Міністэрства адукацыі выступіла з ініцыятывай аб пераходзе да абавязковай для ўсіх вучняў сярэдняй адукацыі. Гэта тэма стане адной з галоўных на рэспубліканскім педагагічным савеце. У міністэрстве лічаць такі крок лагічным і апраўданым і прыводзяць як мінімум пяць аргументаў «за».
1. Павышэнне агульнага адукацыйнага ўзроўню. Пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі дасць магчымасць павысіць агульны адукацыйны ўзровень насельніцтва. Акрамя таго, ён стане важным крокам да больш паспяховай сацыялізацыі маладых людзей. У адзінаццацікласніка ў параўнанні з дзевяцікласнікам магчымасцяў значна больш — нават проста з-за ўзросту...
2. Усеагульная сярэдняя адукацыя сёння дзейнічае ў большасці развітых краін свету. Дзесьці яна вылічаецца класамі, а недзе за аснову бярэцца ўзрост. Напрыклад, у Расіі патрабаванне аб абавязковасці агульнай сярэдняй адукацыі захоўвае сілу да 18 гадоў. У Кодэксе аб адукацыі Беларусі пераход да абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі пазначаны як адна з асноў дзяржаўнай палітыкі.
3. Работа над іміджам краіны. Гэты аспект вельмі важны, паколькі пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі для Беларусі — яшчэ адно сведчанне сталасці і зладжанасці айчыннай сістэмы адукацыі.
4. Вопыт ужо ёсць. Усеагульная сярэдняя адукацыя для Беларусі не ў навіну: «усенавуч» памятаюць яшчэ з часоў Савецкага Саюза, калі поўную сярэднюю адукацыю атрымлівалі ўсе і ў абавязковым парадку.
5. Ломкі не будзе. Сістэма адукацыі ў Беларусі гатовая да работы ў абноўленым фармаце. Праводзіць якія-небудзь структурныя змены няма неабходнасці. Мяняць змест праграм устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі таксама не плануецца. У выпускніка 9-га класа ёсць некалькі шляхоў для таго, каб атрымаць агульную сярэднюю адукацыі: ён можа пайсці ў 10—11-я класы або паступіць у сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову, або ва ўстанову прафтэхадукацыі, дзе будзе адначасова атрымліваць і прафесію, і агульную сярэднюю адукацыю. У выпадку пераходу на ўсеагульную сярэднюю адукацыю ўсе гэтыя магчымасці за дзевяцікласнікам захаваюцца, тлумачаць у міністэрстве.
Надзея НІКАЛАЕВА
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.