Вы тут

«Нельга, каб жанчыну «напаўнялі» розныя мужчыны»


Калі я спытала дырэктара медцэнтра «Гармонія» Алену ГЕРАСІМОВІЧ, з чым яна сябе асацыюе, пачула тры словы «Жанчыны. Дзіця. Абраз». Рэч у тым, што мая суразмоўніца — урач-акушэр-гінеколаг, кандыдат медыцынскіх навук — вось ужо 22 гады, як сама кажа, служыць людзям. Спачатку выратоўвала жыцці, а цяпер дапамагае з'яўляцца на свет новым.


Пра безнадзейнасць, Космас ды «вузел», які развязаўся

Да мяне вельмі часта прыходзяць пары, якія мараць стаць бацькамі, але па розных прычынах не могуць ажыццявіць сваю мару. Адразу кажу, што я не чараўніца, але зраблю ўсё, што ў маіх сілах. І дадаю, што на ўсё воля Божая. Часам бываюць такія сітуацыі, што я зрабіла нават немагчымае, але нічога не атрымліваецца. І тут з'яўляецца нейкая звышсіла — Космас, Бог, называйце гэта, як хочаце, якая дапамагае гэтай пары.

Чамусьці мне ўспомнілася мая першая пацыентка Ірына з пазаматачнай цяжарнасцю. Падчас аперацыі давялося выдаліць гэтай маладой жанчыне матачную трубу. Калі я падчышчала другую трубу, старалася ўсё зрабіць надзвычай добра. А ўнутры, па шчырасці, было моцнае адчуванне безнадзейнасці. Маўляў, я пакіну гэтую трубу, але малаімаверна, што жанчына зможа ўжо мець натуральныя роды. І якое было маё здзіўленне і радасць, калі Ірына праз паўгода паступіла да мяне з цяжарнасцю.

У Алесі і Дзмітрыя таксама доўга не было дзетак. Яны былі катэгарычна супраць ЭКА. Тады я параіла ім усынавіць дзіця. Пара прыняла такое свядомае рашэнне. І «вузел» развязаўся. Неўзабаве пасля гэтага ў Алесі і Дзімы з'явілася двое ўласных дзяцей. Хіба гэта не цуд?

У кожнай жанчыны павінен быць асабісты гінеколаг. Але я яшчэ і за культуру «другога меркавання ўрача». Калі ў цябе ёсць нейкая праблема і яна не вырашаецца з адным доктарам, то трэба пачуць меркаванне іншага спецыяліста. Добры гінеколаг той, які лечыць бясплоднасць на працягу года. Калі за гэты час не дапамог, то трэба ці іншы погляд, ці іншая тэхналогія. Я — за сямейную медыцыну. У мяне ёсць некалькі сем'яў, дзе да мяне ходзяць мама, дочкі, нявесткі. Мне прыемна, што яны выбралі мяне сваім гінеколагам. Але я не пакрыўдзілася б, калі б пры нейкай сітуацыі яны захацелі пачуць альтэрнатыўнае меркаванне.

Пра роды дома, хрэсніцу Машу ды камячок шчасця

Калі б да мяне прыйшла жанчына з просьбай зрабіць аборт, я адмовіліся б. Паглядзіце, побач з нашым цэнтрам — касцёл, царква. Як можна грашыць у такім месцы? У «Гармоніі» не робяць аборты. Гэта мой свядомы выбар і прынцыповая пазіцыя. Для мяне гэта як псаваць карму. На жаль, калі я пачынала свой шлях у гінекалогіі, мне даводзілася рабіць аборты. Гэта было абавязковым. І мне было балюча ад гэтага (плача). Я не маю права асуджаць жанчын, бываюць розныя абставіны. Але ў мяне цвёрдае перакананне, што калі Бог даў дзіця, то дасць і сілы, каб яго выгадаваць.

Маёй хрэсніцы Машы 18 гадоў. Яе маці пастаянна мне дзякуе. Кажа: калі б не было цябе, магло не быць і Машы. У свой час Машына мама была маёй пацыенткай. Так складваліся жыццёвыя абставіны, што нарадзіць ёй было цяжка. Але мне ўдалося знайсці словы, якія пераканалі жанчыну ў тым, што дзіця ёй патрэбнае. Сёння яна шчаслівая, што ў яе ёсць Маша — надзея і апора.

Я — трэцяе дзіця ў сям'і. Тады былі вельмі цяжкія часы ў матэрыяльным плане. І я вельмі ўдзячная сваёй маці, што яна знайшла сілы мяне выгадаваць.

Зачацце — гэта задавальненне, цяжарнасць — гэта цярпенне, роды — гэта праца. А мацярынства і бацькоўства — гэта і задавальненне, і цярпенне, і праца.

Я дрэнна стаўлюся да родаў дома. Бо, акрамя хатняй утульнасці і камфорту, яны нічога не даюць. Побач павінен быць спецыяліст. У Германіі роды дома прымае сертыфікаваная акушэрка, якая прайшла шэраг навучальных праграм, трэнінгаў. У яе заўсёды ёсць аўтамабіль і дамоўленасць з медустановай: у выпадку чаго — мы тут. У нас жа пакуль што няма такіх акушэрак і дактароў, якія могуць аказваць спецыялізаваную дапамогу ў хатніх умовах. У выніку можа здарыцца жудасная сітуацыя, калі пад пагрозай будуць два жыцці — і жанчыны, і дзіцяці. Роды дома — гэта каласальная адказнасць і непрадказальнасць. Можа быць абвіццё пупавіны вакол шыі, крывацёк. Такая сітуацыя, дзе трэба імгненна прыняць рашэнне. Таму я за нараджэнне дзяцей у сценах медустановы.

І за тое, каб больш пар нараджалі разам. Я — за ўсвядомленыя партнёрскія роды. На пэўным этапе трэба спіну памасіраваць жанчыне, падзьмуць, каб выклікаць правільную схватку. Праводзілася даследаванне, што такія шлюбы больш моцныя.

Я сваю дачку нараджала 22 гады таму. У мяне былі партнёрскія роды. Я не хацела трывожыць раней за час калег, таму не спяшалася ехаць у раддом. Сама сябе абязбольвала. Паколькі я сама акушэр-гінеколаг, то разумела, што са мной адбываецца. Нават вылічыла, што дачка павінна нарадзіцца 29 красавіка. І вось 10 гадзін вечара. Адчуваю, што схватак няма. Кажу мужу: «Нешта не так». Віталь бярэ кніжку пра пераношаную цяжарнасць. Ляжым, чытаем. Праз 10 хвілін у мяне пачаліся схваткі. Мы паехалі ў раддом, і праз гадзіну я нарадзіла. Ніколі не была такой шчаслівай, як у момант нараджэння дачкі. Гэта так кранальна! Ніколі не забуду слёзы радасці на вачах у майго сур'ёзнага мужа, які трымаў на руках гэты камячок шчасця.

Мая дачка вучыцца ўжо на пятым курсе медуніверсітэта. Хадзіла ў гінекалагічны гурток, летась заняла першае месца ў студэнцкай алімпіядзе па гінекалогіі. Яна пакуль яшчэ не выбірала спецыялізацыю, але, відаць, усё ж такі ў мяне будзе змена. Я рада, бо магу падзяліцца з ёй сваім досведам. Ведаю, што гэта складаны шлях. Але быць доктарам — гэта цудоўна.

Пра крылы, багацце ды праўду, якой бы яна ні была

У ардынатуры мне давялося працаваць у НДІ анкалоіі. Гэта было вельмі цяжкое аддзяленне ў псіхалагічным плане. Я вельмі суперажывала сваім пацыентам. Даводзілася аперыраваць маладых жанчын. Памятаю, як адна з пацыентак, педагог, трымала мяне за руку пасля аперацыі і пыталася: «Леначка Міхайлаўна, у мяне ж не рак, праўда?»

Я вучылася, як правільна гаварыць пацыенту пра рак, у амерыканскага прафесара псіхатэрапеўта і анколага. Калі раней думала, што на апошняй стадыі можна пашкадаваць чалавека, то цяпер пераканана, што, як бы ні было цяжка, трэба гаварыць праўду. Гэта шанц для пацыента штосьці зразумець, усвядоміць і нават перамагчы хваробу. Цуды ж ніхто не адмяняў. Ды і медыцына не стаіць на месцы. Людзі, якім выдалілі на ранняй стадыі ракавую пухліну, жывуць яшчэ шмат гадоў. Проста трэба ўмець размаўляць з пацыентам, тлумачыць кожны этап. Сказаць, што ёсць ты, ёсць я і ёсць хвароба — нас жа двое, і ўдваіх мы пераможам яе.

Людзі, на жаль, мала клапоцяцца пра сваё здароўе. І толькі калі «накіпела», ідуць да ўрача. Я за здаровы лад жыцця і прафілактычную медыцыну. Калі хоць бы адзін раз на год наведваць доктара, то ты не дасі шанц развіцца хваробе. Я таксама за тое, каб не было бязладнага палавога жыцця. Нельга, каб жанчыну «напаўнялі» розныя мужчыны, і наадварот. Гэта дакладна не шлях да гармоніі. Больш за тое, любое запаленне можа ініцыяваць рак.

Мне шанцуе па жыцці на людзей. Працавала з Кацярынай Яфімаўнай Вішнеўскай — гэта эталон у беларускай анкалогіі. Яна рабіла самыя складаныя аперацыі. А я трымала ёй кручкі, была трэцім асістэнтам. Маімі настаўніцамі таксама былі Ірына Аляксандраўна Касенка і Вольга Анатолеўна Перасада. Гэта вялікае шчасце і гонар вучыцца ў такіх прафесіяналаў.

У любой спецыяльнасці, асабліва ў акушэрстве і гінекалогіі, трэба ўдасканальвацца. Рэгулярна ўдзельнічаю ў медыцынскіх форумах, канферэнцыях, сімпозіумах, бо адукацыя — гэта інвестыцыі ў сябе і сваіх пацыентаў. З'яўляюся членам Сусветнай арганізацыі рэпрадукцыі чалавека, у кастрычніку будзе кангрэс у Санкт-Пецярбургу, таксама туды паеду, бо там будуць навінкі. У верасні планую вучыцца ў Акадэміі паслядыпломнай медыцынскай адукацыі, нягледзячы на тое, што ў мяне за плячыма ўжо ёсць 500 гадзін у клінічнай ардынатуры.

Шчаслівыя мамы дораць на памяць Алене Герасімовіч фотаздымкі сваіх дзетак.

Люблю вучыцца. Але не назапашваю гэтыя веды ў сабе. Мне падабаецца дзяліцца. Не так даўно Ігар Ман, аўтар кніг па маркетынгу і рабоце з кліентамі, прыязджаў у Мінск. Я была на яго выступленні і купіла некалькі кніг, якія ён рэкамендаваў. Адну з іх вы бачылі на маім працоўным стале — «Кліенты на ўсё жыццё» Карла Сьюэла і Пола Браўна. Я купляю шмат кніг, спачатку чытаю сама, а пасля іх чытаюць мае супрацоўнікі. Каб лепш разумець сваіх пацыентаў.

Вельмі важна, каб паміж мамай і дачкой былі даверлівыя адносіны. І не варта саромецца абмяркоўваць фізіялагічныя пытанні. Пра менструацыю дзяўчынка павінна даведацца не ад сяброўкі, а ад мамы. Тое ж самае датычыцца і адносінаў з хлопцамі. Мама павінна расказаць, што ўступаць у інтымныя адносіны трэба абавязкова па каханні, і распавесці пра метады кантрацэпцыі. Размаўляць на інтымныя тэмы з сынам — прывілегія таты. Хлопчыка трэба выхоўваць самастойным, каб ён быў апорай у сям'і, каб мог узяць адказнасць за ўчынкі, за сяброў, за жонку. Мне б хацелася, каб побач з маёй дачкой быў чалавек, падобны на майго мужа.

13 гадоў таму я праходзіла стажыроўку ў адной з вядучых клінік Германіі. За тры месяцы мне пашчасціла асісціраваць у замежных лекараў падчас 46 аперацый. Калі вярнулася ў Беларусь, у мяне як быццам выраслі крылы. Захацелася перанесці сюды ўбачанае за мяжой, каб людзі атрымлівалі і сэрвіс, і клопат, і прафесійныя веды. Я агучыла ідэю стварыць уласны медцэнтр, а муж яе падтрымаў. Без яго падтрымкі і аналітычнага розуму наўрад ці адважылася б на адкрыццё сваёй справы.

Я мару, каб у мяне было шмат унукаў. Хацела б, каб у маёй дачкі была вялікая дружная сям'я, каб яна ў першую чаргу рэалізавалася як мама. Так здарылася, што Бог падарыў нам з мужам толькі адно дзіця. Але я ад душы радуюся за людзей, багатых сям'ёй. Днямі ў мяне на прыёме была жанчына з Вялікабрытаніі. Яна прыйшла на УГД разам з мужам і чатырма малымі. Яна аказалася цяжарнай пятым дзіцем. Якія яны шчаслівыя!

Многія жанчыны звяртаюцца да дактароў з праблемамі бясплоднасці. Я хачу, каб яны мелі шчасце выканаць сваю мацярынскую функцыю. Калісьці адна з маіх пацыентак напісала ў кнізе водгукаў: «Дзякуй за шчасце быць Мамай». Мару, каб такіх шчаслівых жанчын было як мага больш.

Бліц-апытанне

— Алена, як вы аднаўляеце энергію?

— Рэгулярна хаджу ў басейн. Люблю ваду, яна ачышчае. Непадалёк ад нашага дома ёсць веласіпедная сцежка, дзе мы катаемся з мужам на веласіпедзе. Не так даўно нам падарылі палкі для скандынаўскай хады. Таму цяпер у нас новае захапленне.

— Ці ёсць у вас «месца сілы»?

— Бацькоўскі дом.

— На якую тэму вы пісалі дысертацыю?

— Я даследавала паталагічны клімакс. У нашай рэспубліцы толькі дзве дысертацыі на гэтую тэму. У калегі — па астэапарозе, зменах у касцях падчас клімаксу. А ў мяне — звязаная з псіхаэмацыйнымі метабалічнымі парушэннямі. Клімаксу не варта баяцца. Калі раней мамы цярпелі прылівы і змены настрою, павышэнне ціску, то цяпер трэба проста выбраць спецыяліста і параіцца з ім. Усе жанчыны розныя: адной трэба зёлкі, другой — гамеапатыя, трэцяй — гарманальная тэрапія.

— Цікава, якія кнігі вы чытаеце?

— Мой любімы аўтар — амерыканскі псіхатэрапеўт Ірвін Ялом. Ва ўсіх яго кнігах («Углядаючыся ў сонца», «Калі Ніцшэ плакаў», «Хроніка вылячэння» і інш.) медыцына пераплятаецца з псіхатэрапіяй і псіхалогіяй. Акрамя таго, мяне цікавіць бізнес-літаратура. Цяпер, у прыватнасці, чытаю Іцхака Адызеса «Кіраванне жыццёвым цыклам карпарацыі». Гэта тоўстая кніга. Хачу яе адужаць за лета.

— А ёсць настольная кніга, якую вы перачытваеце пастаянна?

— Гэта зборнік вершаў Ганны Ахматавай.

— Што б вы параілі жанчыне? А дзяўчыне? А дзяўчынцы (гэтае пытанне калісьці задалі актрысе Эдзіт Піяф)?

— Любіць і берагчы сябе з маладосці.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Мінск — Жодзіна

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Каментары

Медицинский центр "Гармония" - это то место, где наступает гармония в душе и теле. Мне повезло подружиться с Еленой Михайловной. Именно с ней я обрела абсолютное счастье - быть мамой! Центру процветания и развития! Лично Елене Михайловне - здоровья и душевного тепла!
Елена Михайловна - Врач и Человек с большой буквы! Благодарна судьбе за то,что свела меня с ней,а Елене Михайловне безмерно благодарна за помощь в обретении нашего маленького Чуда! Действительно замечательный центр! Рекомендую всем близким и знакомым и с гордостью делюсь информацией в прессе) Здоровья,терпения, Божьей помощи и благодати Елене Михайловне во всех делах и начинаниях!

Выбар рэдакцыі

Спорт

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала. 

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.