Вы тут

Выратаваць якасць рэальна


Для гэтага неабходна ўвесці сертыфікацыю на абсталяванне па ачыстцы сцёкавых вод.

Такое меркаванне выказаў дырэктар кампаніі «РадалітАква» Дзмітрый СТАНКЕВІЧ на спецыяльнай прэс-канферэнцыі. Толькі так можна перамагчы «гаражную» вытворчасць, якасць прадукцыі якой значна саступае даражэйшым аналагам, упэўнены спецыяліст.


— На жаль, на сённяшні дзень Беларусь — адзіная краіна сярод дзяржаў-суседзяў, у якой прадукцыя ачышчальных збудаванняў не сертыфікуецца, — адзначыў Дзмітрый Станкевіч. — Гэта прыводзіць да таго, што на тэндарах, якія праводзяцца ў нас у краіне, патэнцыйны пастаўшчык абсталявання можа напісаць абсалютна любую інфармацыю аб сваім прадукце. Але яго словы наогул нічым не пацверджаныя! Прывяду прыклад: нямецкае абсталяванне пастаўляецца ў нашу краіну з патрабаваннем ачысткі вады 5 міліграмаў на літр, а ў самой Беларусі патрабаванні — 0,3 міліграма на літр. Не трэба быць экспертам, каб убачыць велізарную розніцу.

З-за адсутнасці сертыфікацыі ўзнікае сур'ёзная праблема. Прадпрыемства, якое добрасумленна хоча ўстанавіць водаачышчальнае абсталяванне, не ведае, купляе яно якасны прадукт ці не. Праверыць і даказаць факт забруджвання вадаёмаў, куды сыходзіць гэтая вада, складана, але трэба ведаць, што сцёкавыя воды прамысловых прадпрыемстваў надзвычай таксічныя. У выніку, замест куплі якаснага абсталявання, прадпрыемства можа заплаціць штраф, які ў маштабах арганізацыі будзе не вельмі вялікім. Аднак значна страшней тое, што прыродны баланс будзе сур'ёзна парушаны.

Самым небяспечным забруджвальнікам з'яўляюцца нафтапрадукты. Цяжкія фракцыі асядаюць на дно вадаёмаў, больш лёгкія складнікі ствараюць нафтавую плёнку на паверхні. З-за гэтага ў вадаём паступае менш кіслароду, — і, як і чалавек у такой сітуацыі, ён пачынае задыхацца. Загінуць могуць не толькі некаторыя насельнікі вадаёма, але і экасістэма ў цэлым.

Што рабіць у такой сітуацыі? На думку Дзмітрыя Станкевіча, ёсць некалькі шляхоў вырашэння праблемы: акрамя сертыфікацыі, адказваць за якасць абсталявання павінен адзін орган або арганізацыя. «Неабходны адзін адказны. Сёння ў нас шэсць адказных за ачышчальныя збудаванні. Гэта вытворца абсталявання і яго пастаўшчык, праекціроўшчык і экспертыза, будаўнічая арганізацыя і непасрэдны заказчык праекта, — паведаміў спецыяліст. — Ва ўсіх свае мэты, але пры гэтым усе спрабуюць пазбавіцца ад магчымай адказнасці. Калі будзе адзін адказны, то няхай ён і займаецца закупкай абсталявання. Прынамсі, ён будзе ведаць, што адпавядае стандартам якасці, а што — не».

— Лічу, што гэтая тэма павінна разглядацца і быць у цэнтры абмеркавання на розных узроўнях, — сказаў намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Дзмітрый СЕМЯНКЕВІЧ. — Галоўнае пытанне — не сертыфікацыя, а менавіта якасць абсталявання, наколькі яно адпавядае эканамічнай сітуацыі і патрабаванням па ачыстцы вады. У мяне выклікае пэўныя пытанні тое, наколькі гэтыя патрабаванні сёння эканамічна абгрунтаваныя, паколькі многія з іх сапраўды затратныя. Лічу, што павінны быць падрыхтаваны прапановы, якія не будуць абцяжарваць бізнес, а таксама створаць бар'еры для вытворчасці няякаснай прадукцыі.

У завяршэнне намеснік міністра паабяцаў разгледзець усе прапановы, якія будуць сфарміраваныя. «Мы знойдзем правільнае рашэнне наконт таго, дзе і як гэта ўсё ўлічыць», — дадаў Дзмітрый Семянкевіч.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Спорт

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

У новай рубрыцы «Малыя адрасы вялікага спорту» пастараемся растлумачыць, чаму ўся Беларусь жыве спортам у прамым сэнсе гэтага слова.

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.