Вы тут

Уборка ідзе сваім парадкам


Фермерская гаспадарка «Фартуна» Галіны і Сяргея Матусаў з Баранавіцкага раёна толькі распачала масавую ўборку ўраджаю.


— Дала аб сабе ведаць позняя вясна, ды і не зусім звычайнае лета, — гаворыць кіраўнік гаспадаркі Галіна Матус. — А ў нас яравая пшаніца. Таму і прыступілі да скошвання і абмалоту пазней. Але на ўраджайнасці гэта ніяк не адаб'ецца. Колас выспеў добры, пакуль з кожнага гектара збіраем крыху больш за 50 цэнтнераў збожжа. Пад пшаніцу сёлета мы адвялі 200 гектараў. У нас ёсць збожжаўборачны камбайн, які за дзень намалочвае ад 100 да 140 тон. Так што пакуль уборка радуе. Пасля пшаніцы прыступім да ўборкі кармавых бабоў, яны паспяваюць на 100 гектарах. А потым надыдзе чарга «другога хлеба».

Збожжавыя і бабы «Фартуна» вырошчвае найбольш для севазвароту. Асноўныя культуры гаспадаркі гэта бульба, агародніна, якую фермеры прадаюць як у сырым, так і перапрацаваным выглядзе. Цяпер па плошчы фермерская гаспадарка не ўступае сярэдняму калгасу, яна мае 1000 гектараў зямлі, свой тэхнічны парк, калектыў работнікаў колькасцю каля 60 чалавек. А пачыналася «Фартуна» больш чым дваццаць гадоў таму з двух гектараў зямлі. Цяпер гэта сельскагаспадарчае прадпрыемства, якое ўстойліва развіваецца. Летась, напрыклад, узялі ў штат на пастаяннай аснове галоўнага агранома. Таму Галіна Матус асабліва не заклапочаная тэмпамі і тэрмінамі ўборкі, яна цалкам давярае спецыялісту.

— Мой добры знаёмы, дацкі фермер сказаў: «Прырода ніколі пад нас не падладзіцца, таму нічога не застаецца, як падладжвацца пад яе».  Не страшна, што мы пачалі ўборку крыху пазней, ёсць усе падставы спадзявацца, што паспяхова яе закончым, — разважае Галіна Матус.

Калі буйная гаспадарка Баранавіцкага раёна ўбірае першую палову плошчаў збожжавых, то прыватныя гаспадары з Кобрынскага раёна ў справе жніва падыходзяць да завяршэння. Паводле слоў намесніка старшыні Кобрынскага райвыканкама Сяргея БАРТАША, у раёне зарэгістравана 16 сялянска-фермерскіх гаспадарак, адзінаццаць з іх займаюцца раслінаводствам. Амаль усе паспяхова справіліся з уборкай збожжавых альбо вядуць абмалот на апошніх гектарах сваіх палеткаў.

Гаспадарка «Вілія-агра» Васіля Новікава, можна сказаць, справіла дажынкі па збожжавай групе. Тут займаюцца ўсімі відамі збожжавых. Пад іх сёлета было адведзена 200 гектараў. Ураджайнасць склала 36 цэнтнераў з гектара.

А фермерская гаспадарка Радзіслава Леўчука вырошчвае пшаніцу, авёс, трыцікале на 60 гектарах.

— Сёння ці заўтра скончылі б, — гаворыць Радзіслаў Міхайлавіч, — ды здарылася паломка машыны. А для польскага збожжаўборачнага камбайна «Бізон» запчасткі давялося заказваць за мяжой. Таму і адбыўся вымушаны прастой у некалькі дзён. Але патрэбныя дэталі ўжо на пад'ездзе да Кобрына.

Таму завяршыць уборку, паводле слоў гаспадара, будзе справай двух, самае большае трох дзён. А потым тут прыступяць да скошвання кукурузы, на чарзе — бульба. Фермер Ляўчук займаецца яшчэ авечкагадоўляй, таму збожжавыя, кармавыя культуры вырошчвае як на продаж, так і для сябе.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.