Вы тут

Як ловяць гандляроў спайсамі


Памятаеце гучныя выпадкі некалькі гадоў таму, калі мінчанін успароў сабе жывот, закаханая пара выскачыла галышом з шостага паверха, а двое сяброў выкалалі вочы прыяцелю? Усё гэта было зроблена пад спайсамі. Як быць з тымі, хто піхае атруту падлеткам? Хто яны, так званыя мінёры, і чаму ідуць у гэты бязлітасны «бізнес»? Па адказы на гэтыя пытанні мы накіраваліся ў аддзяленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Цэнтральнага РУУС г. Мінска.


Начныя «грыбнікі»

— Інфармацыю аб магчымых «мінёрах» аператыўнікі часта атрымліваюць ад неабыякавых грамадзян. Кожны такі сігнал абавязкова правяраецца, — хутка ўводзіць мяне ў курс справы Віталь МАКСІМУК, часова выконваючы абавязкі начальніка аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Цэнтральнага РУУС г. Мінска. — На піку папулярнасці спайсаў шмат інфармацыі аб кур'ерах паступала ад супрацоўнікаў хуткай дапамогі, калі да іх траплялі наркаманы. Паведамленне аб такіх выпадках — абавязковае для медыцынскага персаналу. Патрэбныя звесткі атрымліваем і ад калег з іншых падраздзяленняў.

Увогуле, весці доўгія гутаркі міліцыянерам няма калі, таму на ўсе мае пытанні абяцаюць адказаць па дарозе і «на месцы».

— Аператыўнікі наркакантролю накіроўваюцца правяраць інфармацыю ад грамадзянкі, якая, паводле яе слоў, не першы раз заўважае недалёка ад свайго дома падазроных людзей з ліхтарыкамі, — дадае Віталь Максімук. — Прыватны сектар для свайго «бізнесу» «мінёры» выбіраюць часта.

— Яны ўсё кружаць-кружаць вакол гэтых бяроз і слупоў, тэлефонамі нешта падсвечваюць. Не грыбы ж ноччу шукаюць?! — сустракае нас на месцы тая самая пільная жанчына, якая тэлефанавала ў міліцыю. — На дарагіх машынах прыязджаюць. Я спачатку не зразумела, што за «госці» і да каго. Але потым сыну ўсё расказала, ён і растлумачыў, хто гэта можа быць. Вы разбярыцеся, калі ласка, бо гэта ж жах нейкі, — працягвае абурацца грамадзянка. — Мы з суседзямі нават і падумаць не маглі, што такое ў нас пад носам робіцца.

І сапраўды, месцы для закладак (пакінутых у пэўных месцах дозах) «мінёры» выбіраюць вельмі розныя. Іх засоўваюць у электрашчыты, канавы, пад бардзюры, агароджы, дрэвы, — адным словам, усюды.

— Страшна, калі гэтую «атруту» знаходзяць дзеці, — расказвае Юрый ЛУКАШЭВІЧ, оперупаўнаважаны. — А такое часта бывае, бо даходзіць нават да таго, што наркотыкі ў пясочніцах хаваюць. Або на могілках. Некалькі гадоў таму ў Маладзечне дзяўчына пакінула там пад вазамі і ў расколінах 18 закладак!

Грошы на бядзе

Упершыню ў Беларусі пра спайсы загаварылі гадоў дзевяць таму. У крымінальных зводках засвяцілася Гродзеншчына. Дваццацігадовы гандляр курыльнымі сумесямі да моманту затрымання на такім бізнесе паспеў зарабіць на новую іншамарку і кватэру.

— Але ў заканадаўстве адбыліся змяненні. І сёння нават за гандаль макам можна пазбавіцца волі, — далучаецца да размовы Сяргей ЦІХАНОВІЧ, оперупаўнаважаны.

Мае суразмоўцы ловяць тых, хто распаўсюджвае атруту, ужо больш за пяць гадоў. За гады службы аператыўнікі шмат чаго наглядзеліся...

— Наркотыкі не выбіраюць, разумееце? Багаты можа дазволіць сабе дарагі «прэпарат», бедны — больш просты. Увогуле, наркаман у сям'і — гэта вялікае няшчасце для ўсіх родных і блізкіх, — тлумачыць Андрэй ЛЯВОШКА, старшы оперупаўнаважаны.

— Калі з нарказалежнымі ўсё зразумела, тады як быць з тымі, хто распаўсюджвае гэтую атруту? — цікаўлюся я. — Іх таксама шкадаваць? Маўляў, не з той кампаніяй звязаліся?

— Не, тут ужо гаворка ідзе пра «лёгкія грошы». Тыя, у каго ёсць нейкі даход, у «ганцы» не ідуць — яны проста ўжываюць, — працягвае Андрэй.

— Многія знаёмяцца са спайсамі ў 15—16 гадоў. Калі пытаешся «навошта?», чуеш адказ «прапанавалі проста паспытаць, але зацягнула». Моладзь думае, што адзін раз нічога не значыць. Маўляў, у любы момант можна спыніцца, але не ўсе так проста, як здаецца, — кажа Сяргей. — Цяжка «саскочыць» і з прыбытковага «бізнесу». Няпыльны заробак кружыць галовы менавіта падлеткам. Таму «мінёры», якім за 30 гадоў, сустракаюцца рэдка.

Аператыўнікі ўспомнілі пра 15-гадовую дзяўчыну, якая жыла з матуляй, айчымам і братам. Сям'я была небагатая, і Воля (тут і надалей імёны герояў зменены) вырашыла падзарабіць. Так пачала рабіць закладкі. Калі супрацоўнікі затрымалі яе, дык пры сабе дзяўчына мела 14 пакетаў са спайсамі і шэсць ужо паспела раскласці.

Быў яшчэ адзін «кур'ер», які ездзіў на арандаванай машыне і рабіў закладкі ў раёне школ. Дык вось ён загадзя напісаў заяву, што знайшоў сумку са спайсамі і едзе яе здаваць. Думаў, падстрахаваўся.

Недзіцячыя гульні

— І гэта ж трэба! Вось нахабнікі! — не супакойваліся панятыя, гледзячы на двух хлапцоў 25 гадоў, якіх затрымалі супрацоўнікі міліцыі. — І чаго ім не хапае? Чыстае адзенне, модныя тэлефоны, дарагая машына.

Так, пільнасць грамадзянкі спрацавала. Уладальнікамі пакінутага каля лесу «немясцовага» аўтамабіля, які і зацікавіў праваахоўнікаў, аказаліся Вова і Міша. «Мінёры» неахвотна і не паднімаючы вачэй адказвалі на пытанні аператыўнікаў.

— Гулялі ў лесе, гаворыце. А чаго паасобку?

— Пасварыліся, — прабурчалі хлопцы.

Пры сабе ў кур'ераў былі цыгарэты, запальнічка, пальчаткі, якімі, было відаць, калупаліся ў зямлі, пяць тэлефонаў. Усе — запароленыя і ў авіярэжыме.

— Куды ляціце? — пытаецца аператыўнік.

Адказу не было. Але і так усё зразумела — кур'еры страхуюцца. У іх машыне знайшлі ноўтбук, грошы, на якіх алоўкам былі напісаныя нумары тэлефонаў, пластыкавыя карткі. Адным словам, камплект «мінёра».

— Нарказлачыннасць практычна сышла з вуліц у інтэрнэт. Калі раней гандляры спайсаў у суполках у сацыяльных сетках або на спецыялізаваных сайтах пакідалі свае нумары тэлефонаў і з рук у рукі перадавалі «тавар» пакупнікам, то цяпер дозу збываюць праз закладкі. Хоць адзінкавыя «кадры», якія гатовыя сустрэцца і прадаць тавар асабіста, па-ранейшаму сустракаюцца. Так затрымалі дзяўчыну, якая нават і не хавалася: «бізнес» арганізавала проста ў пад'ездзе. Да яе кватэры ішлі, як у краму. Прыйшлі і супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, — успамінае Андрэй.

— Навошта табе каптапрыл? Малады ж яшчэ, што, ціск скача? — трымае ў руках лекі, знойдзеныя ў машыне «мінёраў», Андрэй.

— Так, работа нервовая, — чуецца ў адказ.

— А дзе працуеце?

І зноў цішыня. А з другога боку, што тут казаць?

— Сам ужываеш спайсы? — звярнуліся аператыўнікі да Вовы. — Даўно «кур'ерыш»? На каго працуеш?

— Нават не спрабаваў! — гучней пачаў гаварыць хлопец. — Паўгода займаюся гэтым, праз інтэрнэт работу знайшоў, нікога з «кіраўніцтва» не ведаю.

Да найму кур'ераў распаўсюджвальнікі падыходзяць сур'ёзна. Нярэдка «галоўны» просіць даслаць копіі старонак пашпарта і праводзіць з кандыдатам тэст на «прафпрыдатнасць». Гэта неабходна, каб ведаць, ужывае кур'ер наркотыкі ці не. Калі «тырчыць», значыць ёсць верагоднасць таго, што ўвесь тавар можа пусціць на сябе, а гэта рызыка.

— Часцей за ўсё за збыт бяруцца тыя, хто сам спрабаваў псіхатроп, але можа кантраляваць сваю цягу, — дадае Сяргей.

Кракадзілавыя слёзы

У той дзень Вова і Міша паспелі «раскідаць» 24 закладкі. Кур'еры абавязкова фіксуюць каардынаты месцазнаходжання тавару. З дапамогай геалакацыі пакупнікі і павінны былі знайсці дозу. 

— У адпаведнасці з часткай 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь маладым «мінёрам» можа пагражаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 15 гадоў, — растлумачыў Віталь Максімук.

— Ведаеце, у які момант прыходзіць тое самае раскаянне? Калі кур'еры стаяць ужо ў наручніках і разумеюць, што ўсё пайшло не так, як «намалявалі» ў галаве, — кажа Юрый. — «Мы больш не будзем так», «Гэта першы і апошні раз», «Гэта ўсё дурная кампанія. Я выпраўлюся», — чуецца ад злачынцаў.

Але, як кажуць аператыўнікі, у гэтыя кракадзілавыя слёзы яны не вераць. Рэцыдывістаў тут большасць. Нехта проста перабіраецца ў другі раён горада: лічыць, што схаваўся, а тут пра яго цёмныя справы ніхто не даведаецца.

— Да нас часта прыходзяць бацькі гора-дзяцей і крычаць: «Дапамажыце. Сіл больш няма з ім змагацца». Родныя і блізкія наркаманаў проста даведзеныя да крайнасці. Іншая сітуацыя з дылерамі. Зразумець, што сын або дачка «піхаюць» спайсы, — цяжка. Але сачыць за дзецьмі ў інтэрнэце і правяраць, якія сайты яны наведваюць, з кім кантактуюць, трэба абавязкова. Паглядзіце, што ў кішэнях дзіцяці: пакеты з засцежкай zіp-lock, а таксама ізалента павінны вас насцярожыць. Менавіта з іх прымяненнем часта фасуюць псіхатропы, — кажа Юрый.

Панятыя яшчэ доўга ківалі галовамі і разводзілі рукамі, гледзячы на «мінёраў». Нехта з мінакоў-назіральнікаў патэлефанаваў дачцэ і спытаў, чым тая занятая. А я ўсё спрабавала здагадацца, аб чым думаюць зараз кур'еры? Ці разумеюць гэтыя маладыя прыгожыя хлопцы, што іх грошы — гэта скалечаны лёс сотняў падлеткаў і іх бацькоў, дзясяткі загубленых жыццяў?.. Ды іх саміх — таксама.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

asmykovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Небяспечныя квэсты з закладкамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».