Вы тут

У цэнтральным рэгіёне сёлета плануюць атрымаць каля 2 млн тон збожжа


У цэнтральным рэгіёне сёлета плануюць атрымаць каля 2 млн тон збожжа без уліку кукурузы. На 15 жніўня сабрана 1 млн 300 тон зерня.


— Гэта нядрэнны вынік, — падкрэсліў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка, — уборка ідзе ў планавым рэжыме. Калі дазволіць надвор'е, то да канца тыдня плануем у асноўным завяршыць жніво. Застануцца толькі тыя ўчасткі, дзе ўраджай яшчэ не саспеў.

— Як вы ацэньваеце ўклад хлебаробаў у агульны каравай?

— Людзі гатовы працаваць і дзень і ноч. Яны кажуць: мы ўбіраем не зерне, а хлеб. Гэта нешта большае. Удзельнікі жніва дастойна зарабляюць. Для іх створаны ўсе ўмовы.

— На селектарнай нарадзе кіраўнік дзяржавы паставіў задачу дасягнуць ураджайнасці 45 цэнтнераў з гектара. Гэты паказчык павінен стаць дзяжурным для краіны. Пад сілу ён Мінскай вобласці, Анатоль Міхайлавіч?

— Мяркую, у перспектыве гэтая задача вырашальная. Трэба выконваць тэхналогію, уносіць угнаенні, наогул, шмат чаго трэба. Сёння ўраджайнасць 38,2 цэнтнера з гектара. Па заканчэнні ўборкі падлічым і скажам, колькі ў нас будзе.

Я аб'ехаў усе рэгіёны. Істотных заўваг няма: паліва ёсць, кадраў дастаткова. Людзі настроены на работу, на вынік. Размаўляў з адным камбайнерам. Ён сам з Мінска, але ўжо пятнаццаты год падчас жніва бярэ на гарадской працы водпуск. Сёлета працуе з сынам, які на МАЗе адвозіць зерне. Жонка жартуе: нават калі б не плацілі, усё роўна працаваў бы: не можа без гэтага жыць.

— Як будзеце распараджацца сабраным ураджаем?

— Распараджацца буду не я, а тыя, хто гэты хлеб убраў. Перш за ўсё трэба выканаць дзяржзаказ. Па другое, забяспечыць патрэбы жывёлагадоўлі, тое, што застанецца, пакласці ў засекі, а далей вырашаць: прадаць або выкарыстаць па іншым прызначэнні.

— Паўднёвыя раёны Міншчыны ўжо закончылі жніво. Ці маюць яны намер прыйсці на выручку суседзям?

— Бясспрэчна. Каб своечасова і без страт сабраць ураджай, на поўнач вобласці накіравана дадатковая тэхніка з паўднёвых Нясвіжскага, Капыльскага, Клецкага раёнаў. Камбайнеры, кіроўцы будуць працаваць на палях Вілейскага, Крупскага, Барысаўскага раёнаў.

— Анатоль Міхайлавіч, традыцыйна сельгасарганізацыі дапамагаюць убіраць ураджай збожжавых на прыватных падворках...

— З сярэдзіны тыдня гаспадаркі пачалі выдзяляць тэхніку там, дзе ёсць у гэтым неабходнасць. Гэта нашы людзі і ім трэба дапамагаць.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Настрой — на вынік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».