Вы тут

Лёс на кані не аб'едзеш?


На гэтым тыдні жыхары еўрапейскага кантынента маглі назіраць унікальную астранамічную з'яву — так званы крывавы месяц, — калі поўня, нізка завіснуўшы над зямлёй, афарбоўваецца ў барвяны колер. Навукоўцы абяцалі, што гэта адбудзецца ў 20.22 па мясцовым часе, і, выйшаўшы з тралейбуса, я ва ўсе вочы пачала глядзець на верхавіны нашага лесапарку, з-за якіх вось-вось гэты цуд прыроды павінен быў паказацца. Нічога не атрымалася: яшчэ ва ўсю свяціла сонца, і на блакітным небе з'явіўся толькі ледзь заўважны бляклы дыск. А калі сапраўды сцямнела, поўня ўжо была як поўня — звычайная, жоўтая, бы воўчае вока.


І тут прыгадалася, калі гэты самы крывавы месяц нечакана, без ніякіх сенсацый і папярэджанняў, давялося-такі ўбачыць. Было гэта амаль дваццаць гадоў таму. Мы з сяброўкай стаялі тады на прыпынку ў чыстым полі пад Мінскам, чакаючы запознены аўтобус ці спадзеючыся на амаль пустой трасе злавіць якую машыну. У лёгкім жнівеньскім прыцемку дзяліліся ўражаннямі, якія атрымалі ў гасцях. І раптам з-за гарызонта на неба выкаціўся вялізны барвовы шар. Ён быў падобны на што хочаце, толькі не на Месяц — здавалася, ядро Зямлі выскачыла з чэрава нашай планеты. Шар быў нібы жывы — ён пераліваўся рознымі адценнямі чырвонага. Відовішча было такое апакаліптычнае і чароўнае адначасова, што мы застылі, не могучы адарваць ад яго вачэй... Нібы прадвесце нечага страшнага, што змяніць немагчыма.

А з гасцей мы ехалі тады ад нашай старэйшай сяброўкі Дзіны — яны з мужам тады купілі невялікую двухпакаёўку ў ваенным гарадку недалёка ад сталіцы. Дзінка ўвогуле была дзяўчына, як бы сказалі сёння, «шухерная»: вучылася абы вучыцца, на працы доўга нідзе не затрымлівалася, тлумачачы гэта тым, што чарговы начальнік проста не разумее яе своеасаблівага літаратурнага таленту. Лётала па жыцці лёгка, як матылёк, раманы новыя заводзіла ледзь не кожны тыдзень, развітвалася з чарговым кавалерам без сцэн і трагедый, назаўтра ўжо весела расказвала пра новага... Пэўна, ставілася так легкадумна, бо не адчувала сапраўднага.

Сапраўднае абрынулася на яе ў выглядзе Арцёма — паўнаватага флегматычнага хлопца, да таго ж з разводам і аліментамі ў нагрузку. Як кажуць, з вялікага перабору... Канешне, ён быў дасціпны, з адметным жарсткаватым гумарам, але каб так апантана закахацца... Дзіна ж забылася пра ўсё, бачыла толькі яго.

Калі даведалася, што зацяжарыла, Арцём паклікаў яе замуж. Пайшла — бы ў вір галавой, не думаючы, што чакае далей, не пацікавіўшыся нават, чаму першая жонка ад яго сышла так канчаткова, што адсудзіла нават права не дапускаць сустрэчы яго з дачкой. Праз пару месяцаў пасля іх вяселля тая, першая, нагадала-такі аб сабе — падала на размен яго, арцёмавай, кватэры ў цэнтры Мінска. Кватэру прадалі, аддалі пакрыўджанай былой палову сумы, а на астатнія купілі невялікую двухпакаёўку пад Мінскам — на жыллё ў сталіцы ўжо не хапіла, — куды і пераехалі з маленькай дачушкай, якая толькі нарадзілася.

Мы тады вярталіся з іхняга наваселля і гаварылі пра тое, як хочацца, каб нарэшце ўсё ў іх супакоілася, каб усё было добра... Ды тут, пэўна, з самага пачатку не быў задуманы аптымістычны сюжэт. Хутка выявілася, што Арцём — гулец, прычым гэта ўжо ў яго на ўзроўні маніі і стаўкі ён робіць буйныя. Спачатку яны вымушаны былі прадаць кватэру, каб разлічыцца з «сур'ёзнымі людзьмі», якім ён завінаваціўся (справа была ў «ліхія» 90-я). Пайшоў, каб адыграцца, — стаў вінаватым яшчэ большую суму, якую ўзяць не было дзе, і Дзіне з малой давялося хавацца ў сваякоў ледзь не на хутары дзесьці пад Ашмянамі. Далей — болей: Арцём вырашыў ад крэдытораў уцячы за мяжу і ўсімі праўдамі і няпраўдамі атрымаў паперу «палітычнага бежанца» (многія ведаюць, што падобныя дакументы атрымаць тады было лёгка, цана пытання была фіксаваная — 500 долараў). Ён атрымаў дазвол на ўезд з сям'ёй, і зноў нечакана для сябе Дзіна з малой і любімым мужам апынулася ў Швейцарыі, у лагеры для бежанцаў.

Атабарыўшыся там, не ведаючы ні слова ні па-нямецку, ні па-французску, яна апынулася бы ў вакууме — толькі муж ды яшчэ пару знаёмых з Мінска, якія трапілі ў той жа лагер прыблізна тым жа спосабам. І ўсё, здаецца, у іхнім маленькім свеце наладзілася, падрастала дачка, нарадзіўся сын... Не грамадзяне і без спадзяванняў на грамадзянства?.. Выхад за межы лагера абмежаваны? Вакол чужыя людзі, чужая краіна, чужыя звычаі? Што з таго — галоўнае, яны разам. Але іхні сюжэт не быў аптымістычным з самага пачатку. Арцём з сябрамі пайшоў у паход у Альпы, сарваўся з гары і загінуў. Дзіна засталася зусім без падтрымкі (калі не лічыць пары знаёмых з Мінска) з дваімі малымі дзецьмі на руках.

Выратаваў яе той самы своеасаблівы літаратурны талент, які не хацелі разумець рэдактары газет, — яна стала пісаць казкі для дарослых. Якія знайшлі свайго чытача, дапамаглі пракарміцца самой, падняць на ногі сына і дачку.
У якіх — іншасказамі — пра ўсё яе жыццё, пра каханне, пра боль...

У сацыяльных сетках у яе — з паўтысячы сяброў. Якіх яна, хутчэй за ўсё, ніколі не ўбачыць — на Радзіму з яе статусам палітбежанца (які муж тады купіў і для яе) ёй дарогі няма. Усімі сваімі навінамі яна дзеліцца ў віртуальнай прасторы.

Вось і ўчора на сваёй старонцы падзялілася фота, якое днямі ўдалося зрабіць: крывавая поўня над гарызонтам. (Усё-ткі не салгалі, выходзіць, астраномы, дзесьці ў Еўропе яна была відаць!) Наведвальнікі яе профілю захапляліся, ставілі «лайкі». А я паслала ёй «падарунак» — прыгожа напісаныя простыя словы: «Няхай табе пашанцуе ў жыцці...» Здаецца, менавіта гэта ёй заўсёды было патрэбна больш за ўсё.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Крывавы месяц

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.