Вы тут

На «Скарынэры» ў Друі створана 150 новых работ


Тэма 500-годдзя беларускага кнігадрукавання атрымала цікавае ўвасабленне ў Друі, што на Браслаўшчыне. Там, на мастацкі пленэр, які сёлета адмыслова названы «Скарынэр», сабраліся творцы з розных куткоў краіны. Разам яны пісалі партрэт... Францыска Скарыны, стваралі іншыя цікавыя палотны, якія сімвалічна раскрываюць паўтысячагадовы юбілей. Карэспандэнт «Звязды» пагутарыла з арганізатарам пленэру Сяргеем Сурыновічам — настаяцелем прыхода Найсвяцейшай Тройцы ў Друі.


Настаяцель прыхода Найсвяцейшай Тройцы ў Друі, арганізатар пленэру айцец Сяргей Сурыновіч.

Айцец Сяргей распавядае:

«Друйскі мастацкі пленэр узнік як жаданне дыялогу паміж мастацтвам і рэлігіяй, будаўніцтва мастоў, пошук супольнай гамы, дэталізацыі адценняў сумоўя. Час удзелу ў пленэры ў Друі для мастакоў — гэта час не толькі інтэнсіўнай працы над мастацкімі творамі, але і духоўных пошукаў.

2017 год з'яўляецца асаблівым. 500 гадоў таму беларусы атрымалі першую друкаваную кнігу. Гэта не быў пераклад філасофскіх вучэнняў Арыстоцеля, ці медычных трактатаў Ісхака ібн Хунайна. Гэта была кніга, што злучыла ў сабе і спрадвечную мудрасць, і ацаленне разам — Біблія! Сёлетні летні Друйскі мастацкі пленэр не можа не ператварыцца ў СКАРЫНЭР, не ўзняць тэму важнай падзеі і гонару для нашай нацыі — перакладу Бібліі Францыскам Скарынам.

Полазава Анастасія, Францыск Скарына ХХІ стагоддзе.

Залезін Аляксей, П. А.

Кальмаева Людміла, Скарына.

У якасці адмысловага натуршчыка на мастацкі пленэр быў запрошаны слынны рэканструктар з Мінска, гісторык і дзіцячы пісьменнік Юрый Усціновіч. На думку мастакоў, Юрый Усціновіч вельмі падобны да беларускага першадрукара. Разам з натуршчыкам было дастаўлена адзенне часоў Скарыны і адпаведныя атрыбуты.

З Глыбокага ў Друю прывезлі і рэквізіт — сапраўдны друкарскі станок Іагана Гутэнберга, сучасны Скарыну, выраблены майстрам Вячаславам Дзмітровічам.

Наш мастацкі пленэр сёлета адбыўся трэці раз, але ад самага пачатку ён трапіў у поле зроку выдатных творцаў нашай краіны. У гэтым годзе дзея набыла статус міжнароднай, у ёй прынялі ўдзел мастакі з Расіі і Галандыі. Пленэр у Друі незвычайны як адносна месца правядзення — мастакі жывуць у келлях XVІІ стагоддзя, — так і колькасці творцаў, напрыклад, сёлета ў пленэры ўзялі ўдзел трыццаць жывапісцаў. Адметна, што разам з мэтрамі беларускага мастацтва і выкладчыкамі жывапісу ў творчым працэсе прымалі ўдзел таксама навучэнцы Акадэміі мастацтваў. Адборам мастакоў штогод займаецца мастачка Вольга Куваева. Першым крытэрыем удзелу ў пленэры з'яўляецца талент мастака і свабода самавыяўлення. З 70-ці заявак і імёнаў адбіраюцца найлепшыя і найбольш цікавыя стваральнікі сучаснага беларускага мастацтва, што ўжо заявілі пра сябе гледачу, ці чые імёны стануць вядомымі, на нашу думку, у найбліжэйшы час.

Калеснікава Валянціна, Святло існасці.

Говен Кацярына, Друйскі касцёл.

Шамшур Чэслаў, Друя. Боскі дзень.

Ігнацьева Алена, Інтэр’ер у друйскім касцёле.

Гудкова Наталля, Брама.

Мастакі, запрошаныя на пленэр, працуюць у самых розных тэхніках і кірунках. Гэта перш за ўсё алей на палатне, але таксама графіка, акварэль і пастэль. Мы рады бачыць работы, выкананыя ў авангардзе і рэалізме, сімвалізме і абстракцыі... Усяго напісана каля 150 твораў.

На палотнах, што паўсталі падчас пленэру, мы можам спыніць свой зрок і на Скарыну, якога пісала з натуршчыка ў адпаведных строях Людміла Кальмаева, Таццяна Уласевіч, Настасся Полазава і іншыя мастакі, на вобразным прадстаўленні беларускай зямлі і літар Скарыны Аляксея Залезіна, раскрытай кнізе Валянціны Калеснікавай, але таксама і на вобразах прыгажосці беларускай прыроды, якой захапляемся на палотнах Уладзіслава Пятручыка, Кацярыны Говен, Настассі Бурко. Гэта ў сукупнасці, на мой погляд, і раскрывае тэму першадрукара, які з любові да сваёй Радзімы і народа, чэрпаючы сілы і моц з родных мясцін, палёў, кветак, рачулак і крынічак, дае беларусам Слова Божае на роднай мове, не толькі друкуючы яго на папяровых старонках, але перадае праз гісторыю на вякі гонар і веліч усёй нашай нацыі.

Карашкевіч Інга, Бачнае і нябачнае.

Платонаў Юрый, Друя. Сонечны дзень.

Калеснікава Валянціна, Акно.

Адну з работ, абраную арганізатарамі ў кожнага з мастакоў, удзельнікі перадаюць мне асабіста як падарунак. Я стараюся арганізоўваць на працягу года выставы ў розных гарадах і мястэчках нашай краіны. Так, карціны, што засталіся з гэтага пленэру, найбліжэйшым часам можна будзе ўбачыць у галерэі Чырвонага касцёла ў Мінску. Некаторыя работы з папярэдніх пленэраў будуць перададзены дабрачынна медыцынскім ці школьным установам».

На 6 жніўня запланаваны адмысловыя мерапрыемствы па ўсіх касцёлах і парафіях Беларусі. Урачыстае святкаванне 500-годдзя беларускай Бібліі адбудзецца ў нядзелю ў 12.00 у скверы імя Эдварда Вайніловіча каля Чырвонага касцёла ў Мінску, пасля святой імшы (у галоўным храме) ды Боскай літургіі (у ніжнім храме), якія служацца а 11-й гадзіне. У свяце прымуць удзел прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій Беларусі. Запланаваны таксама выстаўкі, прэзентацыі кніг хрысціянскіх выдавецтваў, выступленні духавенства, вучоных, пісьменнікаў і іншае.

Ніна Шчарбачэвіч

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Мастацтва з келляў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».