Вы тут

У Ельскім раёне дзве дзяўчыны кіруюць камбайнамі


Ёсць жанчыны ў беларускіх вёсках, якія сёлета засядлалі жалезных коней. Дзвюх з іх мы знайшлі ў Ельскім раёне. Дарэчы, надзейнае мужчынскае плячо блізкага сваяка яны таксама адчуваюць побач.


Сямейны экіпаж Ган­ны і Мак­сіма Яцух­наў прызнаны лепшым маладзёжным экіпажам на ўборцы зерневых у Ельскім раёне.

47 кг асабістай вагі і 19 гадоў — не перашкода для таго, каб асвоіцца на жніве і кіраваць камбайнам. Вераніка Шкала разам з бацькам Валерыем сваю тысячу тон збожжа ўжо намалацілі. Цяпер дажынаюць апошнія гектары ў КСУП «Саўгас «Камуніст». Дзяўчына гаворыць, што тут, на полі, спякотна як у Турцыі, але ж ёй куды лепш побач з бацькам, для якога адпачынак наступіць толькі, калі завершацца ўсе работы ў полі. А ёй, студэнтцы сталічнай ВНУ, цяпер вельмі важна дапамагаць і проста адчуваць падтрымку таты:

— Мы ж цэлы год не бачымся, пакуль я ў Мінску вучуся ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, таму мне вельмі важна пабыць разам з ім. Мы пра рознае гаворым, але ж праца — у першую чаргу. Мае абавязкі — прыйсці раней за бацьку. Там, з боку камбайна, ёсць лючкі, іх адкрываю, чышчу, потым трэба заліць масла, прадзьмуць паветраны фільтр, праверыць, каб чыста ў кабіне было. Гэта не цяжка, калі захацець.

Памочнік камбайнера Вераніка Шкала.

Вераніка здавала на пасведчанне на права кіравання сельскагаспадарчай машынай яшчэ два гады таму, калі паступала ў ВНУ. І ўжо тады ведала, што будзе працаваць калі-нікалі ў полі. Нягледзячы на тое, што вучыцца дзяўчына на бухгалтара, гаворыць, што ў сям'і ўсе прывучаны да сельскагаспадарчых работ, якія трэба рабіць своечасова і якасна.

— Поле чакаць не будзе. Таму, пакуль ёсць што ўбіраць, выхадных дзён у нас не будзе. Я толькі першыя дні на жніве крыху гублялася. Аднак вакол столькі мужчын. Яны самі прыходзяць на дапамогу, калі трэба.

Валерый Шкала дачкой ганарыцца. Ён сам з самага маленства ў полі. Яшчэ ў школе вучыўся — дапамагаў на «Ніве». Сёння ў іх з дачкой — «КЗС-100» і справа, якая аб'ядноўвае.

У гэтай жа гаспадарцы працуе і Яўген Бурміч. Малады кіроўца першым у Ельскім раёне перавёз 1000 тон збожжа. Павіншаваць моладзь, а таксама выказаць падзяку бацькам за добрае выхаванне прыехалі прадстаўнікі БРСМ. Першы сакратар Гомельскага абласнога камітэта Ігар Завалей гаворыць, што сёння на палях вобласці працуе каля 100 маладзёжных экіпажаў, якія займаюцца ўборкай ураджаю:

— Больш за 100 маладых кіроўцаў таксама працуе на адвозе зерня. Мы ў гэты час імкнёмся асабліва падтрымаць маладых механізатараў. Выязджаем на палі, уручаем падарункі, выказваем удзячнасць бацькам. У момант уборачнай патрэбна дапамога сельгаспрадпрыемствам. Не хапае рук для ручной працы, тут школьнікі дапамагаюць. Ім важна зарабіць свой першы рубель і навучыцца працаваць.

У суседняй гаспадарцы КСУП «Скараднянскі» на двух камбайнах — дынастыя механізатараў Яцухнаў. На адным з іх — бацька са старэйшым Віктарам, на другім — сярэдні Максім з самай малодшай Ганнай. Максім убірае збожжа ўжо пяты сезон. Сёлета ўпершыню запрасіў памочнікам сястру. Яна, настаўнік малодшых класаў са светлагорскай школы, адразу ж згадзілася:

Максім і Ганна Яцухны і першы сакратар Гомельскага абласнога камітэта БРСМ Ігар Завалей.

— Два месяцы водпуску — занадта многа. Можна за гэты час скарыстацца шанцам і крыху падзарабіць. Чаму б і не? Мы дружныя ў сям'і, дружныя і на працы. Максім усёй механічнай часткай займаецца, а я адказваю за інструменты. Калі патрэбна, магу дапамагчы балты і гайкі круціць. Мне не складана з тэхнікай. Я з дзяцінства марыла атрымаць пасведчанне кіроўцы і атрымала яго. Камбайн — гэта ж машына, няхай і значна большая. Калі нешта не разумею — брат растлумачыць.

Максім гаворыць, што сястра — працаздольны памочнік і яму зручна з ёй:

— Мы добра спрацаваліся. Яшчэ крыху падвучу — і сама будзе руляваць.

Між тым маленькія вучні Ганны пакуль не ведаюць, што іх настаўніца можа не толькі растлумачваць, як прыгожа пісаць літары ці складаць лічбы, але і на «выдатна» спраўляецца з сельскагаспадарчай тэхнікай. Дзяўчына кажа: вернецца да школьнай дошкі — будзе расказваць малым і пра тое, як вырошчваецца ды ўбіраецца беларускі хлеб.

Васіль Касенка, дырэктар КСУП «Скараднянскі» лічыць, што сямейныя дынастыі на полі працуюць заўсёды добра:

— Ёсць сярод іх камбайнеры і кіроўцы. У сваякоў паміж сабой больш добразычлівыя ўзаемаадносіны і ўзаемападтрымка.

Згодна з аператыўнымі звесткамі, на Гомельшчыне на гэты час збожжа сабрана з 90% плошчаў. Чакаецца, што да 20 жніўня работы будуць завершаны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Новае пакаленне выбірае поле

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.