Вы тут

Беларусь плануе вярнуць ранейшыя пазіцыі ў спартыўнай гімнастыцы


У нашай краіне спорту традыцыйна аддаецца асаблівая ўвага, прычым самым розным яго відам. Учора кіраўнік дзяржавы сустрэўся з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі Марынары Ватанабэ.


Днямі ў Мінску прайшоў этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы.

— Я найпадрабязнейшым чынам інфармаваны пра ўсе падзеі апошніх трох сутак у Беларусі, асабліва што датычыцца нашага спорту, мастацкай гімнастыкі, — прызнаўся кіраўнік дзяржавы. — Я вельмі ўдзячны за падзею, якая адбылася ў Мінску.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што мастацкая гімнастыка — гэта той від спорту, дзе яшчэ вельмі шмат суб'ектывізму. Ён выказаў спадзяванне, што спадар Ватанабэ можа пераламіць гэту тэндэнцыю.

— Вы, відаць, упэўніліся, што Беларусь трымае слова, — звярнуў увагу кіраўнік краіны. — Гэта адказная краіна, і ўсе нашы людзі, якія спрычынены — у прыватнасці, да мастацкай гімнастыкі, — таксама трымаюць сваё слова. Я вам хачу цвёрда паабяцаць, што ў гэтым працэсе, на гэтым шляху вы заўсёды знойдзеце падтрымку Беларусі і можаце ёй скарыстацца ў любы час. Мяркую, што так думаю не толькі я. Так думае пераважная колькасць спецыялістаў, спартсменаў, трэнераў, якія непасрэдна займаюцца гімнастыкай.

У той жа час ёсць і іншыя кірункі для супрацоўніцтва Беларусі і Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі.

— Я вельмі разлічваю, што вы нам дапаможаце вярнуцца ў эліту спартыўнай гімнастыкі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Вы ведаеце, што ў нас была цудоўная школа, але, на жаль, мы яе страцілі — у адрозненне ад Японіі, краіны, якая была на вяршыні і засталася на гэтай вяршыні.

Яшчэ адзін нюанс, якому ўдзяліў увагу кіраўнік краіны — асаблівасці сучаснай мастацкай гімнастыкі:

— Можа быць, вам удасца мастацкую гімнастыку павярнуць у бок мастацтва. Я калі гляджу мастацкую гімнастыку і бачу лірычныя, спакойныя практыкаванні... Гэта сапраўдная мастацкая гімнастыка. А там, дзе патрэбны звышчалавечыя намаганні — гэта адштурхоўвае і спартсменаў, і асабліва бацькоў.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Марынары Ватанабэ, які родам з Японіі і які даволі працяглы час быў генеральным сакратаром Японскай асацыяцыі гімнастыкі, з паспяховым выступленнем на этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы японскіх спартсменаў.

— Вы за кароткі прамежак часу дасягнулі вельмі высокіх рэзультатаў. Таму вы нас навучаеце спартыўнай гімнастыцы, а мы вам дапамагаем у мастацкай гімнастыцы. Добры абмен будзе — разам будзем трэніравацца, — прапанаваў беларускі лідар.

У канцы свайго ўступнага слова Аляксандр Лукашэнка ўручыў спадару Ватанабэ ганаровы знак Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі «За заслугі ў развіцці алімпійскага руху ў Рэспубліцы Беларусь». На сустрэчы прысутнічала і Нэлі Кім, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі гімнастыкі. У свой час яна трэніравала нацыянальную зборную нашай краіны па спартыўнай гімнастыцы, з'яўляецца заслужаным трэнерам Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік дзяржавы ўручыў ёй ордэн Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Быць у эліце спартыўнай гімнастыкі

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.