Вы тут

Дыябет бывае і ў аднагадовых


Рост дзіцячай захваральнасці на цукровы дыябет 1-га тыпу працягваецца. Прычым, калі 20 гадоў назад паталогія найчасцей праяўляла сябе ў час палавога выспявання, то сёння гаворка ідзе пра больш ранні ўзрост. З 702 выпадкаў упершыню выяўленага цукровага дыябету 1-га тыпу 340 - у дзяцей. З іх 122 выпадкі ўпершыню зарэгістраваны ў дзяцей ва ўзросце ад 5 да 9 гадоў, 67 выпадкаў - у дзяцей ва ўзросце да 4 гадоў. Лячэнне пачынаецца ў такіх пацыентаў з моманту пастаноўкі дыягназу, што істотна запавольвае ўзнікненне і развіццё хранічных мікрасасудзістых ускладненняў.


— Пры цукровым дыябеце 1-га тыпу лячэнне будзе ўключаць дыету, самакантроль і інсулінатэрапію, — тлумачыць загадчыца эндакрыналагічнага амбулаторнага аддзялення 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска Алена КІСЛАЯ. — Дыета пры гэтым — фізіялагічная, як для любога здаровага дзіцяці. Праўда, сёння харчаванне здаровага сярэднестатыстычнага дзіцяці вельмі далёкае ад фізіялагічнага, што з'яўляецца асобнай праблемай... Самакантроль — гэта кантроль узроўню глюкозы ў хатніх умовах. Для гэтага з мінулага года дзеці атрымліваюць на бясплатнай аснове ўжо не адну, а тры тэст-палоскі. Бясплатна выдаюцца і інсуліны. Інсулінавыя шпрыцы пры гэтым даўно адышлі ў нябыт, у выкарыстанні — шпрыц-ручкі. За бюджэтныя сродкі набываюцца картрыджныя генна-інжынерныя інсуліны, па паказаннях прызначаюцца аналагавыя, якія вырашаюць праблему ў тых выпадках, калі не ўдаецца кампенсаваць захворванне на генна-інжынерных. Аналагавыя інсуліны набываюцца за кошт мясцовага бюджэту, і па краіне імі забяспечаны каля 30 працэнтаў пацыентаў, а па Мінску — каля 50. 68 дзяцей атрымліваюць помпавую інсулінатэрапію.

У кожным абласным цэнтры функцыянуе амбулаторная і стацыянарная школы цукровага дыябету — для тых, каму толькі паставілі дыягназ або калі мае месца шпіталізацыя. Такія школы аб'ядноўваюць урача, дзіця/падлетка і бацькоў, без чаго немагчыма дасягнуць поспеху ў лячэнні, адзначаюць спецыялісты.

Наогул, спецыялізаваную дзіцячую эндакрыналагічную дапамогу аказваюць цэнтральныя раённыя бальніцы, гарадскія паліклінікі, дзе працуюць урачы-эндакрынолагі і ўрачы-педыятры (у сістэме падрыхтоўкі ўрача-педыятра дзіцячая эндакрыналогія прадстаўлена ў дастатковым аб'ёме для аказання дапамогі на гэтым этапе). Наступны ўзровень — чатыры абласныя эндакрыналагічныя дыспансеры або аддзяленні ў абласных бальніцах, а таксама гарадскі дзіцячы эндакрыналагічны цэнтр для жыхароў сталіцы (на базе 2-й дзіцячай клінічнай бальніцы). Трэці, рэспубліканскі, узровень прадстаўлены эндакрыналагічным аддзяленнем Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння і стацыянарнай дапамогай на базе эндакрыналагічнага аддзялення 2-й дзіцячай бальніцы.

Скрынінг эндакрыннай паталогіі пачынаецца ўжо ад моманту нараджэння дзіцяці, калі вымяраюцца суадносіны росту і вагі. Акрамя таго, ужо ў радзільні нованароджаных абследуюць на прыроджаны гіпатэрыёз. У апошнія гады колькасць такіх дзяцей не павялічваецца, а ранняе лячэнне папярэджвае незваротныя наступствы і інваліднасць. Кантроль росту і вагі дзіцяці, фізічнага развіцця на прыёме ў педыятра — таксама элемент скрынінгу эндакрыннай паталогіі. Дарэчы, у краіне ёсць магчымасць правядзення поўнага абследавання дзяцей з парушэннем росту. Пры дэфіцыце гармону росту прызначаецца эфектыўнае лячэнне, што таксама папярэджвае інвалідызацыю.

Палова эндакрынных захворванняў — гэта паталогія шчытападобнай залозы. Масавае правядзенне ўльтрагукавога даследавання залозы ў дзіцячых паліклініках дазваляе выявіць вузлы, запаленні, дыфузныя павелічэнні на самых ранніх стадыях. Выявілі нейкія змяненні — значыць, неабходна праверыць, ці не парушана функцыя залозы, для чаго ў кожнай вобласці ёсць магчымасць правядзення поўнага спектра гарманальных даследаванняў. Своечасовае выяўленне дэфіцыту гармонаў шчытападобнай залозы, парушэння яе функцыі, дазваляе прызначыць лячэнне, якое захавае інтэлектуальны патэнцыял.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.