Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра вынікі выступлення айчынных спартсменаў на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Лондане, этапах Кубка свету па плаванні і мастацкай гімнастыцы, а таксама сочым за чэмпіянатам краіны па футболе.


1. Павел Санковіч заняў першае месца на дыстанцыі 50 м на спіне на трэцім этапе Кубка свету ў 25-метровым басейне, які завяршыўся ў Эйндховене. Акрамя таго, Павел устанавіў нацыянальны рэкорд, праплыўшы дыстанцыю з вынікам 22,84 секунды. Папярэдні рэкорд таксама належаў Санковічу (23,01) і быў усталяваны ў 2016 годзе. Яшчэ адзін медаль у скарбонку беларускай каманды прынёс Ілья Шымановіч, у вырашальным заплыве на 50 м брасам ён стаў трэцім — 26,10 секунды.

Кубак свету па плаванні ў 25-метровым басейне працягнецца ўжо восенню ў Азіі. 30 верасня сусветная плавальная серыя пройдзе ў Ганконгу, 4 кастрычніка ў горадзе Доха (Катар) адбудзецца чарговы этап. У лістападзе Кубак свету па плаванні будзе праводзіцца ў Пекіне, Токіа і Сінгапуры.


2. Завяршыўся этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы ў Казані. Гэта апошні старт перад чэмпіянатам свету, які пройдзе з 29 жніўня па 3 верасня ў італьянскім Пезара. Барацьбу за ўзнагароды вялі 145 гімнастак з 33 краін.

Выдатна праявіла сябе наша каманда ў групавых практыкаваннях. Пасля шостага месца ў мнагабор'і дзяўчаты даказалі, што здольныя дамагацца куды больш высокіх вынікаў. У кампазіцыі з пяццю абручамі беларускі заваявалі сярэбраныя медалі, у практыкаванні з трыма мячамі і дзвюма скакалкамі нашы грацыі сталі трэцімі. У індывідуальных спаборніцтвах у практыкаванні з мячом «серабро» заваявала Кацярына Галкіна, яшчэ ў трох фіналах, з абручом, булавамі і стужкай, Кацярына спынялася за крок ад п'едэстала. У мнагабор'і Галкіна стала трэцяй, наперадзе размясціліся толькі расіянкі.


3. Завяршыўся чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы ў Лондане. Наша каманда чацвёрты раз у гісторыі засталася без медалёў планетарнага першынства. Раней такое здаралася ў 1999, 2009 і 2013 гадах. На мінулым чэмпіянаце свету ў Пекіне ў Беларусі было дзве ўзнагароды — «золата» Марыны Арзамасавай у бегу на 800 м і «бронза» Аліны Талай у бегу на 100 м з бар'ерамі.

У Лондане найлепшымі вынікамі беларускіх лёгкаатлетаў сталі 6-я месцы Таццяны Халадовіч у кіданні молата і Аліны Талай у бегу на 100 м з бар'ерамі.

У фіналах за медалі таксама змагаліся Юлія Леанцюк у штурханні ядра (7-е месца), Павел Барэйша ў кіданні молата (9-е месца) і Ганна Малышчык у кіданні молата (10-е месца).

Адзначым, што ў Лондане нашу краіну прадстаўлялі 16 лёгкаатлетаў — такім невялікім складам каманда на планетарных форумах яшчэ не выступала. Нагадаем, з-за траўмаў або з іншых прычын турнір прапусцілі вядучыя атлеты — Іван Ціхан, Вольга Мазуронак, Святлана Кудзеліч, Настасся Іванова, Андрэй Краўчанка, Павел Селівёрстаў, Віялета Скварцова і іншыя.

— Хочацца папрасіць прабачэння ва ўсіх балельшчыкаў айчыннай лёгкай атлетыкі за выступленне нашай зборнай на гэтым найбуйнейшым спаборніцтве года. Ведаю, што расчаравалі і не апраўдалі чаканняў, — адзначыў на сваёй старонцы ў сацсетках кіраўнік федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі. — Да галоўнага старту мы падышлі з крыўднымі стратамі. Але нават з тымі атлетамі, якія прыехалі ў Лондан, мы, зыходзячы з выніковых пратаколаў, здольныя былі змагацца за медалі. Хоць бы адну ўзнагароду абавязаны былі браць у гэтыя дні.


4. Хакеісты мінскага «Дынама» стартавалі на Кубку Латвійскай чыгункі. У першым матчы яны саступілі рыжскім аднаклубнікам з лікам 2:3. У другім туры дынамаўцы згулялі з яраслаўскім «Лакаматывам», а 16 жніўня сустрэнуцца з казанскім «Ак Барсам». 17 жніўня пройдзе матч за трэцяе месца і фінал.

Нагадаем, Кубак Латвійскай чыгункі праводзіцца з 2009 года. Мінскае «Дынама» пяць разоў прымала ўдзел у турніры, але ні разу не трапляла ў прызёры. Для нашых хакеістаў гэты турнір з'яўляецца заключным падрыхтоўчым перад пачаткам выступлення ў 10-м сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі. Там яны стартуюць 23 жніўня дамашняй сустрэчай з фінскім «Ёкерытам».


5. Завяршыліся паядынкі 18-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Салігорскі «Шахцёр» разграміў «Мінск» з лікам 3:0 і захаваў за сабой першае месца ў турнірнай табліцы. З мінімальнай перавагай 1:0 мінскае «Дынама» адолела «Тарпеда-БелАЗ», а барысаўскі БАТЭ быў мацнейшы за брэсцкіх дынамаўцаў. «Іслач» з буйным лікам саступіла «Гарадзеі» — 0:4, «Слуцк» прайграў «Нёману» — 1:2. «Віцебск» на дамашнім полі быў мацнейшы за «Нафтан» — 2:0. З нічыйным вынікам скончыліся матчы «Крумкачоў» з «Дняпром» — 0:0 і «Славіі» з «Гомелем» — 1:1.

Становішча ў першай пяцёрцы: «Шахцёр» — 43 ачкі, «Дынама» (Мінск) — 40, БАТЭ — 39, «Нёман» — 32, «Віцебск» — 31.

Бамбардзірскую гонку ўзначальваюць Міхаіл Гардзяйчук (БАТЭ) і Антон Сарока («Дынама», Мінск), якія забілі па дзевяць мячоў.


6. Жаночая зборная па хакеі на траве заваявала залатыя ўзнагароды чэмпіянату Еўропы ў дывізіёне ІІ. У фінале турніру, які праходзіў у Кардыфе (Уэльс), беларуская каманда абыграла расіянак — 2:1. Бронзавым прызёрам стала зборная Італіі, якая абыграла Уэльс, — 3:0.

Дзякуючы выхаду ў фінал кантынентальнага турніру ў дывізіёне ІІ, у 2019 годзе жаночая нацыянальная каманда Беларусі па хакеі на траве згуляе ў вышэйшым дывізіёне, дзе, дарэчы, будзе разыграна пуцёўка на Алімпійскія гульні — 2020 у Токіа.


7. Дуэт Аляксандр Каваленка і Аляксандр Дзядкоў стаў другім на міжнародным турніры Еўрапейскай канфедэрацыі валейбола катэгорыі «Сатэліт» па пляжным валейболе. У 1/2 фіналу Каваленка і Дзядкоў упэўнена перайгралі пару з Нідэрландаў — 21:17, 21:19. У матчы за першае месца беларусы сустрэліся з Юсефам Кру і Квінсі Ае з Францыі. Гульня працягвалася каля гадзіны і завяршылася перамогай французаў.

Адзначым, што другое месца на турніры катэгорыі «Сатэліт» — найбольш значнае дасягненне беларускай пары па пляжным валейболе ў бягучым сезоне.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Расчаравалі і не апраўдалі чаканняў?

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.