Вы тут

«Ад вас даведаўся пра загінулага брата-падводніка»


Неяк, ідучы на работу, па завядзёнцы набыў расійскую газету. У ёй быў артыкул пра тое, што шведскія нырцы каля стакгольмскіх шхераў знайшлі на дне загінулую савецкую падлодку часоў Вялікай Айчыннай вайны. Уваходзячы ў ліфт, кінуў позірк на спіс экіпажа. Вочы выхапілі адзін радок: «Думброўскі Аляксей Іванавіч, капітан-лейтэнант, памочнік камандзіра, нарадзіўся ў 1913 годзе, г. Мінск...»


...Амаль не спадзеючыся на ўдачу, пасля бессэнсоўных і доўгіх зваротаў у розныя архівы, набіраю нумар тэлефона і пытаюся ва Уладзіміра Іванавіча Думброўскага: «Прабачце, вы часам не сваяк Думброўскаму Аляксею Іванавічу, памочніку камандзіра загінулай у вайну падлодкі «С-7»? «Так, я яго родны брат...» Даведаўшыся ў чым справа, Уладзімір Іванавіч пачынае хвалявацца: ён толькі зараз пачуў аб знаходцы затанулай субмарыны. Праз гадзіну мы ўжо сядзім у кватэры Уладзіміра Думброўскага.

Па яго словах, у іх сям'і ніколі не было маракоў. Што паўплывала на выбар брата — невядома. Але ў 1932 годзе ён паехаў паступаць у ваенна-марское вучылішча імя Фрунзэ ў Ленінградзе, дзе паспяхова здаў экзамены. «Ён адразу пайшоў вучыцца на падводніка». Суразмоўнік паказвае тры здымкі з братам, якія захаваліся ў яго. Вось ён маленькі з бацькамі, вось — з таварышамі на практыцы ў Севастопалі. «Я памятаю, як брат прыязджаў да нас курсантам у адпачынак. Мы з ім хадзілі ў парк Горкага і Чалюскінцаў, ездзілі загараць». Стаўшы перад вайной кадравым ваенным-падводнікам, Аляксей Думброўскі напачатку быў накіраваны служыць на Далёкі Усход, потым яго перавялі ў Ленінград, як прыгадвае Уладзімір Іванавіч, незадоўга да вайны. Ажаніцца брат паспеў крыху раней, у 1937 годзе, у сям'і нарадзілася дачка Таццяна. «Яны з жонкай прыязджалі да нас пагасцяваць перад вайной», — гаворыць Уладзімір Іванавіч.

— Вы не спрабавалі раней даведацца нешта аб лёсе сына і брата?

— Канешне, шукалі. Бацька адразу шмат пісаў, але нічога не дабіўся. Ніхто не ведаў, дзе ён загінуў...

Мы глядзім на здымак, змешчаны ў газеце. На ім — увесь экіпаж падлодкі «С-7». Падстава для фатаграфавання, якое адбылося прыкладна за месяц да гібелі субмарыны — у верасні 1942 года, — была ўрачыстая. Усіх членаў экіпажа ўзнагародзілі ордэнамі Чырвонага Сцяга, а камандзір чакаў указа аб прысваенні яму звання Героя Савецкага Саюза. З пачатку вайны, толькі за год, «С-7» патапіла чатыры і пашкодзіла два нямецкія транспарты.

Па ўспамінах камандзіра падлодкі Сяргея Лісіна (ён выжыў, трапіў у палон), падчас паходу ў штаб была даслана радыёграма: «Прайшлі дваццаць другі мерыдыян». Як высветлілася потым, вораг яе запеленгаваў. У раён, дзе яе перахапілі, былі тэрмінова накіраваны некалькі фінскіх субмарын. «С-7» усплыла ў сем гадзін у цемры. Але неўзабаве паказаўся месяц, у святле якога падлодку і заўважылі фіны. Па ўспамінах Лісіна, у 20 гадзін 45 хвілін «С-7» атрымала ў правы борт тарпеду, разламалася і імгненна затанула... З сігнальнага мосціка разам з Лісіным у ваду ўпалі яшчэ некалькі чалавек: сігнальшчыкі Субоцін і Аленін, трумны матрос Куніца, штурман Хрусталёў (які патануў з-за цяжкага бушлата). Усіх іх падабрала фінская падлодка...

Сам Уладзімір Іванавіч таксама ў канцы 1944 года быў прызваны ў армію. Але паваяваць не давялося: пакуль вучыўся ў палкавой школе ў Казельску на камандзіра аддзялення, вайна скончылася. Але ў арміі давялося праслужыць сем гадоў, дэмабілізаваўся ён толькі ў 1951 годзе...

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.