Вы тут

З «Зажынак» пачалася ўборка ва ўсіх гаспадарках Касцюковіцкага раёна


Са старажытнага абраду, з «Зажынак», сёлета пачалася ўборка ва ўсіх гаспадарках Касцюковіцкага раёна. Багатага намалоту і добрага настрою земляробам пажадалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці.


Як кажуць старажылы, кірмашы на Ілью спрадвеку былі ў Саматэвічах. Цяпер на карце раёна няма, на жаль, гэтага мястэчка: пахавалі яго ў зямлі, атручанай чарнобыльскай радыяцыяй. Большасць жыхароў перасяліліся ў Новыя Саматэвічы. Кірмаш застаўся хіба ва ўспамінах...

Ініцыятыву работнікаў раённага Цэнтра культуры адрадзіць яго актыўна падтрымалі супрацоўнікі Новасаматэвіцкага клуба, Бялынкавіцкага сельскага Савета і...

Дзве з паловай гадзіны на спецыяльна абсталяванай плошчы аграгарадка доўжылася свята. Мясцовыя жыхары і госці з райцэнтра з'ехаліся не толькі для таго, каб нешта прыдбаць, — каб акунуцца ў атмасферу свайго дзяцінства і маладосці. На пытанне «Як гэта было раней?» адна з найстарэйшых жанчын Алена Сямёнаўна Шорнікава адказала: «З першых пасляваенных гадоў да нас на Ілью сталі прыязджаць гандляры, прычым не толькі з Беларусі, але і з Бранскай вобласці, з Рослаўля, нават з самога Кіева! Везлі ўсё: свіней, авечак, свойскую птушку, посуд гліняны, вопратку, цукеркі на палачках ды шмат чаго яшчэ. З'язджацца пачыналі з дзвюх гадзін ночы. Месцы займалі, раскладвалі тавар. Са світаннем пачынаўся гандаль. Людзей было — вокам не акінуць... Заўжды ладзіліся канцэрты, атракцыёны. Працаваў тэатр «Батлейка», на хадулях хадзілі скамарохі. Але весялосць пачыналі толькі тады, як людзі з палёў вярталіся, бо менавіта ў гэты дзень (на Ілью) пачыналі жніво: зжыналі некалькі палос і спынялі работы да заўтра, бо трэба ж на кірмаш...

Запомніўся і гандаль гармонікамі. Яны тут на любы густ былі. А каб прадаць, музыкам трэба было паказаць іх, гэта значыць «урэзаць» нейкую польку ці марш. Вось яны і «ўразалі»...

А нарэшце пачыналіся танцы — у многіх месцах, з гармонікамі, з бубнамі.

Свята грымела з ночы да ночы. «Ходарам хадзіла» ўся вёска. Да «кірмашоў на Ілью» рыхтаваліся, іх чакалі ўвесь год. А потым...

Потым вёску перасялілі. Доўгі час не да вяселля было... Сёння быццам у маладосць, быццам дамоў вярнуліся».

Пахаваным Саматэвічам жыхары збіраюцца паставіць помнік. А пакуль ушаноўваюць найстарэйшага з месцічаў, самага маленькага, як сувязь двух пакаленняў.

І зноў іграюць гармонікі! Да мікрафона можа падысці любы ахвотны: прыпеўкі гучаць — наперабой...

Свята, карацей, удалося, хай не такое, як раней, але пачатак пакладзены. З часам, глядзіш, і адродзіцца вялікі Ільінскі кірмаш, паедуць гандляры і ў Новыя Саматэвічы.

Наталля ДРОБЫШАВА

г. Касцюковічы

Загаловак у газеце: Адродзіцца свята-кірмаш!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.