Вы тут

Ветэраны «Звязды» згадвалі, як яны рабілі газету


Ветэраны нашай газеты, якія сабраліся ўчора ў рэдакцыі, падзяліліся з маладымі супрацоўнікамі сваім вопытам, прыгадалі шмат гісторый і жартаў


Яны сышліся быццам бы на вечары сустрэчы выпускнікоў. «Ты амаль не змянілася!», «Добра выглядаеш!», «Якія навіны?» — толькі і чуваць было ў рэдакцыйным калідоры. Каб павіншаваць газету, якой прысвяцілі не адзін дзясятак гадоў, ветэраны «Звязды» не пашкадавалі ні часу, ні сіл.

Прычым у прамым сэнсе слова! Вольга Лягчылава, якой у верасні споўніцца 96 (!) гадоў, у гэты дзень таксама была ў рэдакцыі газеты, што дала ёй пуцёўку ў жыццё. Вядома, да вайны (а Вольга Паўлаўна прыйшла на работу ў «Звязду» ў 1938 годзе) рэдакцыя знаходзілася ў іншым месцы, няма ўжо і яе калег, з якімі штодзённа сустракалася ў рэдакцыйных калідорах. Затое ёсць газета, людзі, якіх яна ведае калі не ў твар, дык па прозвішчах, публікацыях, якія штодзень чытае.

— Мяне ў «Звязду» прывёў брат, Аляксандр Русановіч, які працаваў тут літаратурным супрацоўнікам, — расказвае Вольга Паўлаўна. — Калі я прыйшла ў рэдакцыю, я ўпершыню ўбачыла дываны на лесвічных клетках. Па тым часе гэта была раскоша! Працавала ў аддзеле пісьмаў, рэдактарам якога была Ядвіга Савіцкая — у гады вайны яна разам з іншымі стварала падпольную газету. Шмат лістоў у той час у «Звязду» прыходзіла. Найбольш крытычныя разбіраліся на ўсіх узроўнях. Газету паважалі...

Надзея Нікалаенка працавала ў «Звяздзе» перакладчыцай. Кажа, што гэта цяпер усе пішуць па-беларуску. Некалькі дзесяцігоддзяў таму беларускамоўныя журналісты былі на вагу золата. Часам, як успамінае Надзея Гаўрылаўна, у дзень даводзілася перакладаць па 50 старонак тэксту.

Нягледзячы на адзін запіс у працоўнай кніжцы, Ларыса Ракітніцкая ў «Звяздзе» змяніла тры прафесіі. Была і падчытчыцай (чытала ўслых, а стыль-рэдактар правяраў памылкі), і карэктарам, і нават бібліятэкарам. Аказваецца, у «звяздоўскай» бібліятэцы захоўвалася нямала рэдкіх кніг. Журналісты былі частымі яе наведвальнікамі. Прычым іх цікавіла не толькі прафесійная літаратура, карысталіся попытам і мастацкія творы.

Прысутнічала на сустрэчы ветэранаў і былы карэктар Валянціна Шпілеўская. Дарэчы, менавіта яна ў свой час прыдумала рубрыку «Крынічка». Леанід Лахманенка шмат гадоў асвятляў на старонках «Звязды» міжнароднае жыццё. Цяпер свой бясцэнны вопыт ён перадае маладому пакаленню ў Інстытуце журналістыкі. А Яўген Жукоўскі, хоць радкоў не пісаў, пра газету ведаў нямала — на працягу доўгіх гадоў ён з'яўляўся рэдакцыйным вадзіцелем.

— Самы складаны перыяд быў, калі пераходзілі на камп'ютары, — успамінае Валянціна Дайнэка, якая не адно дзесяцігоддзе вярстала нашу газету. — Палова газеты — на метале, палова — на камп'ютары. Да апошніх баяліся дакрануцца! Потым навучыліся.

Сваё жыццё «Звяздзе» аддала і Валянціна Мазжарава, якая толькі нядаўна выйшла з рэдакцыйных сцен на заслужаны адпачынак. Карэктар са стажам у 48 (!) гадоў, яна памятае не адну байку, звязаную з памылкамі. «Як казаў наш супрацоўнік, партызан Янка Казлоў, памылка — тая ж партызанка: як трэба, знойдзе выхад».

Яны ўзгадвалі, як у розныя часы стваралі газету, часам жартавалі, размаўлялі пра тое, чым жыве сучаснае выданне. Здавалася, што час не ўладны над імі. Яны па-ранейшаму ў страі. І няважна, што не ствараюць газету непасрэдна ў рэдакцыйным цэху. Яны жывуць яе праблемамі і ўжо як нашы самыя адданыя чытачы ўдзельнічаюць у яе лёсе.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: «Звязда» на ўсё жыццё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».