Вы тут

Адзін дзень з жыцця прадуктовай крамы


І ўчора, і сёння, і заўтра — кожны з нас у сваім штодзённым жыцці сустракаецца з прадаўцамі. І мае пра іх асабіста, пра іх работу ўласнае меркаванне, пачэрпнутае з вопыту сустрэчы — больш-менш працяглай ці не вельмі. Адны з людзей па той бок прылаўка — прыязныя і ўсмешлівыя, іншыя ж, наадварот — маўклівыя і панурыя. Сёння і я пабуду ў ролі прадаўца, каб на сабе пастарацца зразумець, што ж адчуваюць яны падчас працы.


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

...Вуліцы нашай сталіцы і іншых гарадоў сёння літаральна нашпігованы рознымі гандлёвымі кропкамі — універсамамі, універмагамі, спецыялізаванымі крамамі, невялікімі кіёскамі. Людзей там многа бывае, як і грошай, якія яны там пакідаюць. А што ж робяць і як жывуць прадаўцы ў правінцыі?

Я выбрала краму ў вёсцы В., якая знаходзіцца кіламетраў за сто ад Мінска, у Барысаўскім раёне. Гэта — маленькі прадуктовы павільёнчык у цэнтры сяла.

Перад пачаткам рабочага дня спытаю пакупнікоў аб тым, ці задавальняе іх абслугоўванне.

Юлія Аверына:

— Крама вельмі падабаецца. Штодзень прыходзім да Людмілы (так завуць гаспадыню крамы). Заўсёды ў яе тут усё свежанькае, усё акуратненька расстаўлена, вялікі выбар. Радуе тое, што ў адным месцы можна купіць самыя разнастайныя тавары — і прадуктовыя, і гаспадарчыя. Гэта вельмі зручна. З недахопаў — хіба што вялікія чэргі бываюць, а памяшканне тут маленькае.

Дзяніс Іванчанка:

— Што датычыцца асартыменту, то заўсёды ўсё ёсць, добры выбар. Прыемна і тое, што абслугоўвае заўсёды ветлівы і жыццярадасны прадавец, да якога хочацца вяртацца зноў.

...Хоць вёска і прачынаецца рана, крама пачынае сваю работу толькі а дзясятай гадзіне. Але яшчэ хвілін за дзесяць да адкрыцця першыя наведвальнікі ўжо перамінаюцца з нагі на нагу, чакаюць прадаўца.

Замок нарэшце звонка пстрыкнуў — дзверы адчыніліся. З памяшкання даносіцца прыемны водар свежага хлеба і булак.

Мая новая кіраўніца Людміла Сяргееўна правяла невялікі інструктаж і выдала мне новую ўніформу: шапачку, халат і поліэтыленавыя пальчаткі: і далёка ад сталіцы захоўваюцца ўсе санітарныя патрабаванні і нормы.

Уключаем касу, рабочы дзень пачынаецца.

Пакуль Людміла абслугоўвае пакупнікаў, пагляджу асартымент. Тут ёсць усё, што патрэбна для паўсядзённага жыцця, пачынаючы ад корму для хатніх жывёл і заканчваючы сродкамі асабістай гігіены. Такі маленькі міні-маркет на трыццаці квадратных метрах.

— У рабоце прадаўца галоўнае — гэта вялікае цярпенне і сапраўдная, непадробная ўсмешка. Ёсць людзі, якія, як мне здаецца, ужо загадзя скіраваныя на канфлікт. Толькі і чакаюць моманту, каб завесціся. Не варта звяртаць увагі на іх бурчанне, трэба выконваць сваю работу, — лічыць Людміла.

Як толькі з'явілася вольная хвілінка, я хуценька ўзялася фасаваць печыва: стараешся ўсё паспець, каб людзям было прыемна рабіць пакупкі, каб усе заставаліся задаволенымі.

За акном паказалася машына, упрыгожаная шарыкамі і рознакаляровымі стужкамі. Мабыць, у людзей свята.

— Добры дзень! А вы жаніхам зніжкі робіце? — яшчэ стоячы каля дзвярэй пацікавіўся высокі статны мужчына гадоў шасцідзесяці.

— Для вас усё зробім, заходзьце! — з усмешкай адказвае Людміла.

Як мы зразумелі з размовы, людзі святкавалі гадавіну вяселля і вырашылі закупіць прадукты, каб справіць урачыстасць.

— Добра ў вас: усё ёсць, і прадаўцы прыветлівыя, і зніжкі жаніхам, — пачулі мы напаследак.

Удзячныя пакупнікі, якіх тут нямала, — гэта ўзнагарода за працу прадаўца.

Набліжаецца час абеду: пара б і паесці. А Людміла яшчэ завіхаецца за прылаўкам. Чарга выстраілася да дзвярэй.

— Я тут працую адна, таму не зачыняюся на абед. Перабіваюся невялічкімі перакусамі, пакуль няма пакупнікоў. Для здароўя гэта не вельмі, але іншага выхаду няма, — расказвае жанчына.

Дапіўшы сваю каву, я адчула прыліў сіл. Нібыта новае дыханне адкрылася. Цяпер, здаецца, набраўшыся крыху вопыту і смеласці, магу самастойна абслугоўваць пакупнікоў. Таму пад пільным назіраннем відэакамер і кіраўніцтвам гаспадыні іду да прылаўка.

— А карткай у вас можна разлічыцца? — цікавіцца жанчына пенсійнага ўзросту.

— Можна, — капіруючы усмешлівасць і добразычлівасць Людмілы, адказваю я.

— А малако свежае? А кефір? Хто вытворца? Калі вырабілі? Які тэрмін захоўвання? А вы такая маладая, не ашукаеце? — з недаверам пасыпаліся пытанні ў мой адрас.

Я не разгубілася. Ды і старэйшая памочніца, назіраючы за сітуацыяй збоку, вырашыла мне дапамагчы. І ўсё адразу стала на сваё месца.

— Пакупнікі ў мяне розныя: ёсць і капрызныя, якім трэба ўдзяляць шмат увагі; ёсць занятыя, якіх патрэбна найхутчэй адпусціць, асобная катэгорыя — дзеці. З імі нават размаўляць варта па-іншаму: слова ў слова тлумачыць і быць дасведчанай нават наконт навінак мультфільмаў. Стараешся ўсіх зразумець і нікога не пакрыўдзіць, — кажа Людміла Сяргееўна.

— Людачка, а можна мне без чаргі? Абед заканчваецца. Дай, калі ласка, даражэнькая, палову хлеба і малака, — папрасілі з натоўпу.

— Вось, я і кажу, да ўсіх трэба адносіцца з разуменнем, — адказвае Людміла.

Здаецца, сельская мясцовасць, а чэргі нібыта перад святам, хоць гэта не адзіная крама ў вёсцы.

— А былі ў вас якія-небудзь «незвычайныя» сітуацыі? — цікаўлюся я.

— Так, і іх дастаткова. З нядаўняга... Адна жанчына стаяла ў чарзе і знайшла на падлозе сорак рублёў, падабрала і аддала мне, сказала, што, можа, хто заўважыць згубленае і вернецца, але ніхто не прыходзіў ні на працягу дня, ні потым. А вечарам, праглядаючы камеры, убачыла, што гэта ў яе грошы з кашалька і выпалі, калі яна яго раскрывала. Пазваніла ёй і сказала, каб яна прыйшла і забрала прапажу.

Часта бываюць выпадкі, калі людзі проста бяруць прадукты ў доўг. Але гэта жыццё, стараешся зразумець і ўвайсці ў становішча кожнага. Мы ж аднавяскоўцы. А ў цэлым, усё ў нас добра.

Пад вечар ногі ўжо ватныя, радуе толькі тое, што час ляціць тут вельмі хутка. Я не заўважыла, як стрэлкі гадзінніка паказалі 20:00. А гэта значыць, што рабочы дзень завяршаецца. Толькі хто будзе рыхтаваць краму да закрыцця?

— Стаўкі прыбіральшчыцы ў нас няма, таму неабходна яшчэ і прыбраць рабочае месца: прадэзынфікаваць стальніцы, памыць падлогу, заставіць пустыя месцы на вітрынах, — падказвае напарніца.

Вось і змена закрыта. Чарговы рабочы дзень прадаўца скончыўся. А разам з ім і мой цікавы вопыт.

Анастасія ГРУК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Знайсці работу ў вёсцы

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.