— Апошні раз адміністрацыя Ленінскага райвыканкама вызначала найлепшых тры гады таму, а потым пра нас наогул забыліся, — абураўся, завітаўшы ў карпункт «Звязды», стараста аб'яднанай мікразоны Падгорная і Падміколле Аляксандр Пікуля. — Хоць я шмат разоў нагадваў пра гэта. Жыхары хвалююцца, чакаюць, каб іх ацанілі. Бачылі б вы, якую прыгажосць яны зрабілі на сваіх участках!
Сажалка з чырвонымі рыбкамі
Аляксандр Пікуля растлумачыў свой зварот проста: «Накіпела». Маўляў, рукі апускаюцца нешта рабіць, калі нікому да гэтага няма справы. І газета не стала адкладаць такі вельмі патрэбны рэпартаж на потым. Наведаць усіх дастойных не атрымалася, але тое, што ўбачылі, і сапраўды ўразіла.
Надзея Аляксандраўна Смалякова з задавальненнем паказвае нам сваю прыгажосць, якую, па яе словах, зрабіў сын, дэманструе сапраўдны райскі куточак з арэлямі, сажалкай і нават невялічкім фантанам.
Рыбкі, дарэчы, жывуць у самаробным вадаёме нават зімой. Надзея Аляксандраўна, каб «пазнаёміць» нас са сваімі гадаванцамі, корміць іх прынадай, і яны ледзь не выскокваюць з вады... «Унук хоча трохі падкараціць мае градкі, але я пакуль супраціўляюся. Без градак крыху сумна», — усміхаецца жанчына.
Ідэі з галавы і з інтэрнэту
Аляксандра Пікулю, дзякуючы яго неабыякавасці, добра ведае амаль усё магілёўскае кіраўніцтва, якое адказвае за чысціню і парадак на вуліцах, будаўніцтва і сацыяльна-культурную інфраструктуру горада. Ну а ў сваёй мікразоне ён наогул амаль нацыянальны герой. Такіх адданых сваёй справе старастаў трэба яшчэ пашукаць. Дбае пра кожнага. Дарэчы, Падгорная мікразона ўключае ў сябе 7 вуліц, 28 завулкаў, 810 дамоў, болей за 2600 жыхароў.
Завулак Скрыннікава, 5. Толькі дзіву даешся, як людзі ўмеюць ствараць прыгажосць на такіх маленькіх тэрыторыях. Але для Святланы Яўгенаўны і Барыса Інакенцьевіча Рэдзькіных няма нічога немагчымага. Спецыяльная металічная канструкцыя арачнай формы дазваляе «падняць» прыгажосць на вышыню і заадно павялічыць за кошт паветранай прасторы пасяўныя плошчы. Петуніі, дзекабрыст, які, дарэчы, цвіце ў ліпені, прычым жоўтым колерам, фуксіі, мірабіліс, бругмансія, лілія, клемаціс, бальзамін — вочы разбягаюцца ад такой колькасці кветак...
Святлана Рэдзькіна цалкам падтрымлівае старасту ў тым, што для развіцця цікавасці да вулічнага дызайну не хапае атмасферы спаборніцтва.
— Конкурс — гэта добрая справа, — кажа яна. — Мы аднойчы ўдзельнічалі і нават выйгралі. За 1-е месца атрымалі шашлычніцу. Пасля гэтага жаданне зрабіць нешта яшчэ толькі павялічылася. А цікавых ідэй у інтэрнэце колькі хочаце.
Каханне і галубы
— Мяне толькі дачнікі падводзяць, — прызнаецца Аляксандр Пікуля. — Звярніце ўвагу, як у нас чыста. Калі мне скардзяцца, як усё запушчана ў мікразонах Брады ці Грыбянёва, я адчуваю гонар за сваіх жыхароў. Але нам не хапае рэкламы, каб іншыя бачылі, як можна жыць.
Падворак Кацярыны Сухаравай нагадвае прасторны лужок з акуратна пастрыжанай траўкай і туямі. Цэнтральнае месца займае штучны вадаём. Вельмі арганічна ўпісваецца ў інтэр'ер і галубятня. Кацярына Стафанаўна кажа, што гэта самае вялікае ў жыцці захапленне яе мужа. Калі яны яшчэ толькі пабраліся шлюбам, маладая жонка не вельмі была задаволеная такім хобі. А потым уцягнулася. Бо яе Уладзімір Засімавіч пасля работы ніколі нідзе не затрымліваўся, бег хутчэй да яе і сваіх гадаванцаў.
Уяўляю, як цяжка будзе арганізатарам конкурсу на самы лепшы падворак, калі яны ўсё ж такі знойдуць час зазірнуць на Падгорную. У тым, што гэта адбудзецца, можна не сумнявацца. Стараста кажа, што ў адміністрацыі раёна абяцаюць ацаніць намаганні жыхароў, толькі не канкрэтызуюць калі. Аляксандр Пікуля перажывае, што так могуць зацягнуць і да восені, калі фарбы на прыватных падворках будуць ужо не такія яркія.
— Шкада, што вы крыху раней да нас не завіталі, у нас столькі руж цвіло! — перажывае Таццяна Уладзіміраўна Сцяпанава. І кліча нас у цяпліцу. Там у зеляніне прытаілася некалькі паласатых кавуноў — гонар гаспадыні. На суседняй градцы спеюць дыні. А памідораў наогул безліч. Гаспадыня задаволена зробленым эфектам. Прыемна, калі нехта ўсё гэта можа па заслугах ацаніць.
— Безумоўна, конкурс патрэбны! Можа, ён мяне на нешта новае натхніць, — кажа яна.
Прывітанне з Крыма
Ніколі не думала, што траплю са звычайнай магілёўскай вуліцы... на бераг Чорнага мора. І вось табе на — бялюткі шыкоўны фантан, парадная лесвіца з балюстрадай, ядлоўцы велічынёй з дом.
— Наш гонар — хвойны сад. Хвойных раслін — паўтары сотні, — запрашае на экскурсію па цяністых алеях сваіх уладанняў Галіна Яўгенаўна Агеева. Дарэчы, яны не такія і вялікія, усяго 11 сотак разам з домам. Але такое ўражанне, што сядзіба нашмат большая.
Замест куранят на сонечнай палянцы пасуцца... чарапахі. Балотныя, каспійскія краснавухія — ажно 8 штук. Для іх створаны сапраўдны чарапашы рай — невялічкі вадаём, «пляж», «сталовая»... «Я іх вельмі люблю, — прызнаецца Галіна. — Чарапаха Груша жыве ў мяне 32 гады. А яшчэ Гоша, Глаша, Арыша... Яны вельмі разумныя гадаванцы!»
Гаспадыня наогул чалавек творчы — яна і спявае, і малюе, нават музей стварыла ў сябе на ўчастку: у спецыяльным памяшканні пабудавана руская печка, на палічках старадаўнія прасы, куфры, лапці, ручнікі.
...У рэдакцыю вярталася акрыленая. Як мала, аказваецца, трэба для таго, каб стварыць настрой. І як многа... Цалкам згодна са старастам Падгорнай, што такія добрыя пачынанні жыхароў павінны быць падтрыманы. Тым больш што людзі чакаюць гэтага.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».