Вы тут

Цікавыя факты пра сабак-ратавальнікаў


Чалавецтва ўжо вельмі даўно карыстаецца бясспрэчнай перавагай сабакі — унікальным найтанчэйшым нюхам, а ў нашы дні спецыяльная падрыхтоўка дазваляе сябрам чалавека прымаць самы актыўны ўдзел у найскладанейшых пошукава-выратавальных аперацыях. Штогод у розных кутках зямнога шара службовыя сабакі здзяйсняюць подзвігі, дапамагаючы захаваць тысячы чалавечых жыццяў. Касматыя героі нездарма выклікаюць вялікую павагу і захапленне ў людзей ва ўсім свеце, яны цалкам заслужылі нашу ўвагу. Сёння прапануем вам цікавыя факты з жыцця сабак-ратавальнікаў.


Сабакі «працуюць» пошукавікамі-ратавальнікамі ўжо больш як трыста гадоў. Першымі іх дапамогу сталі выкарыстоўваць манахі з высакагорных прытулкаў у швейцарскіх Альпах. Вялікія вынослівыя сенбернары былі навучаны шукаць падарожнікаў, якія спрабавалі пераадолець горныя перавалы паміж Швейцарыяй і Італіяй, але збіліся з дарогі ці заблудзілі ў зімовую непагадзь.

Вядома, што сабака-ратавальнік вызначае месцазнаходжанне чалавека па паху. Асаблівасці і характарыстыкі гэтага ўнікальнага працэсу дагэтуль да канца не вывучаныя, і менавіта таму чалавецтву яшчэ не ўдалося стварыць прыбор, здольны замяніць чацвераногага сябра. Відаць, сабака здольны «аналізаваць» такія віды пахкіх субстанцый, як эпідэрміс скуры, потааддзяленне, паветра, якое выдыхаюць лёгкія, а таксама прадукты раскладання чалавечых тканак і скуры.

Паводле ацэнак экспертаў, адзін сабака з пошукава-выратавальнай службы можа выканаць працу дваццаці, а то і трыццаці прафесіяналаў-пошукавікаў. Асабліва адораныя сабакі валодаюць нюхам, які перавышае чалавечы ў сто мільёнаў разоў.

У сярэднім за адзін дзень сабака пошукава-выратавальнай службы ў суправаджэнні ратавальніка-кінолага можа абследаваць плошчу прыблізна роўную аднаму квадратнаму кіламетру.

Імавернасць выяўлення крыніцы паху на вялікай адлегласці значна вышэйшая ў пахмурныя дні і начны час. У бязветраны сонечны дзень сабаку значна складаней успрымаць пахі, калі ў выніку канвекцыі ніжнія атмасферныя пласты, награваючыся, паднімаюцца ўверх, а верхнія, становячыся цяжэйшымі, наадварот, апускаюцца ўніз.

На практыцы сабаку-ратавальніка можна, як правіла, аднесці да адной з дзвюх рабочых спецыяльнасцяў. Вышуковым сабакам для эфектыўнага пошуку неабходны адпраўны пункт і прадмет з пахам чалавека, якога трэба знайсці. Такія сабакі карыстаюцца ніжнім нюхам, гэта значыць непасрэдна абнюхваюць зямлю або брук, бяруць след і рушаць па ім да пазначанай мэты. Пошукава-выратавальныя сабакі, наадварот, шукаюць чалавека не па пакінутым следзе,
а старанна абнюхваючы навакольную прастору. Пры спрыяльных умовах надвор'я такі сабака здольны выявіць крыніцу паху на адлегласці больш за чатырыста метраў. Рэкорд быў пастаўлены ў тундры на Алясцы, калі пошукава-выратавальнаму сабаку ўдалося адчуць пах на адлегласці ў тры кіламетры. У залежнасці ад выбранай першапачаткова спецыяльнасці вышуковым і пошукава-выратавальным сабакам патрэбна розная праграма навучання.

Службовы сабака можа трапіць у пошукава-ратавальную службу як з прытулку, так і з гадавальніка. Галоўная ўмова — такі сабака павінен быць цвёрда нацэлены на выяўленне «здабычы», гэта значыць прадэманстраваць ладную матывацыю і рашучасць пры пошуку схаванай цацкі.

У большасці выпадкаў для пошукава-выратавальных аперацый выкарыстоўваюцца паляўнічыя і пастуховыя пароды сабак, такія як лабрадор-рэтрывер, залацісты рэтрывер, нямецкая аўчарка, бельгійская аўчарка малінуа, а таксама бордар-колі. А вось велічных і адважных сенбернараў часцей за ўсё рыхтуюць для пошуку людзей, засыпаных снежнай лавінай у гарах. Найлепшыя з такіх сабак могуць адчуваць чалавечы пах, калі глыбіня снежнага покрыва перавышае чатыры метры. Ньюфаўндленды не так часта, як іншыя пароды, становяцца сабакамі-ратавальнікамі, аднак, дзякуючы свайму мускулістаму целаскладу, густому ваўнянаму покрыву і падшэрстку, перапончатым лапам, непераўзыдзеным плавальным здольнасцям і любові да водных працэдур, гэтым сабакам складана знайсці роўнага пры выратаванні чалавека, які тоне.

Адораныя шчанюкі, адабраныя для навучання па праграме пошукава-выратавальных службаў, як правіла, прыступаюць да заняткаў ва ўзросце васьмі-дзесяці тыдняў ад нараджэння. У сярэднім на аднаго сабаку ідзе каля тысячы гадзін падрыхтоўкі. Калі ў выніку навучання сабака ўсё ж аказваецца непрыдатным для гэтай сапраўды складанай і адказнай дзейнасці, пасля «прафарыентацыі» ён можа атрымаць больш адпаведную для яго характару спецыяльнасць, напрыклад авалодаць пошукам выбухоўкі ці наркотыкаў, стаць падмогай людзям, якія маюць патрэбу ў суправаджэнні або пакутуюць ад посттраўматычнага засмучэння. У рэшце рэшт, такі сабака можа проста апынуцца ўлюбёнцам сям'і.

Праца ў якасці ратавальніка патрабуе ад чатырохногага сябра вялікай канцэнтрацыі ўвагі, таму такія сабакі, як правіла, выходзяць на пенсію або пераходзяць на менш адказныя «пасады» ва ўзросце васьмі-дзесяці гадоў.

Сабак, навучаных шукаць рэшткі загінулых ахвяр, на прафесійным жаргоне называюць «трупнымі» сабакамі. Ім пад сілу знаходзіць цэлыя целы і іх часткі, у тым ліку тыя, якія знаходзяцца пад вадой і закапаныя ў зямлю, а таксама фрагменты: валасы, тканкі, кроплі крыві, асобныя часткі шкілета і косці.

Сабакі пошукава-выратавальнай службы часта суправаджаюць сваіх гаспадароў-кінолагаў нават на адпачынку, каб у любую хвіліну быць гатовымі да магчымай надзвычайнай сітуацыі.

Пасля тэрарыстычных актаў 11 верасня 2001 года каля трохсот сабак пошукава-выратавальнай службы ЗША ў суправаджэнні ратавальнікаў-кінолагаў прачэсвалі месца трагедыі ў пошуках жывых. Залацісты рэтрывер Брэтань — апошні сабака з тых, якія прымалі ўдзел у гэтых страшных падзеях, памерла ва ўзросце 16 гадоў у чэрвені 2016 года. Яе калегі-ратавальнікі праводзілі Брэтань у апошні шлях з усімі належнымі па яе заслугах ушанаваннямі.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Знайсці і выратаваць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.