Вы тут

Як праваахоўнікі сочаць за хадой уборачнай кампаніі


У трох раёнах за дзень на жніве пабываў карэспандэнт «Звязды» — у рэйдзе разам з супрацоўнікамі міліцыі, МНС і пракуратуры. Наведалі гаспадаркі Шумілінскага, Полацкага і Верхнядзвінскага раёнаў. Некаторыя факты безгаспадарлівасці вартыя для напісання фельетонаў. І наадварот — Гаспадарлівасць з вялікай літары вартая пераймання.


Чакаюць запчасткі з... Турцыі

Мэта рэйду — праверыць, ці ўсё робіцца дзеля таго, каб жніво прайшло без надзвычайных здарэнняў, каб ураджай быў сабраны без страт. Калі мы ехалі, то замест таго, каб любавацца прыгажосцю наваколля, пільна ўглядаліся ў палі і накіроўваліся туды, дзе працавала тэхніка. Дзень выдаўся спякотны: тэмпература паветра больш за 30 градусаў па Цэльсію. У такое надвор'е добра разумееш, што словы пра «бітву за ўраджай», «цяжкую працу хлебаробаў» — не прыдуманыя. Так яно і ёсць: ва ўмовах, блізкіх да крытычных, з раніцы да позняга вечара і часта ноччу вяскоўцы працуюць на палях.

Разам з тым некаторыя рэчы, якія мы ўбачылі падчас рэйду, выклікалі пытанні. У адной з гаспадарак Шумілінскага раёна хлебаробы чакаюць неабходны «агрэгат» для зернесушылкі аж з... Турцыі. Хоць сушылка айчынная. Няўжо вытворца не мог паклапаціцца, каб праблем у вяскоўцаў з запчасткамі не было? Салідныя кампаніі, каб выйсці пераможцамі ў канкурэнтнай барацьбе, цяпер практыкуюць пастаўкі неабходных кампанентаў падчас эксплуатацыі іх тэхнікі...

У пракуратуры Віцебскай вобласці, дарэчы, плануюць зрабіць аналіз рацыянальнага набыцця і выкарыстання сельскагаспадарчых машын.

Хацелі, але не змаглі

У Полацкім раёне ў гаспадарцы, куды мы заехалі, на камбайне працаваў пенсіянер. У гэтым няма ніякага парушэння, тым больш што людзі на жніве ў дэфіцыце. Але пры камбайнеры не было дакумента, які пацвердзіў бы яго права кіраваць тэхнікай. А гэта ўжо, мякка кажучы, непарадак. Мужчына прызнаўся, што яго, да таго ж, не аформілі на часовую працу... Супрацоўніца МНС, у сваю чаргу, заўважыла, што вогнетушыцелі пры тэхніцы былі ў непрацоўным стане і не было побач ні вады, ні іншых сродкаў, каб пагасіць агонь, калі пажар, не дай бог, узнікне.

На поле прыехаў кіраўнік гаспадаркі. Высветлілася, што гаспадарка мае ўсяго чатыры камбайны, на жніве толькі два з іх...

Нават мне, чалавеку, далёкаму ад сельскай гаспадаркі, кінулася ў вочы, што збожжавае вырасла з травой. Кіраўнік растлумачыў, што пасадзілі травы, а вырасла... збожжа. Проста «звычайны цуд». Чаму на кармавыя не скруцілі тое, што ў полі? Спецыялісты заўважылі, што такі «сухі кактэйль» — добры корм для жывёлы. Кіраўнік адказаў: «Хацелі, але не змаглі, бо было вельмі сыра. І мы сюды не ўлезлі!» На пасадзе чалавек параўнальна нядаўна...

На адной з сушылак зерне падагравалася разам з рамонкам і іншай травой. Можа, новы від гарбаты на экспарт? Калі без жартаў, то эфект ад такога ўкладу ў агульны каравай сумнеўны.

На іншай планеце

А вось у гаспадарцы Шайтараве Верхнядзвінскага раёна можна праводзіць майстар-класы. Не сорамна будзе запрасіць на семінар і вяскоўцаў суседняй Латвіі. Адразу адчуваецца, што тут дысцыпліна і парадак. Калі параўнаць з убачаным падчас рэйду раней, тут як на іншай планеце.

Дарэчы, аўто з удзельнікамі рэйду «адказны за шлагбаум» не прапусціў. Не пераканалі яго людзі ў форме з пасведчаннямі супрацоўнікаў пракуратуры і міліцыі. Па інструкцыі нельга, і парушаць яе ён не збіраўся ні пры якіх умовах. Выклікаў начальства.

На механізаваным двары тут размешчана шмат тэхнікі. Ва ўсіх камбайнераў дакументы пры сабе. У тым ліку — пасведчанні аб павышэнні кваліфікацыі на кіраванне ад беларускага вытворцы («Гомсельмаш»). Такога нават вопытная прадстаўніца пракуратуры вобласці раней не бачыла.

За дзень гаспадарка намалочвае 400—600 тон збожжа. Ураджайнасць — каля 50 цэнтнераў з гектара. Увесь ураджай збожжавых выкарыстоўваецца для патрэб уласнага буйнога свінакомплексу. Каля сушылкі дзяўчаты ва ўніформе, падобныя на сцюардэс, змятаюць рассыпанае зерне. Загаловак для артыкула падказаў надпіс на адным са збудаванняў: «Калі сяло ў парадку, краіна ў дастатку!» Тут відавочна, што праца пастаўлена на высокі ўзровень. На развітанне нам падзякавалі за візіт. Маўляў, погляд з боку заўсёды карысны і дае магчымасць выправіць недахопы.

Вынікі рэйду пракаментавала Вольга ГРЫЦКЕВІЧ, старшы пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратуры Віцебскай вобласці:

— Пра выяўленыя недахопы адразу па тэлефоне праінфармавала адказных асоб раённага і абласнога ўзроўню. Нельга сказаць, што райвыканкамы не кантралююць ход жніва. Але штодзённы выезд на палі і іншыя захады павінны быць эфектыўнымі.

Сёлета на Віцебшчыне плануецца сабраць не менш за 1,1 мільёна тон збожжа. Улічваючы кліматычную спецыфіку Прыдзвінскага краю, можна сказаць, што жніво тут завершаць пазней, чым у іншых рэгіёнах краіны. Падчас рэйду было відаць, што на некаторых палях яно яшчэ саспявае. Галоўнае, каб не было страт. Інспектарская дзейнасць праваахоўнікаў накіраваная на тое, каб прадухіліць парушэнні, у тым ліку тэхналагічныя.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Сяло ў парадку, краіна ў дастатку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».