Вы тут

Што рабіць, каб дзеці не гінулі ў кар'ерах і штучных вадаёмах?


На Віцебшчыне штогод ад знешніх прычын гіне, вобразна кажучы, цэлы клас. І, каб да мінімуму звесці магчымасць гібелі дзятвы і падлеткаў ад так званых знешніх прычын, распрацаваны прафілактычныя мерапрыемствы. У прыватнасці, яны датычацца кар'ераў, штучных вадаёмаў.

Аказваецца, заканадаўствам не рэгулююцца нюансы здабычы пяску. У выніку амаль штогод там гінуць дзеці — з-за высокай імавернасці абвалаў. Вопыт па каардынацыі розных ведамстваў па папярэджванні здарэнняў цікавы для пераймання.


Чый кар'ер?

У Віцебскай вобласці налічваецца каля 210 тысяч дзяцей, у тым ліку больш за 44 тысячы падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Для параўнання, колькасць насельніцтва перавышае 1,2 мільёна. На жаль, кожны год гінуць ад 20 да 30 дзяцей.

Як паведаміў старшы памочнік пракурора вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Антон Волкаў, тры гады таму ў Глыбоцкім раёне двух хлопчыкаў засыпала пяском. Ім было ўсяго 9 і 11 гадоў. Дзяўчынцы, якая там таксама гуляла, пашанцавала больш — цудам выкараскалася. Калі пачалі разбірацца ў прычынах трагедыі, зацікавіліся: а што было зроблена для таго, каб бяды не здарылася? Згодна з заканадаўствам эксплуатацыя кар'ераў рэгулюецца толькі зямельным кодэксам. А як здабываць пясок, як зрабіць, каб грунт быў больш-менш бяспечным і не абвальваўся? Гэта нідзе прапісана не было... А ў кожным раёне такіх кар'ераў ад 10 да 30!

Нямала сумных прыкладаў і таго, як дзеці тонуць у сажалках. Пасля чарговай трагедыі прадстаўнікі пракуратуры спрабавалі высветліць, на чыім жа яна балансе. Ніякіх дакументаў не існавала. Выпадкова нехта падказаў, што ў свой час яна была зроблена для эксплуатацыі ў тэхнічных мэтах. Але ніхто не клапаціўся, каб зрабіць бяспечныя падыходы да вады.

Пракуратура Віцебскай вобласці выйшла з прапановамі да кіраўніцтва аблвыканкама, каб папярэдзіць гібель у кар'ерах і сажалках, закінутых будынках, на безгаспадарных аб'ектах будаўніцтва, звалках, іншых небяспечных для дзяцей месцах. Каб органы мясцовай улады стварылі, нарэшце, пашпарты патэнцыйна небяспечных аб'ектаў для дзяцей. Цяпер яны ствараюцца — пры актыўным удзеле сельвыканкамаў. Прычым ствараюцца не для справаздачы, а ў якасці сур'ёзнай прафілактычнай меры.

Да таго ж за кожным пракурорам замацаваны вучэбныя ўстановы ў рэгіёнах, дзе яны праводзяць абавязковыя гутаркі. Выступаюць на бацькоўскіх сходах, дэманструюць прафілактычныя фота і відэазапісы. Ёсць адзіны дзень інфармавання ў школах, ліцэях, каледжах. Таксама праводзяцца прафілактычныя гутаркі па месцы работы бацькоў.

Эфект дэкрэта

У камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама не раз агучвалі захады, што робяцца ў рамках выканання Дэкрэта №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем'ях».

Праваахоўныя органы канстатуюць, што ў ліку іншага дзякуючы дэкрэту ў разы знізілася злачыннасць сярод непаўналетніх. У прыватнасці, на Віцебшчыне ўдзельная вага яе сярод усіх злачынстваў складае 2,3%. У краіне ў сярэднім каля 3%. А да прыняцця дэкрэта (у канцы 2006 года) гэты паказчык быў на ўзроўні 7,4%. У большасці рэгіёнаў вобласці дзеці і падлеткі або ўвогуле не парушаюць закон, або там рэгіструецца толькі па адным такім выпадку.

І ўсё ж у сацыяльна небяспечным становішчы ў Прыдзвінскім краі знаходзіцца больш за 2,3 тысячы сем'яў. У іх выхоўваюцца каля 4 тысяч дзяцей.

Пракуратура вобласці, у сваю чаргу, заклапочана нізкім паказчыкам кампенсацыі бацькамі дзяржаўных выдаткаў на ўтрыманне дзяцей — 54%. Будзе актывізаваная праца і ў гэтым кірунку.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Каб не гінулі дзеці

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.