Вы тут

Дачка вучня Шагала пабывала на яго радзіме


«Звязда» працягвае цыкл публікацый, прысвечаных 130-й гадавіне з дня нараджэння сусветна вядомага мастака. На радзіме Шагала пабывала дачка яго вучня, які пачаў вучобу ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы ва ўзросце 10 гадоў. Калі вырас, стаў скульптарам. У інтэрнэце інфармацыі пра яго няшмат. Такім чынам, успаміны дачкі вельмі каштоўныя.


Ды­рэк­тар Му­зея Мар­ка Ша­га­ла Іры­на Во­ра­на­ва (зле­ва) і Ген­ры­е­та Амі­ці­на.

Спакушэнне мастацтвам

Генрыета Аміціна нарадзілася ў Петраградзе, шмат гадоў жыве ў ЗША. Прыязджала ў Віцебск, каб удзельнічаць у «шагалаўскіх чытаннях». Пераадолела вялікую адлегласць, каб пабываць на радзіме бацькі.

— Тата Барыс Іосіфавіч Шалюцін нарадзіўся ў Віцебску 21 лістапада 1908 года. Яго бацькі здымалі жыллё ў бацькоў Шагала да 1922 года. Мая бабуля была не вельмі высокай думкі пра Марка Захаравіча. І ў першую чаргу з-за таго, што Шагал «спакушаў» маленькага Барыса стаць мастаком, бо лічыў таленавітым. Яе літаральна прыводзіла ў шаленства, калі Шагал праходзіў міма. А пасля шлюбу мастака з Бэлай бабуля ўголас разважала: «Як магла такая прыгожая і добрая дзяўчына з прыстойнай сям'і выйсці за такога беднага чалавека?» — згадвае госця з Амерыкі.

Яе дзядуля таксама, мякка кажучы, не вельмі шанаваў Шагала. У Барыса былі два браты: 1905 і 1914 гадоў нараджэння. Старэйшы захапляўся тэхнікай і ўсё жыццё прапрацаваў электрыкам на Кіраўскім заводзе ў Ленінградзе. Малодшы знік без вестак у пачатку вайны. Яны не цікавіліся маляваннем.

— Тата пачаў вельмі рана маляваць. Паколькі бацькі не заахвочвалі гэты занятак, маляваў дзе прыходзілася,  нават на платах. У кінафільме «Шагал — Малевіч» рэжысёра Аляксандра Міты сярод герояў ёсць падлетак, які маляваў на агароджах. Правобразам стаў татачка. Я пра гэта расказала рэжысёру ў тэлефоннай размове, — дадае Генрыета Аміціна.

У вучылішчы Барыс займаўся ў майстэрні славутага графіка, скульптара, вучня Пэна — Давіда Якерсона. Быў яго падмайстрам і дапамагаў у арганізацыі выстаўкі. Ёсць фота, на якім Барыс у кампаніі знакамітых настаўнікаў.

Зварот да рэктара

Барыс Шалюцін з сябрам Робертам Таўрытам (адзін з будучых стваральнікаў скульптур Піскароўскага мемарыяла ў Ленінградзе) дрэнна напісалі дыктоўкі пры паступленні ў ленінградскую мастацкую акадэмію. А творчыя выпрабаванні пераадолелі паспяхова. Генрыета Аміціна знайшла цікавы дакумент: у заяве яе будучы тата і Роберт прасілі рэктара залічыць на вучобу, прасілі ўлічыць, што дрэнна ведаюць рускую мову, бо «нацмены».

— А праз гады Роберт стаў прафесарам акадэміі мастацтваў (смяецца). Вучыліся ў знакамітага скульптара Аляксандра Мацвеева.

У 1930-м Шалюцін скончыў вучобу і стаў прафесійным скульптарам. У 1934-м — членам саюза мастакоў. Вокны яго майстэрні выходзілі на бераг ракі Мойка. «Тата часта браў мяне ў майстэрню, даваў аловак і паперу, гліну і глядзеў, што з мяне можа атрымацца. Калі бачыў, расчароўваўся», — працягвае дачка скульптара.

Барыс і Роберт сябравалі ўсё жыццё. Іх дзеці былі аднагодкі. Перад навагоднім святам таты ляпілі цацкі, каб павесіць на ёлку. Барыс рабіў скульптуры са снегу насупраць кінатэатра і ў двары. Потым іх залівалі вадой. Жылі небагата. Пакой быў падзелены шторай. Мэблі мінімум, як і адзення.

— Пры гэтым бацькі былі вельмі гасціннымі. Слухалі з сябрамі пласцінкі на патэфоне. Часта прыходзіў да нас вядомы піяніст Павел Серабракоў.

Гібель

Барыс Шалюцін удзельнічаў у фінскай кампаніі. Быў паранены ў шыю. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Генрыеце было ўсяго 6 гадоў. У 1942 годзе сям'ю эвакуіравалі на Урал. Скульптар там стаў старшынёй аддзялення саюза мастакоў. У наступным годзе для стварэння агітацыйных барэльефаў і плакатаў паехаў у Маскву.

— І дамогся пропуску ў блакадны Ленінград. На самалёце трапіў туды. Рабіў скульптуры герояў. У прыватнасці, легендарнага лётчыка Мікалая Світэнкі, Героя Савецкага Саюза. Той падарыў яму фота з надпісам: «Дарагому Барысу ад лётчыка...» Тата паспеў вылепіць яго з пластыліну, — расказвае дачка.

Праз некалькі дзён Барыс Шалюцін загінуў. Вяртаўся са Смольнага, з пасяджэння, якое было прысвечана падрыхтоўцы да святкавання 1 мая. Падчас артабстрэлу быў забіты ў раёне Неўскага праспекта. Па радыё паведамілі аб яго смерці. Па спецыяльным распараджэнні гарвыканкама скульптара пахавалі на Літаратарскіх мастках Волкаўскіх могілак. Там знайшлі вечны спакой вядомыя мастакі, музыканты, навукоўцы, грамадскія дзеячы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanski@zviazda.by

Загаловак у газеце: Самы юны вучань Майстра

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.