захоўвае даволі важкі асобны фонд пісьменніка, які налічвае каля 12750 дакументаў – рукапісаў апавяданняў, перапісак, дзённікаў (аўтар вёў іх з 1932 года і да канца жыцця), фотаздымкаў і публікацый пра пісьменніка ў СМІ. Брыль сам перадаў сваю спадчыну архіву-музею, з якім пачаў супрацоўнічаць у 1963 годзе, яшчэ калі гэта быў Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва БССР. Выстаўка, прымеркаваная да юбілею, застанецца ў галерэі да 7 жніўня, а пасля пераедзе ў архіў-музей літаратуры і мастацтва.

На вечарыне дырэктар інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Акадэміі навук Іван Саверчанка расказаў пра збор твораў Янкі Брыля, над падрыхтоўкай якога зараз працуе цэлая каманда: “Гэты збор пакажа, наколькі манументальная і шматзначная постаць Янкі Брыля ў славянскай літаратуры”. Першы том збору павінен выйсці цягам году і спасылаючыся на традыцыю Іван Саверчанка прапанаваў стварыць таксама збор успамінаў пра пісьменніка, пакуль магчыма знайсці шмат людзей, якія добра яго ведалі.

“Янке Брылю была ўласціва як ні ў кога пільная ўвага да чалавека, да субяседніка, да таго, хто быў побач, – успамінае літаратар, дзяржаўны і грамадскі дзеяч Анатоль Бутэвіч. – Фактычна гэта ён, заўважыўшы мае пераклады, прапанаваў мне стаць членам Саюза пісьменнікаў, а Брыль быў адным з трох, хто павінен даць рэкамендацыю. Для мяне гэта з аднаго боку было найвышэйшай ацэнкай, а з другога боку – авансам, які трэба адпрацоўваць. У сваім ацэнках Янка Брыль быў справядлівы, але ашчадны: не заўсёды ён мог агучыць тое крытычнае, што было ў яго ў душы. Мне помніцца, на пытанне пра яго меркаванне аб адной кніге ён сказаў “Вельмі харошыя ілюстрацыі”.

Вечарына да стагоддзя народнага пісьменніка Янкі Брыля была арганізавана рэдакцыяй газеты “Літаратура і мастацтва”, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і мастацкай галерэяй “Універсітэт культуры” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Соф’я КІСЯЛЁВА

Фота Надзеі Бужан

Загаловак у газеце: “Ён сказаў “Вельмі харошыя ілюстрацыі”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».