Высокае некалі было раённым цэнтрам. Адгалоскі таго становішча захаваліся да гэтай пары. Так, філіял «Высокаўскі» Камянецкай ЖКГ абслугоўвае фактычна паўраёна — як тут кажуць, усю «высокаўскую зону».
Сёння названы філіял уяўляе сабой шматгаліновае прадпрыемства з аб'ектамі ў Высокім, вёсках Абяроўшчыне, Расне, Макараве, Воўчыне, Пагранічнай. Калектыў у паўтары сотні чалавек абслугоўвае кацельныя і водазаборы, жыллёвы фонд, падтрымлівае стан дзясяткаў кіламетраў дарог, займаецца добраўпарадкаваннем населеных пунктаў, а таксама гарадскога сквера, палацава-паркавага ансамбля Патоцкіх і іншых аб'ектаў.
Усе кірункі работы камунальнікаў важныя для жыцця людзей. Але добраўпарадкаванне — тое, што заўсёды навідавоку, што перыядычна выклікае як удзячнасць, так і нараканні. Майстар участка добраўпарадкавання Вольга ШАМЕЦЬКА паказвае сваю гаспадарку. У цэнтральным гарадскім скверы шмат кветак. Сквер нядаўна атрымаў літаральна новае аблічча. Закладзены адразу пасля вайны, ён даўно ўжо «прасіў» перамен. І вось правялі рэканструкцыю, якая абышлася ў шэсць мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Амаль усе дрэвы захавалі, але з'явіліся новыя дарожкі, абсталяваная дзіцячая пляцоўка. А кавалі-прадпрымальнікі падарылі гораду эксклюзіўныя лаўкі з каваным аздабленнем — цяпер асабліва прыемна пасядзець у цяньку. Сквер стаў прыгожы, што і казаць. Чысціню і парадак тут штодня падтрымлівае дворнік Алена Торхава. Яе мы і засталі за работай — Алена Іосіфаўна прыбірала апалае лісце, якое нагадвала пра хуткую восень.
Вольга Шамецька расказала, што зараз на ўчастку ў яе занятыя шэсць дворнікаў і два рабочых па азеляненні. Аднаго з іх мы засталі за скошваннем травы вакол агароджы галоўнай славутасці Высокага — палацава-паркавага ансамбля. «У парку, вядома, варта было б мець асобнага рабочага, — разважае майстар па добраўпарадкаванні. — Але пакуль такой адзінкі ў штаце няма. А пасля кожнага са шматлікіх мерапрыемстваў, якія праводзіць горад на тэрыторыі старадаўняга парку, раніцай наступнага дня на ўборку выходзім усім цэхам».
Яшчэ адну вялікую работу нядаўна закончылі па добраўпарадкаванні могілак. Усяго на балансе Высокаўскага філіяла ЖКГ значыцца дзевяць могілак раёна. У Высокім іх двое, так званыя старыя і новыя. Дык вось на старых могілках даўняй праблемай сталі дрэвы. Некаторыя з іх знаходзіліся ў аварыйным стане, здаралася, падалі, разбівалі помнікі. За апошнія два гады тут было прыбрана больш за 150 дрэў. Грошы на паслугі прамысловых альпіністаў сабралі гараджане. Спецыялісты зрэзалі дрэвы. Усё астатняе рабілі камунальнікі, маецца на ўвазе, збіралі і вывозілі драўніну з тэрыторыі, прыбіралі галіны і смецце. Цяпер могілкі выглядаюць акуратнымі і дагледжанымі.
— Добраўпарадкаванне — гэта штодзённая малапрыкметная работа, — разважае Вольга Шамецька. — Але любыя недапрацоўкі альбо хібы людзі прыкмячаюць адразу. Таму скаргі альбо нараканні для нас не рэдкасць. Стараемся правільна рэагаваць і выпраўляць памылкі. Хацелася б, каб і грамадзяне праяўлялі пэўную свядомасць. На шчасце, такіх большасць... Але здараецца, пасадзіш кветкі ў рэканструяваным скверы, а іх украдуць. У парку аднойчы новыя сметніцы ўкралі. Праўда, міліцыя знайшла злодзея, пазней ён кампенсаваў страты. Добра было б, каб пра парадак навокал хоць крышачку клапаціліся ўсе, — агучвае пажаданне-мару майстар участка.
Тым больш, што апошнім часам у Высокім зроблена вельмі многа для паляпшэння якасці жыцця. Старшыня Высокаўскага гарадскога Савета дэпутатаў Мікалай САЧЫК расказаў, што раней ва ўсходняй частцы горада наогул не было каналізацыі. І вось праект па пракладцы адпаведных сетак фактычна завершаны. Яго ажыццяўленне стала магчымым дзякуючы гранту — большая частка фінансавання ішла па лініі тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза.
— Дакументы на ўдзел у названым праекце мы распрацоўвалі разам з польскімі суседзямі, — гаворыць кіраўнік самага заходняга горада Беларусі. — Супрацоўніцтва аказалася плённым. Камянецкая ЖКГ, Высокаўскі гарвыканкам разам з гмінай Чаромха распрацавалі сумесны праект на будаўніцтва станцыі другога пад'ёму і дадатковай ачысткі вады на водазаборы «Пеначка». Гэта павінна палепшыць якасць вады. Другі праект з гэтай жа гмінай датычыцца рэканструкцыі праезнай часткі па вуліцах Свярдлова, Заслонава, Бальнічнай і шэрагу іншых. З польскай гмінай Мельнік мы распрацавалі праект па добраўпарадкаванні палацава-паркавага ансамбля Патоцкіх. Работы ў парку вядуцца некалькі гадоў. Мы за свае сродкі прывялі ў парадак стадыён, узвялі новую лесвіцу, расчысцілі некаторыя алеі, падсыпалі дарожкі. А з дапамогай сродкаў ЕС была рэканструяваная сцяна-агароджа вакол парку. Але работы там яшчэ вельмі многа. І калі атрымаецца выйграць грант, у парку паявяцца прыгожыя дарожкі, утульныя зоны адпачынку.
Цяпер высокаўскія камунальнікі, як і іншыя іх калегі, пачынаюць падрыхтоўку да зімы. Большасць кацельных працуе на мясцовых відах паліва. Адказваючы на пытанне, як праходзіць рэфармаванне жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў асобна ўзятым падраздзяленні, супрацоўнікі прадпрыемства былі асцярожныя ў высновах: «Пакуль прыкметныя толькі асобныя крокі па аптымізацыі колькасці работнікаў. Раней было больш дворнікаў і адзін работнік па азеляненні, цяпер названых работнікаў два, а вось дворнікаў стала менш», — адзначыла Вольга Шамецька. А старшы майстар кацельнай гаспадаркі Таццяна Рагальчук заўважыла, што раней у яе падраздзяленні працавала сем слесараў, цяпер — адзін: «Пакуль спраўляемся, як будзе далей, пакажа час». Адным словам, аптымізацыя працягваецца.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Камянецкі раён
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.