Вы тут

Ратавальнік мяняе прафесію


— Мой адпачынак — гэта камбайн, — усміхаецца Генадзь Антонаў. — Магчыма, нехта скажа, — дзівак, а я працую і — адпачываю. Мне работа ў задавальненне.

Трымаць у руках штурвал камбайна для Генадзя звычайная справа. Усе 20 гадоў, што ратавальнік служыць ў МНС, ён дапамагае аграрыям убіраць хлеб. Прычым выключна ў вольны ад асноўнай работы час. Сельскай гаспадарцы ён прысвячае свой уласны водпуск.

На асноўнай рабоце заўсёды ідуць насустрач. Ведаюць, якой важнай справай займаецца іх баец. Летам кожны чалавек на ўліку, не да адпачынку. Але Антонаў — выключэнне. І жнівень заўсёды пакідаюць для яго.

Аграрыі таксама ведаюць, куды звяртацца, калі трэба дапамога. І гэтым разам не Антонаў шукаў работу, а яна знайшла яго. У гаспадарцы «Прывольны агра» з ратавальнікам супрацоўнічаюць ужо другі год. Вось і зараз патэлефанавалі, прапанавалі, і ён адразу ж адгукнуўся.


І для Сяргея Падачанкі (справа), і для Мікалая Лабачова жніво — вельмі адказная пара.

На «ўзбраенні» Генадзя Антонава камбайн «Палессе». На вуліцы спякота, але ўнутры машыны нават халаднавата. Ратавацца ад перагрэву дапамагае кандыцыянер. «Машына зроблена ў адпаведнасці з пажаданнямі тых, хто на ёй працуе», — усміхаецца суразмоўца.

Зарплата камбайнера-ратавальніка залежыць ад намалоту. Генадзь намалаціў 1300 тон збожжа, і па гаспадарцы гэта самы лепшы вынік. (А летась Антонаў быў па жніву другі ў раёне.)

Гэтыя рэкорды даюцца не так проста, часамі ў пяць гадзін раніцы прыходзілася быць на нагах. Лёгкі перакус і ў машыну — ад дома да гаспадаркі яшчэ 15 кіламетраў. Але ратавальнікі — людзі вынослівыя, усялякія выпрабаванні праходзілі. А для гаспадаркі такі работнік знаходка. Ён і на палетках пад нумарам адзін, і па пажарнай бяспецы можа слушную параду даць. Вада, вогнетушыцелі — усё павінна быць пад рукой. Сам камбайн ачышчаны ад смецця, падшыпнікі змазаны. Лепш папярэдзіць надзвычайнае здарэнне, чым пасля з ім змагацца.

Апошнія гектары збожжа былі зжаты ў «Прывольным агра» на мінулым тыдні. Убіраць прыходзілася ўсё — ячмень, пшаніцу, трыцікале. Цяпер камбайны пераарыентаваны на дапамогу насельніцтву.

У Вольгі Кананковай з Ганчароўкі ў гаспадарцы ёсць і парсючок, і кароўка, і птушка. Вось яна і папрасіла зжаць 30 сотак трыцікале. Для яе, работніцы гаспадаркі, сотка каштуе 30 капеек.

Марыя Іванаўна з гэтай жа вёскі звяртаецца па дапамогу ў гаспадарку не ўпершыню. Для пенсіянераў такія ж расцэнкі, як і для сваіх работнікаў. Жанчына задаволена і якасцю працы. Хлопцы ведаюць сваю справу, робяць яе хутка і акуратна.

Час на гадзінніку блізіцца да абеду. Праведаць бацьку завітаў 15-гадовы сын Антонава — Мікіта. Яму вельмі хочацца паназіраць, як ён працуе. У хлопца з дзяцінства цікавасць да тэхнікі, збіраецца пасля школы ісці ў тэхнічную ВНУ.

Хутка ратавальнік зможа ўздыхнуць з палёгкай і некалькі дзён пабыць з сям'ёй. А то 4-гадовая дачка пачала ўжо сумаваць без таты. У планах — з'ездзіць у заапарк, на лінію Сталіна.

На палетках жніво скончылася, цяпер чарга за агародамі.

Дарэчы, Генадзь Антонаў не адзіны ад ратавальнікаў дапамагае нарыхтоўваць ураджай. Мікалай Лабачоў таксама ў адпачынку і таксама правёў яго на перадавой жніва. Яго працоўныя рукі былі запатрабаваны ў гаспадарцы «Жалезенскі агра», дзе Мікалай займаўся адвозкай збожжа. Слаўгарадскім аграгаспадаркам дапамагае не першы год, нават быў аднойчы памочнікам камбайнера ў свайго калегі Генадзя Антонава. Вось і сёлетні «адпачынак» праляцеў непрыкметна. А сёмай раніцы прыходзілася быць на машынным двары, а дадому пакуль дабярэшся, ужо цёмна. Але на цяжкасці работы, як і яго таварыш па службе, не наракае. Маўляў, нармальная працоўная абстаноўка. Хоць і не хавае, што ў спякотныя жнівеньскія дні кіроўцам даводзіцца нават складаней, чым камбайнерам. Бо ў кабіне камбайна ёсць кандыцыянер, а ў грузавіку яго няма. І калі на вуліцы вышэй за 30 градусаў, унутры машыны сапраўдная парылка.

— Мы людзі звыклыя, — паціскае плячыма Мікалай Лабачоў. — Адкрываю фортачкі, п'ю ваду, тым і ратуюся ад спякоты.

Збожжа Мікалай вазіў на збожжаток у Лапацічы, да якіх каля 15 кіламетраў. Перарыў толькі на абед. Паўгадзіны адпачыў і зноў за руль. Ад колькасці рэйсаў залежаў і заробак. А грошы для сям'і не лішнія. Улічваючы, што старэйшая дачка сёлета паступіла ў гомельскую ВНУ. Ды і другую дачку трэба да школы падрыхтаваць.

— Для нас вялікі гонар, што нашы работнікі таксама зрабілі ўнёсак у агульны дзяржаўны каравай, — кажа намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Слаўгарадскага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Падачанка. — І тое, што яны прысвяцілі свой адпачынак такой важнай справе, дастойна толькі павагі. Адразу бачна, што ў нашых радах служаць людзі сур'ёзныя і дысцыплінаваныя. Ну а нам было больш спакойна за ход жніва, бо нашы прадстаўнікі — людзі вопытныя, і як спецыялісты маглі нешта падказаць па супрацьпажарнай бяспецы кіраўніцтву гаспадаркі, а таварышам па жніве нагадаць пра пярвічныя сродкі пажаратушэння.

Дарэчы, па звестках Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС, удзел у жніве-2017 прыняло 14 чалавек, з якіх шэсць працавалі камбайнерамі, чатыры — памочнікамі, адзін — кіроўцам і тры — на зернесушыльных комплексах.

Мікіту цікава, як працуе бацька.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».