Вы тут

Папяровая гісторыя


Папера і кардон – тыя адходы, якія на першы погляд не ўяўляюць вялікай праблемы. Яны ж перапрацоўваюцца, скажаце вы, і будзеце мець рацыю. Нездарма ж на сталічных вуліцах з’явіліся вялікія кантэйнеры для збору макулатуры. Але паглядзім на праблему глабальна: з кожным годам спажыванне паперы ў свеце расце. Па прагнозах вучоных, да 2020 года яно павялічыцца да 450-500 мільёнаў тон у год, у параўнанні з сённяшнімі 400 млн тон. Калі задумацца, адмыслова пад папяровую вытворчасць адводзяцца цэлыя лясы. Плошча такіх пасадак пашыраецца, натуральных экасістэм становіцца менш. Фабрыкі і заводы па вытворчасці паперы выдзяляюць шмат парніковых газаў, забруджваюць ваду і глебу.

Часам даходзіць да таго, што нядобрасумленныя бізнесмены праводзяць незаконныя рубкі лесу альбо пілуюць драўніну ў прыродаахоўнай зоне. У першую чаргу ад гэтага пакутуе экасістэма. Дзеля зберажэння лясоў пачалі ўводзіцца экалагічныя паказчыкі для вытворцаў тавараў з драўніны. У Еўропе і Амерыцы перад тым, як набыць тавар з драўніны, пакупнікі шукаюць на ім пазнаку Ляснога апякунскага савета (FSC). Дарэчы, ён выдае міжнародныя сертыфікаты і беларускім лесагаспадарчым арганізацыям.

Як можна скараціць свой экаслед на паперы? Пастарайцеся перайсці на паперу з перапрацаванай макулатуры (на ёй заўважыце значок рэцыклінгу) альбо сертыфікаваную FSC, ці крафт-паперу (высокатрывалая абгортачная папера). Звычайныя рэчы таксама могуць быць экалагічнымі. Напрыклад, туалетная папера робіцца і з макулатуры. І хоць выглядае яна непрывабліва і не мае лішняй раскошы ў выглядзе араматызатараў, для такіх мэт лепшага варыянту не прыдумаць.

Дома макулатуру можна складваць у асобную скрынку, а калі яна напоўніцца, выкінуць змесціва ў спецыяльны кантэйнер. Старым газетам знойдзецца прымяненне і ў гаспадарцы: для сушкі абутку, заварочвання слоікаў. Не блытайцеся з упакоўкамі тэтра-пак – гэта не папера ў чыстым выглядзе, хоць на ўпакоўцы можа стаяць пазнака “зроблена са 100% драўніны”. Акрамя кардона ў ім знаходзіцца слой поліэтылену і фольга, таму перапрацаваць тэтра-пак па тэхналогіі паперы немагчыма. У Беларусі падобных тэхналогій пакуль няма.

Сэканоміць значную частку паперы можна і пры друку. Па-першае, вычытваць тэкст уважліва па некалькі разоў альбо даць пачытаць свайму сябру свежым вокам: так вы не будзеце дарма пераводзіць паперу. Пры магчымасці старайцеся здаваць рэфераты і кантрольныя работы ў электронным выглядзе.

Лісточкі можна выкарыстоўваць з другога боку ў якасці чарнавікоў. Не забывайцеся, што існуе і двухбаковы друк. Старайцеся змясціць на ліст паперы як мага больш інфармацыі. Найперш запытайцеся ў сябе: ці варта ўвогуле друкаваць той ці іншы дакумент? Можа, лепш карыстацца яго электроннай версіяй?

Кажуць, што 60 кг макулатуры ратуе адно дрэва. Сапраўды, з другаснай сыравіны атрымліваюць не толькі паперу для прынтара, але і сшыткі, кнігі, паштоўкі. Папяровая сурвэтка жыве некалькі хвілін, але колькі гадоў трэба, каб вырасла дрэва!?

FSC (Forest Stewardship Council, Лясны апякунскі савет) – міжнародная арганізацыя, якая стварыла сістэму пацвярджэння экалагічнай і сацыяльнай адказнасці кіравання лясамі. Знак FSC на драўніне альбо зробленым з яе тавары – паказчык таго, што прадукцыя паходзіць з лесу, у якім вядзецца экалагічна і сацыяльна адказная лясная гаспадарка. 

Па звестках за студзень 2016 года, усяго ў свеце сертыфікавана больш за 186 млн га лясоў. Каля 82% беларускіх лясоў сертыфікаваны па стандартах FSC.

Маша Зялёная

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.