Вы тут

Якія таямніцы і праблемы хаваюцца ў звычайнай пітной вадзе?


Кожную раніцу мы пачынаем з вады: умываемся, п'ём гарбату ці каву, паліваем кветкі... Гэтае рэчыва акружае нас паўсюль. І таму часам мы не звяртаем увагі на тое, якія перашкоды пераадольвае вада, каб трапіць да нас чыстай і бяспечнай, не беражом яе і нават забруджваем...


Ачы­шчаль­ныя збу­да­ван­ні — важ­ны аб'­ект для «вод­най» сіс­тэ­мы кра­і­ны. Ад іх якас­най ра­бо­ты за­ле­жыць, ці па­цер­піць на­ва­кол­ле ў вы­ні­ку вы­ка­ры­стан­ня ча­ла­ве­кам пры­род­ных ба­гац­цяў.

Можна піць з-пад крана

— Якасная пітная вада не павінна змяшчаць мікраарганізмы, хімічныя злучэнні і радыеактыўныя рэчывы ў колькасцях, якія перавышаюць гігіенічныя нарматывы, а таксама не павінна мець пабочных пахаў і прысмакаў, — расказала загадчыца аддзялення камунальнай гігіены Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына ЖАЎНЯК.

Гігіенічныя нарматывы пітной вады ўстаноўлены ў санітарных нормах для цэнтралізаваных і нецэнтралізаваных сістэм пітнога водазабеспячэння. Вада нармуецца прыкладна па 1500 паказчыках. Але абавязкова кантралююцца толькі некалькі дзясяткаў з іх.

За якасцю вады сочаць як самі арганізацыі, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю сістэмы водазабеспячэння (водаканалы, прадпрыемствы сістэмы ЖКГ), так і тэрытарыяльныя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі ў межах дзяржаўнага санітарнага нагляду.

Па словах Ірыны Жаўняк, падчас лабараторных даследаванняў на працягу апошніх 10 гадоў колькасць проб пітной вады з сеткі, што не адпавядаюць гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках, стабільна трымаецца на ўзроўні менш за 1%. Па рэкамендацыях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) гэты параметр не павінен перавышаць 5%. Значыць, нашу ваду можна піць з-пад крана без кіпячэння.

Паверхневыя ці падземныя?

Амаль усе жыхары краіны п'юць ваду з падземных крыніц. Толькі 1/3 частка Мінска забяспечваецца вадой з Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Але да 2022 года плануецца і іх перавесці на падземныя крыніцы.

Па словах загадчыцы лабараторыі фактараў асяроддзя пражывання і тэхналогій аналізу рызык здароўю НПЦ гігіены Алены ДРАЗДОВАЙ, вада з падземных крыніц у Беларусі не толькі бяспечная. У карысных суадносінах у ёй змяшчаюцца шматлікія мікраэлементы. Пры гэтым яна не патрабуе значнай дадатковай ачысткі.

А вось паверхневыя крыніцы, натуральна, больш схільныя да забруджвання, таму вада з іх патрабуе глыбейшай ачысткі з прымяненнем большай колькасці метадаў. Каб выдаліць усе магчымыя патагенныя арганізмы з такой вады, неабходна яе дэзынфікаваць. Сёння для гэтых мэт выкарыстоўваюць ультрафіялетавае апраменьванне, азанаванне і хлараванне. Апошні метад — найбольш распаўсюджаны, ён лічыцца самым надзейным і эканамічна выгадным. Каб эфект ад дэзынфекцыі захаваўся да паступлення спажыўцу, у вадзе застаецца рэшткавы хлор (норма — 0,3—0,7 мг/дм3).
Лёгкі пах гэтага рэчыва — гарантыя, што вада з паверхневага вадазабору прайшла абеззаражванне.

Каб упэў­ніц­ца, што піт­ная ва­да дой­дзе да спа­жыў­ца чыс­тай і бяс­печ­най, спе­цы­я­ліс­ты пра­вод­зяць яе хі­міч­ны ана­ліз.

«Жалезная» праблема

Разам з чысцінёй і карысцю нетры «падарылі» нашай вадзе і павышаную колькасць жалеза, марганцу, бору і некаторых іншых прыродных кампанентаў.

— Павышаная колькасць злучэнняў жалеза абумоўлена асаблівасцямі ваданосных гарызонтаў на тэрыторыі краіны, — расказала Ірына Жаўняк. — Каля 40% ад усіх свідравін падаюць ваду з колькасцю жалеза большай за гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі. Асабліва актуальна гэта для Палесся.

Павышаная канцэнтрацыя жалеза не аказвае таксічнага ўздзеяння на арганізм чалавека, але надае вадзе спецыфічны «металічны» прысмак, а таксама садзейнічае павелічэнню мутнасці і колернасці, што абмяжоўвае спажыванне вады ў санітарна-бытавых мэтах. Беларускі нарматыў колькасці жалеза ў вадзе — да 0,3 мг/л. А вось на здароўе «жалезістая» вада, па даных СААЗ, пачынае ўплываць пры колькасці звыш 2 мг/л. Гэта той максімум, пры якім ваду яшчэ можна ўжываць у санітарна-бытавых мэтах. Таму СААЗ і дае такія рэкамендацыі.

Забяспечаць усіх

Праблема «жалезістай» вады паспяхова вырашаецца ў нашай краіне пры рэалізацыі дзяржаўнай праграмы (2002—2015 гг.), а з 2016 па 2020 г. — падпраграмы па водазабеспячэнні і водаадвядзенні «Чыстая вада». Дзякуючы пабудаваным за гэты час станцыям абезжалезвання доля неадпаведных проб па колькасці жалеза ў водаправоднай вадзе знізілася з 29,5% у 2005 годзе да 18,4% у 2016-м.

Па словах галоўнага інжынера аддзела водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ірыны САЛІВОНЧЫК, дзякуючы рэалізацыі праграмы было пабудавана 582 аб'екты водазабеспячэння і водаадвядзення, у тым ліку станцыі абезжалезвання, каналізацыйныя ачыстныя збудаванні, на падземныя крыніцы водазабеспячэння перайшлі Полацк, Гродна і Гомель.

У выніку ахопленасць цэнтралізаванымі сістэмамі водазабеспячэння гарадскога насельніцтва склала 98,4%, сельскага — 65,1% (аграгарадкоў — 78,9%). У параўнанні з 2004 годам на 13% і 19% павялічылася забяспечанасць цэнтралізаванымі і мясцовымі сістэмамі гаспадарча-бытавой каналізацыі гарадскога (92,5%) і сельскага (37,4%) насельніцтва.

— Да канца 2020 года плануецца забяспечыць пітной вадой нарматыўнай якасці 100% насельніцтва абласных і раённых цэнтраў, гарадоў абласнога падпарадкавання, якія маюць доступ да цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння, — расказала Ірына Салівончык. — Станцыі абезжалезвання запрацуюць амаль у 500 населеных пунктах краіны.

Пра што раскажуць трубы

Каб пітная вада дайшла да свайго спажыўца, часам ёй трэба пераадолець адлегласць у некалькі кіламетраў па трубах. І стан гэтых «праваднікоў» таксама адбіваецца на якасці вады.

Па санітарна-эпідэміялагічных патрабаваннях прадугледжваецца перыядычная прамыўка і санітарная апрацоўка водаправодных сетак. За правільным і своечасовым выкананнем гэтых работ сочаць спецыялісты тэрытарыяльных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі.

— На жаль, не заўсёды і не ў поўнай меры выконваюцца захады па прамыўцы і дэзынфекцыі сетак, — адзначыла Ірына Жаўняк. — Нягледзячы на тое, што гэта не толькі ў інтарэсах спажыўцоў, але і прадпрыемстваў ЖКГ, якія эксплуатуюць сістэмы і трубы. Такія працэдуры прадаўжаюць жыццё сістэмам водазабеспячэння, станоўча ўплываюць на якасць вады.

Калі ж адпаведная работа не праводзіцца, у тупіковых участках з малым водаразборам пачынаюць развівацца мікраарганізмы, якія пагаршаюць якасць пітной вады. Акрамя таго, размнажэнне жалезабактэрый можа прывесці да перакрыцця прасвету труб і выклікаць аварыі.

Па словах Ірыны Салівончык, гэта праблема вырашаецца. Сёння з 38 тыс. км водаправодных сетак маюць патрэбу ў аднаўленні 2,1 тыс. км. У асноўным такія работы ажыццяўляюцца штогадова ў перыяд падрыхтоўкі ЖКГ да работы ў асенне-зімні перыяд. Сёлета плануецца замяніць 328,5 км водаправодных сетак.

Вы­со­кая коль­касць жа­ле­за — ад­на з га­лоў­ных праб­лем ва­ды ў Бе­ла­ру­сі.

Сцёкі... у рэкі

Толькі частка вады затрымліваецца ў нашых кватэрах. Астатняя пасля выкарыстання трапляе у каналізацыю, за эксплуатацыю якой адказваюць водаканалы і шматпрофільныя арганізацыі ЖКГ.

Але часам каналізацыйныя сцёкі не даходзяць да ачышчальных збудаванняў ці дрэнна ачышчаюцца, забруджваючы глебу, водныя аб'екты, а затым — і падземныя воды.

Даныя даследавання паверхневых вод, якое праводзіцца арганізацыямі Мінпрыроды ў межах Нацыянальнай сістэмы маніторынгу, сведчаць пра паступовае зніжэнне ліку проб з павышанай колькасцю ў паверхневых водах шкодных прадуктаў.

У цэлым пераважная колькасць участкаў вадацёкаў (95,4%), ахопленых рэгулярнымі назіраннямі, адпавядаюць «добраму» і «выдатнаму» экалагічнаму статусу. Значную антрапагенную нагрузку зведваюць 4,6% паверхневых водных аб'ектаў, сярод якіх рэкі Свіслач (н. п. Каралішчавічы, Свіслач), Уза (10 км ад г. Гомеля), Заходні Буг і Мухавец (г. Кобрын), Уша (ніжэй г. Маладзечна), а таксама азёры Мёрскае, Лядно, Кагальнае і Асіповіцкае вадасховішча.

— Сёння гэта праблема вырашаецца дзякуючы будаўніцтву і рэканструкцыі ачыстных збудаванняў сцёкавых вод. Акрамя таго, для скарачэння аб'ёму забруджвальных рэчываў у складзе сцёкавых вод мясцовыя органы ўлады сталі больш актыўна прыцягваць для гэтых мэт замежныя інвестыцыі, пазыковыя сродкі камерцыйных арганізацый, крэдытныя рэсурсы, — адзначылі ў Мінпрыроды.

Дзед піў, і я буду

Да гэтага часу многія людзі, асабліва ў сельскай мясцовасці, карыстаюцца нецэнтралізаванымі крыніцамі водазабеспячэння. І калі абслугоўваннем грамадскіх калодзежаў займаюцца арганізацыі ЖКГ ці сельскія Саветы, то за чысцінёй індывідуальных павінны сачыць гаспадары падворкаў, дзе яны размешчаны.

— Шахтавыя і трубчастыя калодзежы — самыя ненадзейныя крыніцы ў гігіенічным плане, — кажа Ірына Жаўняк. — Ваданосныя гарызонты, адкуль да іх паступае вада, знаходзяцца недалёка ад паверхні зямлі. Таму на якасць вады ўплываюць не толькі прыродныя з'явы (дождж, снег, засуха), але і жыццядзейнасць чалавека.

Размяшчэнне бліжэй за 25—30 м ад крыніц вады гаспадарчых пабудоў (хлявоў, памыйных ям), месцаў захавання ўгнаенняў ці актыўнае выкарыстанне апошніх на сваім агародзе, адсутнасць гліняных «замкоў» і адмостак — усё гэта можа стаць прычынай забруджвання калодзежаў.

Пры правядзенні абслугоўвання шахтавых калодзежаў камунальныя службы кіруюцца адпаведным СанПіНам, які прадугледжвае штогадовы аналіз вады, чыстку і дэзынфекцыю такіх аб'ектаў. Гэтымі ж нарматывамі павінны карыстацца і гаспадары індывідуальных калодзежаў.

— На жаль, сёння нельга карыстацца прынцыпам «мой дзед піў, значыць, добрая вада», — падкрэсліла Ірына Жаўняк. — Калі вы хочаце быць упэўненымі ў чысціні вады з вашага калодзежа, неабходна звярнуцца да спецыялістаў для правядзення адпаведных аналізаў.

Нітраты побач

Па даных Мінпрыроды, на ўчастках, што зведваюць антрапагеннае ўздзеянне, адзначаецца тэндэнцыя да павелічэння ў вадзе колькасці амонію, нітратаў, хларыдаў і іншых кампанентаў.

— Выпадкі перавышэння гігіенічных нарматываў выяўлены ў 58 свідравінах на 38 гідрагеалагічных пастах, — расказалі ў Мінпрыроды. — Найбольшая колькасць проб з павышэннем узроўню нітрат-іонаў — у грунтовых водах у басейне Прыпяці і ў напорных водах у басейне Дняпра.

У сельскай мясцовасці інтэнсіўнае забруджванне грунтовых вод адбываецца ў месцах размяшчэння жывёла- і птушкагадоўчых фермаў, складаў мінеральных угнаенняў і ядахімікатаў, палёў арашэння, а таксама на сельгасугоддзях, дзе ўносяцца мінеральныя і арганічныя ўгнаенні. Павышаная колькасць забруджвальных рэчываў рэгіструецца на глыбіні да 14—16 м.

— Пераход на ваду з цэнтралізаваных сістэм пітнога водазабеспячэння дзякуючы рэалізацыі праграмы «Чыстая вада» — найлепшы крок па вырашэнні нітратнай праблемы, — упэўнена Ірына Жаўняк. — Калі ж гэтага пакуль не адбылося, неабходна ўважліва сачыць за станам сваіх калодзежаў і гаспадарчых пабудоў, а таксама перыядычна рабіць аналіз вады.

Ка­лі во­да­пра­вод­ныя тру­бы не пра­мы­ваць, на іх мо­гуць на­за­па­швац­ца шкод­ныя рэ­чы­вы.

Не нашкодзь!

Выкарыстанне вады на гаспадарча-бытавыя патрэбы застаецца асноўным складнікам водаспажывання Беларусі. Але ў параўнанні з 2009 годам удзельнае водаспажыванне на гэтыя патрэбы насельніцтва ў сярэднім па краіне скарацілася са 165 да 137 л/чал./сут. (у большасці краін Еўропы — 100—150 л/чал./сут.).

Дасягнуць гэтага ўдалося шляхам рэалізацыі Воднай стратэгіі Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года, а таксама Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011—2015 гады.

— Ва ўмовах, калі глабальныя праблемы дэфіцыту прэснай вады ствараюць пагрозу для цяперашняга і будучага пакаленняў, наша краіна прымае дзейсныя меры па пераглядзе падыходаў у кіраванні воднымі рэсурсамі, якія выбудоўваюцца з улікам такіх сусветных прыярытэтаў, як павышэнне эфектыўнасці выкарыстання і паляпшэнне якасці водных рэсурсаў, збалансаваных з патрэбамі грамадства, — адзначылі ў Мінпрыроды.

Беларусь таксама мае абавязацельствы па выкананні Пратакола па праблемах вады і здароўя да Канвенцыі ЕЭК ААН па ахове і выкарыстанні трансгранічных вадацёкаў і міжнародных азёр. Адзін з галоўных прынцыпаў дакумента — каб патрэба цяперашняга пакалення ў водных рэсурсах здавальнялася без шкоды для магчымасцяў будучых пакаленняў.


Доступ да цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння мае 98,5% гарадскога і каля 81% сельскага насельніцтва. Астатняе забяспечваецца вадой з лакальных дэцэнтралізаваных крыніц: шахтавых калодзежаў і дробнатрубчастых свідравін. Крыніцамі цэнтралізаванага водазабеспячэння служаць 10 197 артэзіянскіх свідравін і 1 водазабор з паверхневых крыніц, якасць вады забяспечваюць 598 станцый абезжалезвання, на вулічных сетках усталявана больш за 41 тыс. водаразборных калонак. Штосутачна ў сетку падаецца 1,6 млн м3 пітной вады.


Спецыялісты не рэкамендуюць піць ваду з лясных крыніц. Нягледзячы на знешнюю чысціню, яны могуць утрымліваць вялікую долю шкодных рэчываў, у тым ліку нітратаў.


У Расійскай Федэрацыі каля 70% насельніцтва п'е ваду з паверхневых крыніц, ва Украіне — каля 80%. Не адмаўляюцца ад вады з рэк, азёр, вадасховішчаў і вядучыя краіны Еўропы. У сталіцы Фінляндыі, напрыклад, атрымліваюць пітную ваду з возера Пяянэ. У Парыжы існуюць тры станцыі падрыхтоўкі вады, якія выкарыстоўваюць сістэму наземных рэк і вадаёмаў, свідравіны і падземныя крыніцы.


Як дапамагчы калодзежу

  • Звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ці незалежную сертыфікаваную лабараторыю для аналізу вады (на платнай аснове).
  • Забор вады можна даверыць спецыялісту ці зрабіць самому з абавязковым выкананнем усіх патрабаванняў (няправільны забор можа значна паўплываць на вынікі аналізу).
  • Калі немагчыма пачысціць калодзеж уласнымі сіламі, можна заказаць такую паслугу ў прадпрыемствах сістэмы ЖКГ, а таксама ў індывідуальных прадпрымальнікаў.

Правілы эканомнага выкарыстання вады

  • Шмат вады прападае дарэмна з-за крана, які злёгку падцякае. Калі з яго кожную секунду будзе капаць толькі адна кропля, за хвіліну набярэцца сталовая лыжка вады, за гадзіну — амаль літр, а за суткі — каля 25 л. Каб такога не адбывалася, трэба сачыць за спраўнасцю крана і адразу яго рамантаваць.
  • Сачыце за тым, каб вада не цякла дарэмна. Падчас мыцця посуду не адкрывайце кран на поўную магутнасць.
  • Калі чысціце зубы, вазьміце шклянку з вадой. Гэтым вы зможаце захаваць каля 10 л вады штодзень. За год гэта складзе каля 3,5 тон вады.

Хто адкажа за ваду?

Пытанні забеспячэння на адпаведнай тэрыторыі запатрабавання насельніцтва ў пітной вадзе, арганізацыі водаадвядзення, а таксама іх фінансаванне — гэта ў першую чаргу зона адказнасці мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Уласнік, г. зн. мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, як ніхто іншы, павінен быць зацікаўлены ў падтрыманні належнай якасці паслуг, якія аказваюцца на даручанай тэрыторыі.

Што датычыцца аб'ектаў рэспубліканскага значэння, якія маюць асаблівую сацыяльную скіраванасць, то Міністэрствам ЖКХ праводзіцца шырокамаштабная работа па прыцягненні замежных інвестыцый на развіцці сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення, уключаючы ўжо наяўныя крэдытныя сродкі ў межах дагавароў з Міжнародным і Еўрапейскім банкамі рэканструкцыі і развіцця на агульную суму каля 216 млн долараў.


Купляць ці фільтраваць?

Калі праблему забруджвання калодзежа нітратамі пакуль не вырашыць ці вам проста не падабаецца смак або пах вады з-пад крана, можна выкарыстоўваць для піцця і прыгатавання ежы ваду ў бутэльках ці скарыстаць фільтр.

Пры выбары пітной вады, расфасаванай у ёмістасць, трэба звяртаць увагу, якая яна — прыродная ці апрацаваная. Хоць апошняя таксама бясшкодная, але прыродная больш захавалася ў натуральным стане і мае шмат карысных элементаў.

Перш чым купляць фільтр, неабходна спачатку правесці аналіз і пракансультавацца са спецыялістам — чаго не хапае вадзе і ад чаго яе трэба «абараняць».

Так, для простай ачысткі вады ад рэшткаў хлору падыдзе звычайны вугальны фільтр, а для«жалезістай» вады ён бескарысны — трэба выбіраць спецыялізаванае ўстройства.

Спецыялісты таксама рэкамендуюць уважліва чытаць інструкцыю па прымяненні фільтраў, дзе апісана не толькі тое, для чаго яны служаць, але і як іх абслугоўваць. Пры няправільнай і нясвоечасовай замене картрыджаў у фільтрах могуць назапашвацца таксічныя элементы, якія ў вадзе звычайна ёсць у вельмі малых канцэнтрацыях.

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zvіazda.by


Меркаванні

Вы п'яце водаправодную ваду? Ці задавальняе вас яе якасць?

З такімі пытаннямі мы звярнуліся да людзей з розных арганізацый і населеных пунктаў Беларусі.

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па міжнародных справах Вольга ПЕТРАШОВА, жыве ў Мінску і Магілёве:

— Я п'ю водаправодную ваду і ў сталіцы, і ў Магілёве. Але з-пад крана п'ю толькі халодную, а не цёплую ці гарачую. Гарачую, наколькі мне вядома, піць не варта. Перыядычна мы з сям'ёй здаём розныя аналізы — і ўсё ў парадку, мне здаецца, што вада добрая. Якасць вады ў абодвух гарадах мяне абсалютна задавальняе. Больш за тое, ад тых службаў, якія я курыравала, будучы ў прафсаюзах, ведаю, як чысціцца наша вада. Ці адрозніваецца вада ў Магілёве і Мінску? Па смакавых якасцях халодная вада з-пад крана аднолькавая. Фільтр у мяне ўсталяваны, але я не бачу сэнсу яго выкарыстоўваць.

Журналістка Юлія МАТУЗАВА, жыве на два гарады — Мінск і Наваполацк:

— Вада ў Наваполацку нашмат больш жорсткая, чым у Мінску. Мая сям'я лічыць, што піць ваду з-пад крана ў горадзе нельга. Ды і ніхто з маіх знаёмых яе не п'е. Можа, такія перасцярогі склаліся ва ўсіх, таму што ў горадзе шмат заводаў і неспрыяльная экалагічная абстаноўка. Ужо некалькі гадоў у нас у кватэры стаяць фільтры для ачысткі і змякчэння вады. Але для пітва мы ўсё роўна купляем бутыляваную ваду. Ведаю, што многія карыстаюцца адмысловымі ёмістасцямі з фільтрам для ачысткі вады. Я з невялікага беларускага горада і бачу розніцу паміж мінскай і нашай вадой. У Мінску яна лепшай якасці. Але п'ю ўсё роўна бутыляваную.

Загадчыца аддзялення камунальнай гігіены дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» Ірына ЖАЎНЯК:

— Так, я п'ю водаправодную ваду ў сталіцы. Я наогул не купляю бутыляваную ваду. Пражываю ў Сухараве, а працую на вуліцы Клары Цэткін. У абодвух месцах вада паступае з паверхневага водазабора. Як спецыяліст, магу ўпэўнена заявіць — вада бяспечная. Лёгкі пах хлору павінен адчувацца ў вадзе, таму што гэта служыць гарантыяй таго, што працэс абеззаражвання прайшоў правільна. Колькасць хлору ў пітной вадзе рэгламентуецца як міжнароднымі, так і нацыянальнымі нарматывамі. Яны разлічаны такім чынам, каб забяспечвалася поўная дэзынфекцыя вады, але без уплыву на здароўе людзей. Што датычыцца асабіста мяне, то спакойна стаўлюся да наяўнасці хлору.

Інжынер-энергетык Мар'ян МАЦКЕВІЧ, жыве ў г. Баранавічы:

— З большага з вадой у Баранавічах нядрэнна. Піць яе можна. У старых раёнах водазабеспячэнне ажыццяўляецца са свідравін, у новых вада мае невялікі прысмак хлору. Канкрэтна ў нашым доме вада добрая, але мы дадаткова ездзім да крыніцы. Яна знаходзіцца каля вёскі Тартакі ў Баранавіцкім раёне. Крыніца карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў мясцовых, нярэдка ў гэтым месцы збіраецца нават чарга з аўтамабіляў.

Намеснік старшыні Добрушскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей ПЯТРОЎСКІ:

— П'ю выключна водаправодную, таму што ад кіпячонай вады ў мяне пяршыць у горле. Якасць вады ў Добрушы сапраўды добрая, у нас тры водазаборы. Бываюць, вядома, зрывы, калі паступае дрэнная вада, але гэта звязана з рамонтам сетак. У цэлым жа па нашым раёне праблем з вадой вельмі шмат. Чаму? Таму што ў нас ёсць населеныя пункты, далучаныя да сельскагаспадарчых свідравін. У такіх гарадах і вёсках зашкальвае ўзровень жалеза, каляровасць і мутнасць таксама прысутнічаюць. Як гэта выправіць? Ёсць два спосабы. Першы — укласці грошы і зрабіць добрыя свідравіны, другі — паставіць станцыю абезжалезвання. Калі выбраць першы варыянт, то выдаткі на падачу вады будуць мінімальныя. Другі варыянт дрэнны тым, што потым трэба ўвесь час мяняць рэагенты і несці дадатковыя выдаткі.

Начальнік аддзела арганізацыйнай работы ўнітарнага прадпрыемства «Мінскводаканал» Кацярына КАЛЮГА:

— Так, я п'ю ваду з-пад крана. Я жыву ў Фрунзенскім раёне сталіцы, і ў нашым доме праблем з каляровасцю вады не назіраецца. Смакавыя якасці таксама ў норме. Згодна з СанПіН 10-124 РБ99 (а гэта галоўны дакумент, які рэгламентуе паказчыкі якасці вады ў нашай краіне), якасць водаправоднай вады ў нашым горадзе адпавядае ўсім нарматывам. Як супрацоўнік «Мінскводаканала», яшчэ раз магу пацвердзіць — пробы, якія адбіраюцца штодня ў кантрольных пунктах на сетках, не выходзяць за рамкі гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі. Аднак у пытанні якасці вады з крана мае значэнне і стан унутрыдамавых камунікацый. Калі прысутнічае пах хлору, можна проста адстойваць або кіпяціць ваду перад ужываннем.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Вывесці на чыстую ваду

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Гэты тыдзень вельмі ўдалы ў плане кар'еры і любові. Могуць паступіць прыемныя дзелавыя прапановы. Калі вы сканцэнтраваныя і ўважлівыя, то забяспечаны поспех, прычым такі, на які нават не разлічвалі. Цяпер час выканання жадання, вырашэння праблемы, якая хвалюе даўно. Да канца тыдня прыйдзе адчуванне радасці, спакою і гармоніі.

Грамадства

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Сёння ў кожнага пятага дарослага чалавека ў свеце дыягнастуецца павышаны крывяны ціск.