Вы тут

Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з прэм'ер-міністрам Афганістана


Важна памятаць сваю гісторыю. Але гэтак жа важна ісці наперад — асабліва дзяржавам, народам. Тым больш калі перспектывы для развіцця супрацоўніцтва ёсць. На гэтым зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніком выканаўчай улады Афганістана Абдулой Абдулой, які з афіцыйным візітам знаходзіцца ў нашай краіне.


— Нягледзячы на тое, што мы мелі кантакты, у тым ліку і я, з высокімі службовымі асобамі Афганістана да вашага візіту, тым не менш я ўпэўнены, што гэты візіт адкрые новую старонку супрацоўніцтва нашых дзяржаў, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь — выключна міралюбівая краіна:

— Тым не менш я адчуваю нейкую сваю адказнасць, калі хочаце віну, у тым, што сёння адбываецца ў Афганістане. Так склалася гісторыя адносін у часы Савецкага Саюза з іншымі дзяржавамі планеты, у тым ліку з Афганістанам. Мы, як складальная частка, рэспубліка Савецкага Саюза, нясём, безумоўна, адказнасць за тое, што адбывалася ў тыя часы ў Афганістане. Гэта адказнасць не толькі Савецкага Саюза. У большай ступені гэта адказнасць і іншых краін — вы іх добра ведаеце.

Прэзідэнт Беларусі прызнаўся, што не прыхільнік таго, каб забываць гісторыю.

— Але і пакутаваць пастаянна па тых працэсах, якія адбываліся ў гісторыі, відаць, будзе няправільна, — лічыць ён. — Трэба выбудоўваць адносіны. Рабіць усё, каб у будучыні нашы адносіны былі цудоўнымі, і каб нам не было сорамна глядзець адно аднаму ў вочы.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў замежнага госця, што беларускі ўрад будзе рабіць усё для таго, каб выбудаваць фундамент адносін з Афганістанам, напоўніць супрацоўніцтва канкрэтным зместам, перайсці ад пажаданняў, размоў да канкрэтных дзеянняў. Беларускі лідар заявіў, што Беларусь да гэтага гатовая.

— Я хачу, каб падчас свайго візіту вы пазнаёміліся з нашымі магчымасцямі, — прызнаўся ён. — Хачу вас заверыць: усё, што вас будзе цікавіць, а мы ў сваю чаргу зможам гэта зрабіць, — мы абавязкова зробім. Мы можам зрабіць гэта з удзелам трэціх краін. Скажу шчыра, мы вельмі часта, сустракаючыся з Прэзідэнтам Туркменістана, абмяркоўвалі тэму Афганістана і кірункі сумеснага супрацоўніцтва. Я яго прасіў, каб ён дапамог мне ўстанавіць з кіраўніцтвам Афганістана адносіны, каб мы зрушыліся з мёртвага пункта.

Карыстаючыся выпадкам, Прэзідэнт павіншаваў Абдулу Абдулу з галоўным святам Афганістана — Днём Незалежнасці.

Абдула Абдула падзякаваў за цёплы прыём. Ён прызнаўся, што гэты візіт вельмі карысны і важны для афганскага боку. «Наш урад, наш народ поўныя рашучасці наноў перабудаваць сваю дзяржаву — як у галіне асветніцтва, так і аховы здароўя, сельскай гаспадаркі», — паведаміў Абдула Абдула. Ён звярнуў увагу, што ўнёсак Беларусі ва ўрэгуляванне сітуацыі ў рэгіёне, на яго думку, гэта — значная, істотная рэч.

Афганістан у першую чаргу зацікаўлены ў супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі, прамысловасці, здабычы карысных выкапняў, адукацыі.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ад праектаў да канкрэтыкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Адзін з найбуйнейшых рэгіёнаў, які захаваўся ў некранутым стане і які за разнастайнасць азёр, рэк і балот празвалі Еўрапейскай Амазонкай (ці морам Герадота), усё яшчэ застаецца невядомым шырокаму колу турыстаў

Грамадства

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Нацыянальным брэндам Беларусі па праве лічыцца сацыяльная падтрымка сем'яў дзяржавай, і таму напярэдадні Міжнароднага дня сям'і прадстаўнік

Калейдаскоп

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Пачнём, зразумела, з дзяўчынак, бо менавіта іх мамы ўжо цяпер ламаюць галаву над выпускным уборам дачок.