Вы тут

Час змяняць стэрэатыпы ў сістэме ЖКГ


Пра ваду, смецце і цяпло па справядлівых тарыфах з улікам экалогіі, клімату і геаграфіі размаўлялі ўдзельнікі пашыранага пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі і Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання ў прысутнасці (па відэасувязі) кіраўніцтва усіх абласцей Беларусі. Важнасць дасканалай работы і далейшага развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны зразумелая кожнаму чалавеку. Пры гэтым сістэма ЖКГ знаходзіцца на стыку ўсіх галін эканомікі і непасрэдна інтарэсаў насельніцтва, на яе ўскладзены неапраўдана высокія чаканні з боку грамадства і расходы, якія камунальнікам прыходзіцца несці, выконваючы не толькі свае, а і шэраг не ўласцівых ім абавязкаў і функцый. На пасяджэнні пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча спецыялісты разгледзелі шэраг праблем і прапанавалі дзеянні для ўдасканалення заканадаўчай базы, якая датычыцца камунальнай гаспадаркі. Сёлета, у прыватнасці, запланавана карэкціроўка Жыллёвага кодэкса Беларусі і Закона «Аб пітным водазабеспячэнні».


Пітную ваду — абезжалезваць

Дзяржпраграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» прадугледжвае, што да 2020 года якасную пітную ваду будуць атрымліваць 100% карыстальнікаў.

Разам з тым 18,4% крыніц вады маюць павышанае ўтрыманне жалеза, а станцыямі абезжалезвання краіна забяспечана толькі на 42%. Каля чвэрці крыніц нецэнтралізаванага водазабеспячэння (у асноўным, у невялікіх населеных пунктах) не адпавядаюць патрабаванням па ўтрыманні ў вадзе нітратаў, а значыць — небяспечныя для карыстання.

— Каб палепшыць сітуацыю з утрыманнем у вадзе жалеза, у краіне трэба збудаваць крыху больш за 500 станцый абезжалезвання вады. Сёлета ў межах супрацоўніцтва з Сусветным банкам ужо распачата будаўніцтва 20 такіх станцый. З Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця адпрацавана пытанне будаўніцтва станцый першапачаткова ў Віцебскай вобласці (пры гэтым патрэбнасці вобласці поўнасцю будуць забяспечаны ўжо ў 2019-м), — пракаменціраваў сітуацыю Аляксандр ЦЕРАХАЎ, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі. — Эксперыментальны праект будзе пашыраны на ўсю краіну. Аднак адказнасць за гэтую сферу ляжыць на мясцовых органах улады, а паколькі за мінулы год уведзена усяго 13 станцый, бачна, што работа вядзецца недастатковая.

Міністр перакананы, што прыняцце сёлета Закона «Аб пітным водазабеспячэнні» павінна даць насельніцтву дадатковыя гарантыі ў гэтым пытанні. Ён акцэнтаваў увагу і на праблеме ачысткі сцёкавых водаў у краіне.

Летась, дарэчы, было ўведзена дзевяць новых ачышчальных збудаванняў і 127 каналізацыйных помпавых станцый, але гэтага недастаткова. 13% з дзеючых помпавых станцый зношаны на 100%. Па дамоўленасці з Сусветным банкам ЖКГ можа атрымаць каля 40 млн долараў, што дазволіць зменшыць колькасць поўнасцю зношаных ачышчальных збудаванняў.

Ія МАЛКІНА, выконваючая абавязкі міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, занепакоена станам аховы водных рэсурсаў, у тым ліку адвядзеннем гарадскіх сцёкавых водаў у навакольнае асяроддзе:

— Сёння назіраецца тэндэнцыя да росту аб'ёму паступлення недастаткова ачышчаных сцёкавых водаў у паверхневыя водныя аб'екты — за апошнія тры гады ён павялічыўся ў 2,5 раза і склаў летась 8,8 млн м3. У большасці выпадкаў гэта звязана або з неэфектыўнай работай камунальных ачышчальных збудаванняў сцёкавых водаў, якія ўзнікаюць з-за парушэння правілаў тэхнічнай эксплуатацыі, або з іх нездавальняючым станам і недасканаласцю прынятых тэхнічных рашэнняў пры будаўніцтве. Асабліва неэфектыўна ачышчальныя збудаванні працуюць у Мсціславе, Шклове, Браславе, Рагачове, Фаніпалі, Лагойску і іншых гарадах.

На думку Іі Малкінай, такая неэфектыўная работа абумоўлена не толькі тэхнічным станам, але і непрытрымліваннем умоў прыёму прамысловых сцёкавых водаў у сістэму камунальнай каналізацыі. Яна прапанавала замацаваць у нарматыўных актах дакладны дыяпазон дапушчальных паказчыкаў шкодных рэчываў у складзе сцёкавых водаў, якія ўстанаўліваюць мясцовыя органы пры прыёме прамысловых водаў у сістэму каналізацыі. А таксама ўнесці ў склад правілаў карыстання цэнтралізаванымі сістэмамі водазабеспячэння, водаадвядзення і каналізацыі ў населеных пунктах пералік вытворчых працэсаў, пры ажыццяўленні якіх абанент абавязаны мець лакальныя ачышчальныя збудаванні. Пры гэтым дабіцца рэалізацыі гэтай нормы трэба на працягу наступных дзесяці гадоў.

Што датычыцца тарыфнай палітыкі ў галіне водазабеспячэння і водаадвядзення, то тут неабходна далейшае паэтапнае скарачэнне перакрыжаванага субсідзіравання з улікам плануемага росту рэальных даходаў насельніцтва і сістэмы адрасных датацый асобным катэгорыям, лічыць Ія Малкіна. У працэсе здабычы і падрыхтоўкі вады, улічваючы яе экалагічную і сацыяльную значнасць, важнае значэнне мае кошт гэтай вады.

Спажывец павінен купляць ваду па рэальнай рыначнай цане. Гэта дазволіць закласці асновы ўстойлівага развіцця водагаспадарчага сектара эканомікі і мець рэальны кошт вады як рэсурсу для развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

Іван ВЕЖНАВЕЦ, намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі, акрамя таго, дадаў:

— Што датычыцца тарыфаў за ваду для насельніцтва, мы не можам устанавіць іх рознымі ў залежнасці ад месцазнаходжання, хоць затраты на яе падрыхтоўку і здабычу адрозніваюцца па краіне. Неабходна ўзбуйніць арганізацыі, якія аказваюць паслугі па водазабеспячэнні, каб фінансавыя страты адной станцыі кампенсаваліся за кошт прыбытку другой.

Для вырашэння «воднага пытання» існуе меркаванне аб неабходнасці стварэння нават асобнага дэпартамента па водазабеспячэнні і водаадвядзенні ў сістэме Мінпрыроды, заўважыў Міхаіл Мясніковіч.

Стымул для «якаснага» смецця

У Беларусі ў пачатку 2017 года функцыянавала 168 палігонаў і 1456 міні-палігонаў у сельскай мясцовасці. Павялічваецца ахоп насельніцтва паслугай цэнтралізаванага вывазу адходаў і раздзельнага збору смецця, але гэта павінна суправаджацца больш гібкай сістэмай цэнаўтварэння.

Цяперашняя сістэма цэнаўтварэння заблытаная і мае шэраг пралазаў, дзякуючы якім можна маніпуляваць коштам. Таму Міністэрства ЖКГ падрыхтавала праект, які спросціць цэнаўтварэнне па згаданай паслузе.

Гаворачы пра рост узроўню выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў і павышэнне колькасці атрыманых з іх другасных матэрыяльных рэсурсаў, міністр ЖКГ заўважыў, што «ўжо два гады, як мы завязлі на лічбе 600 тон, і, напэўна, без увядзення новых аб'ектаў і падыходаў у сістэме наўрад ці ўдасца гэту лічбу змяніць».

Нездавальняючая сістэма кантролю за прыёмам смецця на палігонах — адна з галоўных праблем у гэтым кірунку, мяркуюць спецыялісты. Хвалюе іх таксама пытанне справядлівага кошту і тарыфікацыі ў смеццевай сферы.

Сістэма аплаты паслуг па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі не адпавядае тым затратам, што неабходны для яе арганізацыі, у тым ліку пры атрыманні другасных рэсурсаў. Плата за абыходжанне з цвёрдымі адходамі (уборка, сарціроўка, выкарыстанне, захаванне) разлічваецца па субсідзіруемых тарыфах для насельніцтва, зыходзячы з нарматыву стварэння адходаў, які зацвярджаецца выканкамамі ў залежнасці ад колькасці зарэгістраваных жыхароў.

Гэта значыць, што жыхары плацяць зыходзячы не з фактычнай колькасці адходаў, а з нормаў смецценакаплення на чалавека, выказалася Ія Малкіна:

— Па сутнасці, атрымліваецца ланцужок: чым больш ЖКГ вывезла і захавала смецця, тым больш будзе мець датацый з бюджэту. Гэта не спрыяе зацікаўленасці ў здабыванні другасных рэсурсаў з адходаў, і грамадзяне таксама не вельмі імкнуцца да раздзельнага збору смецця. Каб стымуляваць іх да гэтага, неабходны дыферэнцыяваны памер тарыфаў на камунальныя паслугі па зборы і вывазе смецця ў залежнасці ад ступені здабывання з яго другасных рэсурсаў і небяспечных адходаў і самога складу камунальных адходаў.

Аператар другасных рэсурсаў выплачвае юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам кампенсацыю за збор на тэрыторыі Беларусі адходаў упакоўкі і шкляной тары. Памер кампенсацыі ўстаноўлены для канкрэтнага наймення тавару без уліку механізма збору другасных рэсурсаў. Але ж адна справа, калі яны адразу сабраныя паасобку, а іншая — калі іх прывезлі ў складзе іншых адходаў на сартаравальную станцыю і здабываюць уручную.

— Наспела неабходнасць унясення змен у інструкцыю аб парадку выплаты кампенсацыі юрыдычным асобам і ІП расходаў па зборы на тэрыторыі краіны адходаў тавараў і адходаў упакоўкі, шматабаротнай шкляной упакоўкі, якая зацвярджаецца Мінжылкамгасам, — заўважыла Ія Малкіна.

Эканомія цяпла і захаванне жылля

Выпрацоўка цеплаэнергіі — не толькі самая затратная паслуга для прадпрыемстваў ЖКГ, але і самая важкая графа для спажыўца пры аплаце «камуналкі». З гэтай нагоды пошук шляхоў зніжэння яе сабекошту — прыярытэтная задача ўсіх камунальных ведамстваў.

А сабекошт цеплаэнергіі па-ранейшаму застаецца даволі высокі. Гэта адбываецца праз эксплуатацыю неэфектыўнага кацельнага абсталявання, выкарыстанне ручной працы, вялікую працягласць цепласетак.

1,5 тысячы кацельных, якія засталіся без змен, цягнуць гаспадарку ўніз. На перавод іх на мясцовыя віды паліва патрэбна каля 300 млн рублёў, аднак гэта разумны ўклад сродкаў, і тэрмін акупнасці ў цэлым па ўсіх мерапрыемствах складзе не больш за пяць гадоў.

Увага ўдзяляецца і прымяненню сучасных інавацыйных тэхналогій. Асвоена ўласная вытворчасць цеплавых утылізатараў дымавых газаў кандэнсацыйнага тыпу, эфектыўнасць якіх пацверджана паказчыкамі, дасягнутымі ў працэсе эксплуатацыі на кацельнай у Віцебску. У выніку расход паліва на вытворчасць цеплаэнергіі ўдалося паменшыць, а ККД катла павялічыць амаль на 8%, сабекошт цеплаэнергіі знізіўся на 10 рублёў. На думку міністра ЖКГ, такімі ўтылізатарамі павінны быць абсталяваны ўсе новыя і мадэрнізуемыя кацельныя.

Сёння Мінжылкамгас распрацоўвае праект, які павінен стымуляваць грамадзян да эканомнага расходу цеплавой энергіі. Прадугледжаны таксама шэраг мерапрыемстваў, якія дазволяць знізіць расходы. Гэта ліквідацыя неэфектыўных цеплакрыніц, пераход на мясцовыя віды паліва, выкарыстанне фрэзернага торфу (на ім атрымліваецца самая танная энергія). Выконваецца і дэцэнтралізацыя сістэм цеплазабеспячэння, калі неэфектыўныя жылыя дамы адключаюць ад цеплатрас і пераводзяць іх на самастойнае цеплазабеспячэнне. Уласнікі такім чынам атрымліваюць выгаду, бо могуць пачынаць і заканчваць ацяпляльны сезон па ўласным жаданні.

Камунальнікам, дарэчы, удалося захаваць жыллёвы фонд краіны і не дапусціць павелічэння састарэлага і аварыйнага жылля. Колькасць такога складае менш за 0,1% ад плошчы ўсіх эксплуатуемых дамоў. Аварыйнага жылля ў краіне крыху больш за 65 тысяч м2, а састарэлага — 178 тыс. м2. Па тэхнічным абслугоўванні сёння распрацаваны тэхналагічныя карты, якія датычацца індывідуальна кожнага жылога дома, вызначаны і распрацаваны пералік відаў работ, якія арганізацыя абавязкова павінна выконваць. Сачыць за выкананнем павінна служба заказчыка. У яе задачы ўваходзіць ахова правоў спажыўца і садзейнічанне стварэнню сучаснага ўважлівага падыходу да кожнага.

— Час мяняць стэрэатыпы, што спажывец — гэта прасіцель, скаржнік ці проста плацельшчык. Насамрэч гэта кліент, якому патрабуюцца паважлівыя адносіны і ўвага. Рашэнні павінны быць скіраваны на забеспячэнне яго правоў і патрэбнасцяў, — заўважыў Аляксандр Церахаў. І падкрэсліў, што прыярытэтнай задачай галіны ЖКГ застаецца работа па зніжэнню затрат і вызначэнню аптымальнага, справядлівага кошту, дзе будзе захаваны баланс цаны без страты якасці.

Аляксандр ЦЕРАХАЎ:

— Мы меркавалі, што служба заказчыка зоймецца работай з насельніцтвам, аднак паспрабаваўшы на Мінску новую сістэму аховы правоў спажыўцоў у асобе дзяржаўнага заказчыка, мы, на жаль, не дабіліся ад яе 100-працэнтнага выканання абавязкаў, як таго патрабуе час. Служба заказчыка дагэтуль адчувае не столькі адказнасць перад насельніцтвам, колькі азадачана фінансавым здароўем выканаўцаў, падрадчыкаў, жыллёва-эксплуатацыйных арганізацый. Лічу, задача наша — стварыць эфектыўную канкурэнтаздольную сістэму кіравання ЖКГ, дзе чалавек будзе ў цэнтры паслугі, а арганізацыі, якія іх аказваюць, будуць накіраваны на задавальненне яго патрэб.

Ія МАЛКІНА:

— Прынцып «забруджвальнік плаціць» на практыцы стаў неэфектыўным. Неабходны пераход на ўплату экалагічнага падатку ў залежнасці ад масы скідвання забруджвальных рэчываў у складзе сцёкавых водаў. Павінна быць распрацавана стратэгія кіравання воднымі рэсурсамі ва ўмовах клімату, які змяняецца, на перыяд да 2030 года.

Міхаіл Мясніковіч:

— Тэма ЖКГ вельмі няпростая і комплексная. Бытуе меркаванне, што ЖКГ — гэта толькі тарыфы, аднак нельга скаціцца да разгляду пытання выключна па прынцыпе «больш-менш». Тарыфы — гэта выніковы паказчык, які фарміруецца комплексам эканамічных, навуковых, тэхнічных, арганізацыйна-кадравых, нарматыўна-прававых умоў, і ўсё гэта трэба ўлічваць. Прысутным кіраўнікам пры падрыхтоўцы матэрыялаў да нарады з удзелам Прэзідэнта, што адбудзецца ў верасні, трэба абавязкова ўлічваць гэты комплексны падыход.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Спажывец — не скаржнік, а кліент

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.