Вы тут

Змеі кусаюць, калі бачаць у нас агрэсара


Гэты жнівень ужо адзначыўся тым, што ў гарадах змеі пакусалі некалькі чалавек. Не стаў выключэннем і Мінск, дзе гадзюку ўбачылі нават на газавай пліце адной з кватэр звычайнай шматпавярхоўкі. Аднак сустрэць змяю ў такім доме — гэта вялікая рэдкасць. Куды большая верагоднасць знайсці нечаканы «сюрпрыз» у доме прыватным, бо рэптыліі трапіць туды значна прасцей.


Такі выпадак здарыўся ў пачатку жніўня ў Чэрвені. Гаспадыня прыйшла на кухню і ўбачыла, што там з'явілася непажаданая госця. Разлік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях тут жа выбыў на месца і злавіў змяю.

— Калі ў вас дома з'явіўся паўзун, то не трэба спрабаваць ад яго пазбавіцца самастойна — забіць кіем або каменем, — раіць афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Настасся Швайбовіч. — Змеі — жывёлы драпежныя і атакуюць тады, калі бачаць у вас пагрозу. Прычым хуткасць рэакцыі ў іх вельмі вялікая. Таму адзінае выйсце — гэта шчыльна зачыніць пакой, пакінуць дом і патэлефанаваць па нумары 101.

Болей за ўсіх церпяць ад небяспечных паўзуноў тыя, хто ходзіць у лес у ягады і грыбы. Яно і зразумела: заўважыць доўгую стужку ў зялёным хмызняку вельмі цяжка.

— Вось зараз у нас на лячэнні знаходзяцца дзве пацярпелыя ад рэптылій. І перадгісторыі ў іх аднолькавыя: пайшлі ў лес па грыбы-ягады і не заўважылі сярод зеляніны змяю. Часцей за ўсё змеі цэляць у рукі і ногі. Самымі небяспечнымі ўкусамі лічацца тыя, якія прыйшліся ў галаву і шыю, — кажа выконваючы абавязкі загадчыка таксікалагічнага аддзялення Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска Вольга Солтан. — Адметна, што да атруты гадзюкі дзеці і пажылыя людзі куды больш успрымальныя. Таксама ступень наступстваў укусу залежыць ад таго, наколькі моцны ў пацярпелага імунітэт. У сярэднім на стацыянарным лячэнні ў бальніцы пасля зубоў гадзюкі даводзіцца правесці ад 7 да 10 дзён. Яе атрута ўтрымлівае рэчывы, якія разбураюць сценкі крывяносных сасудаў і ўтвараюць у іх тромбы.

У Беларусі водзяцца тры віды змей. Самы мірны з іх — вуж. Ад чалавека ён заўжды імкнецца ўцячы. Аднак можа і ўкусіць — калі вы яго злавілі. Мядзянка звычайная сустракаецца даволі рэдка і занесена ў Чырвоную кнігу. Смяротна небяспечным яе ўкус не з'яўляецца, але ўрачу паказацца пасля яго ўсё ж трэба абавязкова. А вось гадзюка дастаўляе больш за ўсіх непрыемнасцяў. Больш за ўсё змеям падабаюцца месцы забалочаныя, дзе зацішна і шмат вады, а таксама хмызняку. Адсюль яны і паўзуць у населеныя пункты.

Адрозніць іх не складана. Цёмна-шэрая скура гадзюкі пакрыта светлым зігзагападобным узорам. Ён нечым падобны на пратэктары шын. Мядзянка мае карычневы колер. А вуж — шэры і з жоўтымі плямамі па баках галавы. Між іншым, вужы могуць пасяліцца і на прысядзібным участку. Яны хаваюцца ў смецці, дровах, камянях.

Калі вы ўбачылі змяю ў лесе, то не варта спрабаваць прагнаць яе. Яна палічыць вас за агрэсара і атакуе. Апранацца трэба так, каб максімальна абараніць ногі. Для гэтага лепш за ўсё падыдуць гумавыя боты. Але як быць з рукамі? У зімовых пальчатках у 25-градусную цеплыню хадзіць не будзеш. Таму лепш за ўсё абстукаць дарогу, тэрыторыю каля кусціка або месца, дзе збіраецеся прысесці, кіем. Гадзюкі дрэнна бачаць, але вібрацыю зямлі адчуваюць цудоўна.

Што ж рабіць, калі пазбегнуць зубоў паўзуна не атрымалася?

— Трэба выціснуць з месца ўкусу атруту і прамыць яго чыстай вадой, — раіць Вольга Солтан. — Апошнюю ў лесе знайсці не так проста, таму варта ўзяць яе з сабой. Для выціскання атруты лепш за ўсё падыдзе гумавая груша. А вось ужываць жгут мы не рэкамендуем. Дыскусійным з'яўляецца пытанне, ці варта спрабаваць высмактаць атруту. Справа ў тым, што яна вельмі добра ўсмоктваецца са слізістых абалонак у ротавай поласці. І да таго ж у вашага памочніка можа развіцца алергічная рэакцыя.

Пажадана з сабой у лес узяць чысты бінт. З яго можна будзе зрабіць павязку, каб рана не забруджвалася і не гнаілася. І неадкладна выклікайце хуткую дапамогу.

Чым хутчэй вы звернецеся да ўрачоў пасля ўкусу паўзуна, тым меншымі будуць яго наступствы. Нам даводзілася сутыкацца з вельмі безадказнымі паводзінамі. Пайшоў грыбнік у лес, яго там укусіла змяя. Ён вярнуўся дадому, сяк-так руку перавязаў, па дапамогу не звяртаўся. Думаў, усё пройдзе. А вось і не. Раніцай ён паступае да нас з ацёкам сінюшнага колеру на палову рукі, які моцна баліць. І калі не звярнуцца своечасова да медыкаў, то ўкус гадзюкі цалкам можа стаць фатальным...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пагроза наспявае ў цішыні

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.